З журналісткай Ірынай Халіп, якая падазраецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня, сустрэўся яе адвакат Уладзімір Толсцік.

Сустрэча адбылася 21 снежня ў следчым ізалятары КДБ. Адвакат паведаміў БелаПАН толькі пра тое, што са здароўем у яго падабароннай усё ў парадку. Ад якіх-небудзь далейшых каментараў ён адмовіўся ў сувязі з падпіскай аб невыдаванні следства, якую ён даў.

Крыху больш Толсцік расказаў бацькам сваёй падабароннай. У прыватнасці, як паведаміў БелаПАН бацька Ірыны, кінадраматург Уладзімір Халіп, адвакат прысутнічаў на допыце яго дачкі, які доўжыўся чатыры гадзіны. «

Адвакат адзначыў, што ён бачыў шмат зламаных людзей, але Ірына паводзіла сябе вельмі годна і не зламалася»,
 — сказаў Халіп.

Кінадраматург таксама паведаміў, што 22 снежня ў СІЗА КДБ у іх з жонкай адмовіліся прыняць перадачу для дачкі (зубную шчотку і цёплыя рэчы), спаслаўшыся на тое, што яна знаходзіцца ў статусе затрыманай, а не арыштаванай.

Нагадаем, журналістка расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, праходзіць падазронай па крымінальнай справе аб масавых беспарадках ў дзень выбараў прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?