«Менскі форум» – найбуйнейшая штогадовая нямецка-беларуская сустрэча дыпляматаў, палітыкаў, бізнэсоўцаў і грамадзкіх дзеячоў. 9–11 лістапада форум прайшоў дзявяты раз у залі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў, сабраўшы больш за 300 удзельнікаў. Сёлетняя тэма: «Беларусь – суседзтва і транзыт у Эўропе: замежная палітыка, эканоміка, грамадзтва». Арганізавалі форум пасольства Нямеччыны, Нямецка-беларускае таварыства і нямецкі Фонд «Навука й палітыка».

Чарговы «Менскі форум» прайшоў небанальна. У паветры лунаў лёгкі подых няўпэўненасьці – паралельна ішлі маскоўскія перамовы Лукашэнкі з Пуціным. Ілюзіі, што «нафтагазавая» сустрэча будзе мець канкрэтны вынік, бадай, ні ў кога ня было. Але ўсе адчувалі: нешта пачынае пакрысе зьмяняцца. У які бок – невядома, але гэта яшчэ больш надавала інтрыгі. Ускосным доказам гэтаму была нязвыкла высокі працэнт удзельнікаў з буйнымі чырвона-зялёнымі значкамі на лацканах пінжакоў, якія ў кулюарах асьцярожна абміналі знаёмых інтэлектуалаў ды палітыкаў.

Абмен «камплімэнтамі»

Прысутнасьць на форуме старшыні палаты прадстаўнікоў і блізкага сябра А.Лукашэнкі Ўладзімера Канаплёва сталася сапраўдным сюрпрызам. Усе адчыталі гэта як сыгнал.

Нямецкія госьці мелі ня меншы калібр – генэральны сакратар нямецкай кансэрватыўнай партыі ХДС Рональд Пафаля ды кіраўніца парлямэнцкай групы «Нямеччына-Беларусь» Ута Цапф.

Першым слова трымаў старшыня аргкамітэту форуму, вядомы беларусіст, прафэсар Райнэр Лінднэр. Ён выказаў падзяку арганізатарам, а таксама жаль, што ня могуць прысутнічаць у залі ўдзельнікі мінулых форумаў – зьняволеныя Аляксандар Казулін, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, а таксама эўрадэпутаты ды журналісты, якім было адмоўлена ў візах.

Канаплёў выйшаў на трыбуну для вітаньня і распачаў маналёг пра падвойныя стандарты. «Размова зь Беларусьсю на мове санкцыяў і візавых абмежаваньняў – гэта проста сьмешна, – заявіў сьпікер. Але не забыўся падсаладзіць свае закіды абяцаньнем: «Імкненьне й жаданьне нашых партнэраў лепей зразумець палітычныя і эканамічныя працэсы ў Беларусі заўсёды знойдзе водгук».

Рэзкіх выпадаў у прамове Канаплёва не было, і сацыял-дэмакратка Ута Цапф прыняла гульню: яе выступ выйшаў адносна нэўтральным. А вось пад час прамовы Рональда Пафаля шэраг з чырвона-зялёнымі значкамі нэрвова закруціў галовамі, нібы шукаючы на падмогу амонаўцаў. Ня можа быць паправы адносінаў Беларусі зь Нямеччынай, пакуль у Беларусі парушаюцца асноўныя правы й свабоды, заявіў генсек ХДС. Ён распавёў пра сваю сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам і жонкай Казуліна, аб прэміі Сахарава, прысуджанай Эўрапарлямэнтам лідэру беларускіх дэмакратаў, аб асабістым вітаньні Мілінкевічу, якое ён прывёз ад Ангелы Мэркель. Прозьвішча Мілінкевіча прагучэла ў ягонай прамове восем разоў. Урэшце Пафаля паказаў кавалак Бэрлінскага муру як папярэджаньне тым, хто думае, што свабоду можна абмяжоўваць вечна.

Пасьля таго, як Пафаля сеў на месца ды воплескі сьціхлі, на трыбуну зноў, у парушэньне пратаколу, вылецеў Канаплёў, каб намаляваць уласную карціну Беларусі: «З суседзямі мы жывем у сяброўстве, у нас няма канфрантацыі паміж рознымі канфэсіямі, у нас жывуць дзясяткі нацыянальнасьцяў, і няхай гэта мусульмане, няхай габрэі, праваслаўныя ці каталікі, яны не падпальваюць дзясяткамі тысяч аўтамабілі, як гэта адбываецца ў Францыі, Нямеччыне».

Сьпікер пахваліў спадарыню Цапф: «Яна была заўжды да нас строгая, але аб’ектыўная, наколькі магла», а Пафалю назваў «чорным ястрабам». Упікнуў Канаплёў немцам і турмы ЦРУ ў Эўропе, і 20-адсоткавае беспрацоўе, і «ядравыя боегалоўкі з абагачаным уранам», якімі бамбілі Югаславію, і Ірак. «Займайцеся сваімі праблемамі, а мы можам чымсьці памагчы ў іх рашэньні», – пад сьмех у залі прапанаваў беларускі сьпікер і, пажадаўшы форуму канструктыўнае працы і папрасіўшы прабачэньня за занятасьць, пакінуў залю, ледзь разьмінуўшыся ў дзьвярах з масіўным Калякіным.

Асьцярожныя ўдзельнікі

Наступны дзень удзельнікі форуму працавалі ў трох групах – палітыка, гаспадарка ды грамадзтва. Калі ў першай групе абмяркоўвалі закарэлыя палітычныя мазалі, дык у групе гаспадаркі гаворка так ці іначай круцілася вакол энэргетыкі.

У гэты ж час ішлі перамовы Пуціна ды Лукашэнкі, таму чыноўнікі былі надзвычай стрыманыя ў сваіх ацэнках што да энэргетычных праблемаў. А экспэрты падлічвалі, які шок перажыве Беларусь у выніку падвышэньня цэнаў на газ, і ці будзе той шок увогуле. У групе, дзе абмяркоўваліся грамадзкія праблемы, вялося пра даволі жывое беларуска-нямецкае супрацоўніцтва на ўзроўні маленькіх ініцыятываў і амаль поўны застой на ўзроўні буйных праектаў.

Сярод палітыкаў заўважна задавалі тон нямецкія кансэрватары ды лібэралы. Галоўныя адметнасьці іх пазыцыі: жорсткая пазыцыя ў асноўных беларускіх палітычных праблемах ды асьцярожнае стаўленьне да Расеі зь яе «кіраванай дэмакратыяй». Але сьмела прамаўлялі ў асноўным менавіта палітыкі. А вось нямецкія грамадзкія актывісты, якія стала працуюць у Беларусі, асьцярожнічалі. Тыя-іншыя ажно рассыпаліся ў рэвэрансах на бок уладаў, калі тыя згаджаюцца супрацоўнічаць з заходнімі ініцыятывамі хаця б на мінімальным узроўні. Многія нямецкія госьці ўвогуле пабойваліся занадта «сьвяціцца», улічваючы рэальную пэрспэктыву трапіць у сьпісы «неўязных» у Беларусь. Хтосьці зь іх стварае праект дапамогі чарнобыльскім дзецям, іншы піша навуковую працу ці проста езьдзіць сюды да сяброў на вакацыі. У прыватных размовах яны кажуць, што спачуваюць праблемам незалежнага грамадзтва, але прылюдна не жадаюць атаясамлівацца з палітыкай. Запужаныя ня меней за беларусаў, яны цішком робяць сваю справу, адаптуючыся да ненармальных беларускіх умоваў.

Адзінае, што ўсе ўдзельнікі форуму (улучна са сьпікерам Канаплёвам) казалі ў адзін голас: адзіная Эўропа безь Беларусі будзе незавершанай. Вось толькі Беларусь гэтую кожны ўяўляе сабе па-рознаму.

Вынікі форуму

Сьпікер Канаплёў запатрабаваў ад форуму канкрэтыкі. Закіды ў адсутнасьці практычных вынікаў падобных сустрэчаў гучаць і зь іншага боку палітычных барыкадаў. Сапраўды, адзіным канкрэтным вынікам форуму можна лічыць хіба што падпісаньне многімі ягонымі дэлегатамі звароту ў Міністэрства інфармацыі і ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (ініцыятыва дэпутаткі Вольгі Абрамавай) з тым, каб урад паспрыяў дыялёгу паміж дыскрымінаванымі незалежнымі мэдыямі і структурамі накшталт «Белпошты» ды «Белсаюздруку», якія рэалізуюць забарону на распаўсюд вольнай прэсы.

Але карысьць ад форуму ёсьць, і гэта ня толькі гутаркі ды кантакты. Ва ўмовах, калі афіцыйныя кантакты Менску з заходнімі ўрадамі абмежаваныя, гэта адна з рэдкіх магчымасьцяў для абодвух бакоў пабачыць адзін аднаго твар у твар. Форум мае пэдагагічны ўплыў на чыноўнікаў, вырываючы іх на тры дні зь віртуальнага камфортнага псэўдасьвету. Гэта рэдкая магчымасьць пабачыць, як дэпутаты палаты прымушаюць залю сьмяяцца, заяўляючы, што «ў нашым парлямэньце прадстаўленыя ўсе палітычныя сілы краіны», і пачуць, як ім у твар рэжуць праўду-матку пра палітычных вязьняў і здушаныя мэдыі.

Форум таксама дапамагае зразумець, што прагматычна-цынічнае лобі, якое глядзіць на ўсход, не заўважаючы Беларусі, губляе ў нямецкім палітбамондзе пазыцыі на карысьць нямецкіх інтэлектуалаў, якія пусьцілі Беларусь ня толькі ў свой розум, але і ў сэрца. Доказ таму – фэерычнае сола на саксафоне ў выкананьні Райнэра Лінднэра, якім ён аздобіў кампазыцыю «Абсэнт» пад час канцэрту «Крамбамбулі». Калі беларуска-нямецкая публіка, паскідаўшы пінжакі, танчыць пад музыку Вольскага-Лінднэра, робіцца зразумела, што драбочкі беларускай рошчыны пакрысе робяць сваю справу і ў нямецкім цесьце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?