Экс-кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, затрыманыя ўвечары 19 снежня ў час масавай акцыі ў Мінску, знаходзяцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржбяспекі. Аб гэтым іх сваякам паведамілі 20 сьнежня прадстаўнікі КДБ.

У СІЗА КДБ знаходзяцца Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч. Пасля акцыі туды ж былі дастаўленыя Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, але іх адпусцілі 20 снежня.

У СІЗА КДБ таксама знаходзяцца жонка Саннікава журналістка Ірына Халіп, давераная асоба Някляева Аляксандр Фядута, кіраўнік штаба Рымашэўскага Павел Севярынец, рэдактар сайта «Хартыя’97» Наталля Радзіна.

У КДБ сітуацыю з затрыманымі не каментуюць.

Нагадаем, уначы 20 снежня ў эфіры тэлеканала АНТ генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што следства вызначыць адказнасць кожнага вінаватага ў беспарадках у Менску, і ў залежнасці ад гэтага будзе вырашацца пытанне аб прыцягненні іх да адказнасці.

У сваю чаргу міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў паведаміў аб завядзенні ў дачыненні арганізатараў несанкцыянаванай акцыі справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Яе максімальная санкцыя — 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?