Я больш не магу толькі аналізаваць і разважаць.

1. Не магу

Усё, што адбываецца, заклікае да сумлення і сэрца, развага павінная саступіць душы і сумленню.

Нематываваная жорсткасць і подласць рэжыму выплюхнулася праз край.

На некалькі дзён краіна і нацыя абрынуліся ў варварства і дзікасць.

І найбольш абуральна тое, што гэтая жорсткасць і подласць — не спантанная рэакцыя на нейкія падзеі, а разважлівая і цынічная палітыка.

Можна растлумачыць дзеянні АМАПа падчас вострай сітуацыі на вуліцах. Можна зразумець запал людзей у форме і без формы ў бойцы, у спыненні беспарадкаў.

Але як зразумець і растлумачыць затрыманні і арышты невінаватых людзей у наступныя дні? Чым апраўданае ўтрыманне тых, хто не мае дачынення да беспарадкаў, у нечалавечых умовах — у машынах, у перапоўненых камерах?

Збітым 19 снежня балюча фізічна.

Вязням у турмах халодна, голадна і цесна.

Усім пакінутым на волі сорамна, зневажальна і моташна.

Нацыя прыніжаная!

Прыніжаная хлуснёй, здзекам з правоў чалавека, з закону і элементарных нормаў прыстойнасці.

Я таксама прыніжаны. Як усе.

2. Хлусня

Ніхто з тых, хто пайшоў на Плошчу, не рыхтаваў тэрактаў, пагромаў і вандалізму. НІХТО! Першым схлусіў Макей, заявіўшы, што рыхтуюцца пагромы і тэракты. Потым да гэтай хлусні падключыліся дзясяткі і сотні людзей. Гэта тыя, хто ў якасці правакатараў павёў людзей з адной плошчы на іншую па «зялёным калідоры».

Гэта тыя, хто падвёў да дзвярэй і вокнаў, падрыхтаваных да пагрому. Гэта тыя, хто ўзяў у рукі загадзя падрыхтаваныя рыдлёўкі і бярвёны, каб разбіць шкло. Гэта тыя, хто ў мікрааўтобус падкінуў бутэлькі, гранаты, балончыкі і арматуру. Гэта тыя, хто ў ціхіх кабінетах старанна падбіраў гэты рэквізіт, разліваў бензін у піўныя бутэлькі.

Гэта аператары, якія здымалі пастановачныя сцэны разбівання вокнаў. Гэта журналісты, якія паказваюць гэта ўсё ў эфіры і апісваюць гэта ў газетах. Гэта выкладчыкі і ідэолагі, якія пераказваюць усю гэтую хлусню ў працоўных калектывах і ў навучальных аўдыторыях. Гэта ілжэсведкі ў «судах», гэта самі суддзі.

Божа! Колькі людзей ўцягнута ў гэтую ману! Што адчуваюць усе гэтыя людзі? Як яны спалі гэтыя некалькі начэй?

А яшчэ сябры выбарчых камісій і паслужлівыя назіральнікі, якія не заўважаюць падтасовак у дзень выбараў.

Тысячы людзей вымушаныя паступаць несумленна. Вымушаныя? Ці яны робяць гэта добраахвотна?

Не хочацца думаць, што яны робяць гэта добраахвотна! Калі так думаць-то як жыць далей, калі гэтыя людзі будуць усюды: у школах, бальніцах, у супермаркетах? Бо давядзецца размаўляць з імі на бацькоўскіх сходах. Сустракацца з імі вачыма, займаючы месцы ў вагонах метро. Сутыкацца з імі ў турнікетах супермаркетаў і перакідацца ветлівымі фразамі. Як?

Рабіць выгляд, што ў жыцці краіны не было гэтых дзён? Забыцца аб прыніжэнні цэлай нацыі?

Не хочацца думаць, што добраахвотна хлусілі з экранаў тэлевізараў Раманчук і Дзмітрыеў. Інакш я не ведаю, як сябе паводзіць, калі мне давядзецца з імі сустрэцца!

Што гэта за харызма, што гэта за чорная воля — вымушаць тысячы людзей забыцца на сумленне і хлусіць? Сімуляваць пагром, падстаўляючы невінаватых людзей пад дубінкі, асуджаючы іх на турму.

Ці можна апраўдаць усіх гэтых людзей тым, што яны толькі выконвалі загад? Што іх прымусілі да гэтага?

Зусім не лепшая за ўдзел у хлусні легкавернасць. Хлусілі тысячы, а паверылі гэтай хлусні мільёны.

Як можна гэтаму верыць? Ніяк. Таму тыя, хто прымаюць на веру тое, што чуюць з тэлевізара і чытаюць у газетах, таксама хлусяць. Толькі хлусяць самі сабе. Правакатары і журналісты хлусяць іншым, а тыя, хто паверыў ім, хлусяць сабе.

Нацыя на некалькі дзён ахопленая татальнай хлуснёй.

3. Растаптанае права

Ужо адбыліся сотні адміністрацыйных судоў. Сотням людзей вынесеныя прысуды за тое, чаго яны не рабілі. І няма ніякіх вестак пра тое, што пакараныя тыя, хто біў шкло!

Пакараныя тыя, хто заклікаў не паддавацца на правакацыі і не ўдзельнічаць у пагроме. Але самі правакатары і сцэнарысты не пакараныя і не названыя.

Што можа быць горш для права і закона, чым пакаранне невінаватых і беспакаранасць злачынцаў?

Нічога.

Што можа быць горш для нацыі, чым такая пагарда законам?

Нічога.

Цяпер немагчыма давяраць ні аднаму чалавеку ў міліцэйскай форме або ў судзейскай мантыі.

У краіне ўжо два дзесяцігоддзі вялікія праблемы з правам і законам. Але спатрэбілася ўсяго толькі некалькі дзён, каб ад права і закона наогул нічога не засталося.

Хто цяпер у краіне стаіць на варце права і закона?

Хто? Няма ніводнага інстытута, які адстойвае закон. Гэта ж не міліцыя — з іх шэрагаў вербаваліся правакатары, што білі шкло і падкідвалі «рэчавыя доказы» ў мікрааўтобусы, офісы і кватэры арыштаваных. Гэта ж не суды, што сотнямі выносілі несправядлівыя прысуды. Гэта ж не пракуратара, якая не апратэставала ні аднаго прысуду. Гэта не Канстытуцыйны суд, які маўчыць. Гэта не парламент, які сам незаконны.

Можа быць, ёсць хаця б асобныя людзі, гатовыя адстойваць закон? У дзяржаўнай сістэме іх не відаць.

І гэта страшна!

І не трэба баяцца гэтага страху! Яго трэба ўсвядоміць. Страх — гэта нармальны стан чалавека ў краіне, дзе няма права і закона. Я кажу пра чалавека, а не грамадзяніна. Грамадзянін — прававая катэгорыя. Грамадзянін — гэта чалавек, якому гарантаванае захаванне яго правоў. Няма права — няма грамадзяніна. Няма грамадзяніна — няма дзяржавы.

А што ж тады ёсць?

Хто зладзіў гэтыя хлуслівыя выбары, і хто скончыў гэтыя выбары поўным знішчэннем права і закона? Ну не дзяржава ж! Я не ведаю, як гэта называць, — хунтай, фашызмам?

Неяк так.

4. Прыніжэнне чалавечай годнасці

Ніякіх рацыянальных або прагматычных матываў усёй гэтай хлусні, усяму гэтаму варварству і дзікунству няма і быць не можа. Рэжым вельмі нашкодзіў сабе самому, арганізаваўшы ўсё гэта. Падарваны імідж краіны і дзяржавы. Прыпыненыя працэсы збліжэння з краінамі-суседзямі. Маральна надломленыя многія тысячы людзей, у тым ліку чыноўнікаў самога рэжыму. Якая ад гэтага ўсяго можа быць карысць?

Значыць, ва ўсіх гэтых дзеянняў — выключна ірацыянальныя матывы. Якія?

Толькі садысцкае жаданне зневажаць іншых людзей.

Як гэта нізка!

5. Пра што не хочацца цяпер казаць

Вось пра што не хочацца цяпер казаць, так гэта пра кандыдатаў і апазіцыю. Пра гэта я досыць сказаў да выбараў. У мяне няма здольнасці апраўдваць кагосьці з жалю. Калі дурнога палітыка збілі і пасадзілі, я спачуваю яго пакутам, але гэта ніяк не дадае да яго павагі.

Не буду казаць пра глупства. Пра гэта можна будзе пагаварыць, калі ўсіх выпусцяць.

6. Што цяпер будзе

У сваіх аналітычных развагах і каментарах апошняга года я памыліўся як мінімум адзін раз. Я не меркаваў рэпрэсій пасля гэтых выбараў. Для рэпрэсіяў няма і не было ніякіх падставаў. Але я не ўмею прадказваць ірацыянальнае.

Я магу дапускаць, што ў людзей існуюць розныя заганы.

Але, мабыць, я недаацэньваю ў некаторых людзях помслівасці і недаверлівасці, подласці і падступства.

Мабыць, толькі гэтым і можна растлумачыць усё, што адбылося і працягваецца, — подласцю, падступствам, помслівасцю. І яшчэ тым, што нават непадступныя і няпомслівыя людзі настолькі не шануюць сваё сумленне і гонар, што гатовыя лёгка паддавацца подлым загадам.

Але ж сумленне мусіць сказаць сваё слова!

Ну, няхай не сумленне, хоць бы элементарнае чалавечае спачуванне і спагада!

Хутка Каляды! Нават самаму помсліваму і падступнаму мярзотніку даецца нагода выказаць хоць якую чалавечнасць, можна абвясціць амністыю. Проста адпусціць усіх затрыманых.

Бо ніхто з іх не ўяўляе ніякай небяспекі ні для кога.

Трэба адпусціць нават тых, супраць каго рыхтуюцца крымінальныя справы. Бо дакладна вядома, што іх дзеянні не маюць складу злачынства. Гэта палітычны пераслед.

Ах, так! Палітычны. Значыць, можна гандлявацца з Еўропай! Як гэта было з Казуліным мінулым разам.

І што, рэжым зноў на гэта пойдзе?

Ці ёсць мера подласці і падступнасці?

Ці яны па-шэкспіраўску бязмежныя?

Што будзе? Звычайны чалавек, са звычайнымі пачуццямі, са здаровым розумам, не можа прадбачыць паводзіны людзей з бязмежнымі заганамі.

Я не ведаю, як скончыцца гэтая сітуацыя цяпер.

Я не ведаю, што будзе потым.

Я ведаю, што з усім гэтым давядзецца жыць далей.

І не дай Бог нам забыцца пра гэта ўсім, як быццам бы нічога гэтага не было!

7. Не трэба баяцца страху — яго трэба пераадольваць

Страх і прыніжэнне сустракаюцца ў жыцці практычна кожнага чалавека, кожнай супольнасці, народа. Ды і глупства ўласцівае самым разумным прадстаўнікам чалавецтва.

Важна не тое, што ўсё гэта ёсць у нашым жыцці, важна тое, што мы з гэтым робім, як мы з гэтым спраўляемся.

Горш за ўсё, калі мы выцясняем усё гэта са сваёй свядомасці, быццам усяго гэтага няма, не было. Што гэта ўсё не з намі адбываецца.

Гэта вельмі па Фрэйду, але вельмі не па-людску.

Гэта ўсё было. Гэта ўсё было з намі. Са мной.

Не трэба баяцца. Страх ёсць, але баяцца не трэба.

Дыктатар пайшоў на ўсё гэта таму, што сам баіцца. І яшчэ таму, што яму патрэбны наш страх.

І нават не сам наш страх яму патрэбны, яму трэба, каб мы паводзілі сябе, кіруючыся страхам.

А мы павінныя кіравацца іншым: любоўю, пачуццём абавязку, гонарам.

Так, дыктатура выклікае страх. Любы з нас без суда і следства можа быць схоплены на вуліцы і дома, арыштаваны і асуджаны. Любы, без выключэння. Страшна? Вядома.

Але супакойцеся, дыктатары і напалоханыя дыктатурай!

Страх ёсць, але мы будзем рабіць тое, што павінны рабіць. Мы будзем любіць тое, што любім. Будзем спачуваць тым, каго вы баіцеся.

Не таму, што нам невядомае пачуццё страху, а насуперак яму.

Гэта вы кіруецеся страхам! Бойцеся! Вам ёсць чаго баяцца.

Вы ніколі не будзеце любімыя, бо такіх не любяць. Ёсць чаго баяцца.

Вам нічога не пагражала 19 снежня, але як вы баяліся!!!

А вось людзям, якія прыйшлі на Плошчу, вы пагражалі. Тры палкі ўзброеных і падрыхтаваных байцоў пагражалі мірным людзям, а яны выйшлі на Плошчу. Навошта, ці разумна гэта — іншае пытанне.

Але, страх і пагрозы былі, а яны прыйшлі, і яны не баяліся.

Вам нічога не пагражала, але вы баяліся.

Бойцеся. А мы не будзем.

Вашая дыктатура амаральная, убогая, ганебная.

І яна мусіць быць ліквідаваная.

Цяпер у нас мала сілаў. Так, што казаць, у нас і розуму замала!

Але мы не з’едзем. Мы любім краіну насуперак той ганьбе, у якую вы яе ўводзіце.

Мы не будзем вас біць і знішчаць. Гэта ж вы са страху хапаеце і б’яце невінаватых.

А мы не баімся. Калі трэба будзе, мы будзем судзіць і па выніках суда караць толькі і выключна вінаватых. Калі вы вінаватыя, вам ёсць чаго баяцца.

Але і вы можаце перастаць баяцца.

Проста перастаньце выконваць злачынныя загады. Перастаньце хлусіць, парушаць закон, зневажаць людзей. Успомніце, у вас ёсць сумленне, ёсць чалавечая годнасць, ёсць правы чалавека! Яны ў вас ёсць па нараджэнні. І імі можна карыстацца. Трэба толькі пачаць.

А для пачатку — перастаньце баяцца!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?