Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Камітэту дзяржбясьпекі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар камітэту ў абарону правоў зьняволеных «Над бар’ерам» Цімох Дранчук.

У ноч на 23 сьнежня Марцалеў быў зьняты зь цягніка Менск — Варшава беларускімі памежнікамі ў Берасьці і перададзены міліцыі. Ён ехаў у Варшаву на запрашэньне польскага тэлеканалу «Белсат» на запіс перадачы. Да раніцы 24 сьнежня Марцалева трымалі ў найбліжэйшым райаддзеле міліцыі, пасля чаго сувязь зь імі перарвалася.

Пра месцазнаходжаньне палітыка стала вядома толькі вечарам 24 сьнежня, калі яго сваякам патэлефанавалі зь СІЗА КДБ.

Мікола Статкевіч зьяўляецца адным зь сямі экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, якія праходзяць у якасьці падазраваных па гэтай крымінальнай справе. У СІЗА КДБ ён аб’явіў галадоўку і адмовіўся ад дачы паказаньняў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, статус падазраваных маюць 22 чалавекі. Марцалеў, такім чынам, стаў 23-м.

Сяргей Марцалеў у якасьці даверанай асобы Статкевіча 5 сьнежня ўдзельнічаў у дэбатах кандыдатаў у прэзыдэнты на першым канале беларускага радыё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?