Каля 200 чалавек сабраліся сёння вечарам ля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна на знак салідарнасці з затрыманымі 19 снежня.

Рыгор Кастусёў шукае у спісах свайго сына.

Мілінкевіч і Кастусёў заклікаюць да салідарнасці з затрыманымі.

Франак Вячорка спявае «Пагоню».

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў разгяняе акцыю.

Прыкладна за пятнаццаць хвілін да пачатку акцыі (17:45) да сцен ізалятара прыехаў былы кандыдат у прэзідэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які спрабаваў знайсці ў спісах затрыманых свайго сына Андрэя. Але сына ў спісах не аказалася.

Затым Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да прысутных з кароткім зваротам, у якім заявіў,

што цяпер галоўнае — салідарнасць з затрыманымі і падтрымка іх і іх сем’яў.

Мілінкевіч таксама заявіў, што рыхтуе зварот да лідараў еўрапейскіх краін з просьбай даць адэкватную ацэнку падзеям на плошчы Незалежнасці вечарам 19 снежня.

Пазней Рыгор Кастусёў паўтарыў сваё меркаванне, што правакацыі былі дапушчаныя прадстаўнікамі сілавых структур, унутраных, альбо замежных, а Лукашэнка пасля гэтага прыняў рашэнне аб разгоне акцыі.

Людзі стаялі некалькі групкамі, трымалі знічы і гукалі «Жыве Беларусь!». У дворыку стаялі тры аўтазакі і некалькі міліцэйскіх машын.

На акцыі прысутнічаў прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі, які адказваў на пытанні прысутных

Потым міліцыя звярнулася да людзей з настойлівай просьбай скончыць акцыю, пагражаючы санкцыямі.

Найбольш агрэсіўна паводзіў сябе, запалохваючы прысутных, намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў, які «праславіўся» тым, што збіў фотажурналіста Уладзя Грыдзіна.

Урэшце людзі адышлі ад сценаў, але засталіся непадалёк ад ізалятара, потым адбыўся імправізаваны салют — Франак Вячорка запусціў некалькі ракетаў.

Пасля акцыі быў на некаторы час затрыманы грамадскі актывіст Міхась Пашкевіч, прычым на Івана Шылу, які крочыў побач, нават не зірнулі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?