Сярод шасці соцень асуджаных за ўдзел у масавай акцыі — вельмі шмат студэнтаў, якім пагражае адлічэнне з ВНУ. Як паказвае досвед 2006 года, тых студэнтаў, якія за ўдзел у Плошчы атрымалі па 10–15 сутак арышту, амаль усіх адлічылі з ВНУ. Менавіта пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і сакавіцкіх падзеяў з намётавым мястэчкам і пачала дзейнічаць праграма Каліноўскага. Што пагражае студэнтам цяпер, ці дапаможа ім Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»?

Пра тое, што сярод затрыманых — вялікі працэнт студэнтаў, стала вядома пасля судоў. Асабліва яскрава пра гэта сведчаць паведамленні ў сацыяльных сетках. Што да дакладнай колькасці затрыманых і лічбаў пасаджаных на суткі, актывіст грамадскага аб’яднаньня «Студэнцкая рада» Зміцер распавёў: «Дакладнай інфармацыі, колькі чалавек затрымана, у якіх ВНУ яны вучацца, пакуль няма. Мы яе зараз спрабуем сабраць. Учора мы распаўсюдзілі зварот у інтэрнэце і сярод СМІ, што мы збіраем інфармацыю, хто з затрыманых з’яўляецца студэнтам, каб дапамагчы».

Старшыня грамадзкага Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей кажа, што адлічаных пакуль няма: «Пад пагрозай. І ў Баранавічах 5 чалавек, і ў БДУ, і ў эканамічным. Але адлічэння пакуль што дакладна не было, таму што людзі адсутнічаюць, яны сядзяць у турмах. І пакуль гэта, так бы мовіць, «падвешаны стан». І пакуль наш юрыст складае такія адмысловыя паперы, каб папярэдзіць дэканаў, як мы іх называем, «лісты рэакцыі ціску».

Сябра «Студэнцкай рады» Зміцер распавёў, што актывісты збіраюцца наведаць дэканаў факультэтаў БДУ: «Паводле папярэдняй інфармацыі вядома, што на 27 студэнтаў БДУ рыхтуюць дакументы на адлічэньне. Сярод іх і чатыры студэнткі філалагічнага факультэта. Прычынай адлічэньня называюць парушэньне вучэбнай дысцыпліны».

Дарэчы, адбыванне пакарання па адміністратыўнай справе не з’яўляецца паважнай прычынай пропуску працы ці вучобы. Таму не выключаны і самы жорсткі варыянт — адлічэнне студэнтаў, якія адседзелі, за пропускі заняткаў.

З такой самай прычыны адлічалі студэнтаў і пасля сакавіцкіх падзеяў 2006 года. Старшыня грамадзкага Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іна Кулей распавяла:

«Тады было амаль 600 чалавек. Па першай праграме Каліноўскага паехалі больш за 300. І плюс яшчэ ў Нямеччыну, хто добра ведаў нямецкую мову, у Галандыю, у Эстонію. Праграма Каліноўскага існавала ўвесь час. І па дамовах накіроўваем вучыцца. Вось Арцёма Дубскага зусім нядаўна ва Украіну накіравалі — гэта ўжо з дапамогай украінскай амбасады. Таму практыка ёсьць. І нават тут калі адлічаць з бюджэтнага аддзялення і перавядуць на платнае, то дапамагчы мы зможам. Трымаем, так бы мовіць, руку на пульсе».

Большасьць студэнтаў супраць такога жорсткага абыходжаньня з удзельнікамі акцыі: «Я абураны тым, што студэнтам пагражаюць выключэннем з унівэрсітэтаў. Таму што, па-першае, яны ні ў чым не вінаватыя, яны прыйшлі на мірную дэманстрацыю. А тое, што там было далей, ад іх не залежала, мне здаецца, што там наагул былі правакацыі. Я лічу, што гэта захад для таго, каб запалохаць усіх астатніх. Ну і наагул, вучоба павінна стаяць асобна ад таго, што студэнты робяць у свой вольны час»

У самім студэнцкім асяроддзі кажуць, што, паводле заяваў дэканаў і выкладчыкаў, з бюджэтных аддзяленняў, хутчэй за ўсё, студэнтаў адлічаць, а платнікам могуць і дараваць удзел у акцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?