24.12.2010 / 14:58

У Мінску адкрылі помнік Валянціну Ваньковічу

Нарэшце мастак з еўрапейскай славай уганараваны на Радзіме.

У Мінску з’явіўся помнік Валянціну-Вільгельму Ваньковічу — аднаму з нешматлікіх беларускіх мастакоў ХIХ стагоддзя, творчасць якога яшчэ пры жыцці зрабілася здабыткам Еўропы. 23 снежня ля Дома Ваньковічаў у цэнтры сталіцы адкрытая бронзавая скульптурная кампазіцыя «Раніца мастака».

Аўтары статуі — скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Барыс Казакоў — выявілі Ваньковіча з палітрай у поўны рост. Кампазіцыя вырабленая на сродкі Міністэрства культуры і генеральнага фундатара Нацыянальнага мастацкага музея — ЗП «Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Кампаніі».

Міністр культуры Павел Латушка назваў кампазіцыю «цудоўнай», а яе адкрыццё — «важнай падзеяй для сталіцы і краіны»: «Мастак і грамадскі дзеяч Валенцій Ваньковіч любіў сваю Беларусь і марыў пра яе, знаходзячыся далёка за межамі Радзімы. Беларусы па праве могуць ганарыцца тым, што гэты мастак, які нарадзіўся 210 гадоў таму, належыць еўрапейскаму і сусветнаму мастацтву».

Помнік Ваньковічу ствараўся больш за 20 гадоў. Чаму так доўга?

«Па-першае, я вывучаў гэты вобраз, ды і ў той час, савецкі, гэты помнік, відавочна, быў неактуальны, — расказаў Уладзімір Слабодчыкаў. — А па-другое, ішла рэканструкцыя сядзібы — будаваўся флігель, планаваўся двор, і таму месца для помніка ўвесь час было ў працы. Затрымаў і недахоп фінансаў, патрэбных для ўстаноўкі ўжо адлітага помніка. Таму ўсё так і зацягнулася».

***

Валянцін Ваньковіч нарадзіўся 12 мая 1800 года ў маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Бярэзінскі раён Мінскай вобласці) у сям’і спадчыннага павятовага суддзі Мельхіёра Ваньковіча і Схаластыкі Гарэцкай, сястры апальнага пасля 1830 года паэта Антона Гарэцкага.

Сям’я Ваньковічаў была звязаная сваяцтвам з Ордамі, Корсакамі, Малеўскімі, Міцкевічамі, Манюшкамі, Тавяньскімі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, у Пецярбургу ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў.

У Пецярбургу Ваньковіч задумвае два партрэты — Пушкіна і Міцкевіча. Другі партрэт бясследна знік, захаваўся толькі накід. 1828 год прынёс Ваньковічу вядомасць — на выставе ў Акадэміі мастацтваў ён паказаў партрэт Адама Міцкевіча, які зрабіўся пасля хрэстаматыйным.

У Мінску Ваньковіч жыў ад лютага 1829 да 1839. У той час ён быў ужо прызнаным у Еўропе мастаком.

Складаная палітычная абстаноўка пасля 1830 г. і жаданне ўбачыць карціны вялікіх мастакоў эпохі Адраджэння падахвочваюць Ваньковіча пакінуць Мінск і з’ехаць у Еўропу.

У канцы 1841 года Ваньковіч прыехаў у Парыж і спыніўся ў свайго сябра Адама Міцкевіча, у хаце якога і памёр ва ўзросце 42 гадоў. Пахаваны ў Парыжы.

Мастак пражыў і памёр далёка ад радзімы ў росквіце творчых сіл, пакінуўшы пасля сябе галерэю выдатных рамантычных партрэтаў. Толькі невялікая іх частка захавалася ў музеях і прыватных зборах Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літвы, Расіі.

У Беларусі няма ніводнай працы Ваньковіча.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру