Звесткі пра арышт камандуючага ВПС і войскамі СПА пацверджаныя Міністэрствам абароны і Пракуратурай Беларусі.

Паводле афіцыйных крыніц, генерал-маёра Ігара Азаронка падазраюць у злачынстве, якое трапляе пад артыкул 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзеянне ўлады). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 12 гадоў.

У Мінабароны кажуць, што адносна Ігара Азаронка вядуцца следчыя дзеянні.

Дакладных звестак пра тое, калі арыштавалі Ігара Азаронка і ў чым менавіта яго падазраюць, няма.

Няма яснасці, ці звязаны арышт з падзеямі 19 снежня.

Абавязкі камандуючага выконвае першы намеснік — начальнік галоўнага штаба ВПС і войскаў СПА Сяргей Лемяшэўскі.

* * *

Ігар Азаронак. 48 гадоў. Нарадзіўся ў Чэлябінску. Скончыў Стаўрапольскае вышэйшае вайсковае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў і штурманаў (1983), Ваенна‑паветраную акадэмію імя Ю.Гагарына (1992), Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сілаў Расіі (2000).

Службу праходзіў ва Ўзброеных сілах Беларусі на пасадах начальніка штаба — намесніка камандзіра авіяцыйнай базы, начальніка аддзялення аператыўнага аддзелу штаба ВПС, намесніка начальніка аператыўнага аддзелу штаба ВПС.

У 2000 быў прызначаны на пасаду начальніка аператыўнага аддзелу — намесніка начальніка штаба ВПС Беларусі. Далей праходзіў службу на пасадах намесніка начальніка 2‑га упраўлення Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба ПС РБ, намесніка начальніка галоўнага штаба — начальніка аператыўнага ўпраўлення галоўнага штаба ВПС і войскаў СПА. У 2003 прызначаны камандуючым войскамі Заходняга аператыўна‑тактычнага камандавання ВПС і войскаў ПВА Узброеных сілаў Беларусі.

Указам Лукашэнкі ад 16 лістапада 2006 года прызначаны камандуючым Ваенна‑паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?