23.12.2010 / 17:45

Пасол Расіі: Беларусь марудзіць з АЭС 2

Вырашэнне пытання аб будаўніцтве АЭС зацягваецца з-за беларускага боку,

заявіў 23 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Паводле яго слоў, усе дакументы ў частцы будаўніцтва АЭС знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці: «Цяпер мяч на баку беларускіх энергетыкаў. Яны ўсё падпісалі, усё ўзгаднілі, ёсць подпіс міністра, але зноў штосьці трэба».

Сурыкаў падкрэсліў, што першая задача Расіі — пабудаваць АЭС сіламі кампаніі «Атамбудэкспарт» і даць крэдыт на гэтыя мэты. Другая задача — зрабіць так, каб будучая беларуская атамная станцыя і Балтыйская АЭС, якая будуецца Расіяй, не сталі канкурэнтамі на будучым рынку.

«Такое можа адбыцца. Таму мы ставім пытанне аб стварэнні СП па збыце электраэнергіі з тэрыторыі Беларусі на заходнія рынкі. Гэта дапамагло б пазбегнуць канкурэнцыі», — сказаў Сурыкаў.

Ён дадаў, што гэтае пытанне ўжо поўнасцю ўзгоднена паміж бакамі,

«але зараз ізноў задумаліся».

Таксама Сурыкаў закрануў пытанне супрацоўніцтва Беларусі і ЗША ў атамнай сферы.

Нагадаем, 1 снежня дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у сумеснай заяве, прынятай у Астане, пацвердзілі прыхільнасць сваіх краін справе ядзернай бяспекі і ядзернага нераспаўсюджання.

Беларусь, у прыватнасці, прыняла рашэнне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыццявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бяспецы ў 2012 годзе.

ЗША ў сваю чаргу заявілі пра намер аказаць тэхнічную і фінансавую дапамогу для магчыма найхутчэйшага ажыццяўлення гэтых мер.

Разам з тым Сурыкаў адзначыў, што расійскія АЭС пакуль не працуюць на нізкаўзбагачаным уране. «Гэта новая тэхналогія яшчэ пакуль не тыражавалася. Трэба спачатку паглядзець, што гэта такое», — сказаў пасол.

0
Caша / Адказаць
23.12.2010 / 19:12
Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб зацягнулася яшчэ дольш.
0
shula / Адказаць
28.12.2010 / 12:59
Расія марыць пасадзіць усю Прыбалтыку на атамную іглу і баіцца, што беларуская АЭС створыць магчымасьць канкурэнцыі на гэтым полі, таму хоча завалодаць салідным адсоткам акцыяў будучай беларускай АЭС.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру