Галоўны рэдактар часопісу «ARCHE» пра газ, выбары, Фідэля Кастра, Натальлю Пяткевіч, будучыню беларускай мовы, грамадзтва й інтэлектуалістыкі, і, вядома ж, пра сытуацыю вакол «ARCHE».

Паміж Лукашэнкам і незалежнасьцю няма супярэчнасьці

Якiм будзе кошт на газ?

Для лукашэнкаўскай Беларусі цэны на энэрганосьбіты – гэта ключавое пытаньне. Прагназую доўгую фізычна і псыхалягічна затратную кампанію перамоваў, прычым беларускі рэжым будзе выкарыстоўваць аргумэнты самага рознага кшталту, каб толькі зьмяніць гэтыя кошты як найменш. Зь іншага падыходу, відавочна, што такіх цэнаў, як сёньня, беларускаму рэжыму дасягнуць ужо ніколі ня ўдасца. Мой прагноз, што ў наступным годзе цэны на газ для Беларусі будуць у калідоры паміж 80 і 130 даляраў ЗША за тысячу кубамэтраў.

Лукашэнка ўжо пабiў рэкорд Мiлошавiча (той кiраваў 11 гадоў). Цi здолее ён хаця б прыблiзiцца да паказчыка Фідэля Кастра?

Я ня вельмі люблю такія пытаньні, бо яны не даюць беларускай супольнасьці аптымізму. Перадусім, ад Вас, Антон, і ад Вашых прыяцеляў залежыць, як доўга будзе кіраваць Лукашэнка. Ніякага дэтэрмінізму, што ён будзе кіраваць столькі ж, як Кастра, няма. Дзеля гэтага яму трэба стварыць такую перадумову, як цалкам адгарадзіць Беларусь ад вонкавага сьвету, ператварыць Беларусь не ў анкляў аўтарытарызму на эўрапейскім кантынэнце, а ў нейкую іншую геаграфічную адзінку, напрыклад, у востраў, якім ёсьць Куба.

Чым Вы патлумачыце, што міністар абароны Беларусі фактычна дэзавуяваў пазыцыю Лукашэнкі адносна перагляду дамовы з Масквой аб утрыманьні на тэрыторыі Беларусі расейскіх ваенных базаў у выпадку росту цэнтаў на энэрганосьбіты?

У палітыцы гэта называецца мэтадам бізуна і перніка, у крыміналістыцы – мэтадам добрага і злога сьледчага. Да таго ж, ад ідэі кроўнага братэрства з Расеяй беларускі рэжым проста так ня можа адмовіцца, хоць ідэі гэтай менш за 200 гадоў веку. Я не выключаю, што нават пасьля пераходу з Расеяй на радыкальна іншыя прынцыпы гаспадараньня гэтая ідэя проста так не памрэ. Як афіцыйная пазыцыя яна аджыве сваё толькі пасьля краху цяперашняга рэжыму.

Якія з сучасных беларускіх палітыкаў вам падабаюцца?

Вольга Карач і Алёна Валынец. Вельмі падабаецца таксама Натальля Пяткевіч.

На Вашую думку, наколькі апраўданы ўдзел апазыцыі ў мясцовых выбарах? Ці ня ёсьць гэта гульнёй па сцэнары ўлады, які ўжо адпрацаваны фактычна да дасканаласьці, і не прынясе ніякіх станоўчых вынікаў, калі не перахапіць ініцыятыву? І ці магчыма ў цяперашніх умовах тую ініцыятыву перахапіць?

Удзел апазыцыі ў афіцыйных выбарчых мерапрыемствах апраўданы. Як паказалі сёлетнія прэзыдэнцкія выбары, нават пры поўным кантролі ўлады над вынікамі галасаваньня магчымыя неспадзяванкі. Выбары, адным словам, у Беларусі – гэта падзея, вынікі якой немагчыма прадугледзець на сто працэнтаў.

Цешыць таксама, што рэжыму патрэбныя выбары для таго, каб пацьвярджаць сваю палітычную легітымнасьць. Значыць, заўтра іх проста скасуюць, а апазыцыя будзе мець магчымасьць паказацца людзям.

На Вашу думку, чаго вартыя нашы палітычныя лідэры як палітыкі? Чаму год ад году мы бачым адзін і той жа сцэнар барацьбы: усе на выбары, выбарчыя камісіі ў руках улады, мітынг у дзень выбараў, АМОН, арышты актывістаў і выпадковых удзельнікаў, і потым усе дахаты? Што гэта, адсутнасьць палітычнага майстэрства ці нізкія арганізацыйныя якасьці апазыцыйных палітыкаў?

Я бачу праблему палітычнага лідэрства інакш. У адрозьненьне ад суседніх дэмакратыяў, дзе рэгулярна адбываецца зьмена ўладнай эліты і ратацыя апазыцыйнага кіраўніцтва, у Беларусі палітычная прастора замарожаная. У нас касьцянее ня толькі апарат улады, але і т.зв. сыстэма апазыцыі. Ёсьць апазыцыйныя палітычныя партыі, кіраўнікі якой не мяняліся дзесяцігодзьдзямі.

У такой сытуацыі кіраўніцтва апазыцыйных сілаў сапраўды сутыкаецца зь небясьпекай ператварыцца ў палітычных кліентаў Захаду. Часам здаецца, што набілая аскоміну нерашучасьць лідэраў дэмсілаў тлумачыцца тым, што яны даўно ўжо граюць у спэктаклі, пастаўленым закуліснымі рэжысэрамі. У такой сытуацыі ініцыятыўнасьць непатрэбная – яна нават шкодная, таму што можа пабурыць арыгінальную задуму.

Што нас чакае ў найблiжэйшы чаc? Што нам рабiць, каб нас не праглынула Расея?

У найбліжэйшы час нас чакае незалежнасьць. Але ад народу нашага залежыць, якой яна будзе – змрочнай ці сьветлай. Пара ўжо ўсьвядоміць, што паміж Лукашэнкам і незалежнасьцю няма супярэчнасьці. Незалежная Беларусь – дасканалае палітычнае цела для нашага дзейнага прэзыдэнта. Бязвольнае, апатычнае насельніцтва, якое ў нашай краіне пражывае, дае магчымасьць рабіць з сабой што заўгодна. Я думаю, бадай толькі калі ўлада, як той цар Ірад, пастанавіла б забіваць немаўлятаў адразу пасьля іх нараджэньня, нашы людзі схамянуліся б.

Выяўляецца, разьвіцьцё інтэлектуалістыкі — палітычнае пытаньне

Калі вы ўжо выведзеце беларускія інтэлектуальныя прадукты з маргінэзу ў мэйнстрым? Бяз гэтага ў наш час «паўстаньня мас» яны ня маюць шанцаў на выжываньне.

Інтэлектуальныя прадукты – гэта прадукты, прызначаныя для эліты. Я калісьці думаў, што ў такіх высакаразьвітых краінах накшалт ЗША ці Нямеччыны жывуць толькі вельмі інтэлігентныя людзі, якія чытаюць вельмі разумныя кнігі. Я памыляўся. Свабоднае грамадзтва – гэта ня тое грамадзтва, дзе інтэлектуальныя прадукты сталі ўсеагульным здабыткам. У такім грамадзтве кожны мае сваё. Большасьць выбірае кока-колу, парнафільмы і патрыманыя аўтамабілі, а ня Ніцшэ з Чэхавым. У такім грамадзтве няма прымусу чытаць інтэлектуалістыку. Свабоднае грамадзтва – гэта грамадзтва, дзе інтэлектуальныя прадукты існуюць як сацыяльная зьява, і ніхто не пярэчыць паляпшэньню іх якасьці.

Беларусь – несвабодная краіна малаадукаваных і малакультурных у масе сваёй людзей (хоць, натуральна, у грамадзтве функцыянуе адваротнае ўяўленьне). Так што інтэлектуалістыка тут будзе на маргінэсе. Вастрыня моманту палягае ня ў тым, ці стане яна масавай, а ў тым, ці стане яна якаснай. Выяўляецца, у нашай краіне гэта палітычнае пытаньне.

Як вы ацэньваеце пэрспэктывы беларускай мовы цяпер, калі ёсьць стандарт «Нашай Нівы», «Дзеяслова», іншых– і школы?.. Ці не была галоўнай памылкай вашага пакаленьня бабілёнская гардыня: спроба паправіць мову?

Пэрспэктывы ў беларускай мовы зьявяцца, калі нацыя будзе за іх змагацца

«Наша Ніва», «Дзеяслоў» ці «ARCHE» не папраўляюць мову, а спрабуюць яе аджывіць. Розныя правапісныя мэтоды толькі падкрэсьліваюць той цяжкі стан, у якім яна апынулася. Наагул, што да беларускай мовы – я аптыміст. Адмаўленьне лукашэнкаўскім рэжымам за нашай мовай правоў, якія маюць у Эўропе нават мовы этнічных меншасьцяў, штурхае да супраціву тых, для каго нацыянальныя каштоўнасьці нешта значаць.

Як вы лічыце, ці ёсьць пэрспэктыва разьвіцьця Беларусі як беларускамоўнай дзяржавы?

Пэрспэктывы ў беларускай мовы ў Беларусі зьявяцца, калі за іх нацыя будзе змагацца. Трэба біцца за кожную беларускую клясу, кніжку і школу. Я ўжо гаварыў, што нічога ў нашай моўнай сытуацыі фатальнага няма. На жаль, да апошняга часу наша інтэлігенцыя думала, што беларусізацыю і, напрыклад, стварэньне беларускамоўнага ўнівэрсытэту мусіць зьдзейсьніць беларуская дзяржава. Гэта ня так – статус беларускай мовы ў нашай краіне зьменіцца ад пасьлядоўнай і мэтаскіраванай дзейнасьці твар у твар, плячо ў плячо. Не дзяржава, а людзі могуць паламаць існуючы каляніяльны статус-кво.

У нашых плянах змагацца не за выжываньне, а за працьвітаньне «ARCHE»

Ці думаеце арганізаваць падпіску на часопіс па аналёгіі з падпіскай на «Нашу Ніву»?

Нас пакуль ня выкінулі з падпіснога каталёгу, дык што такой патрэбы няма. Як выкінуць, будзем думаць.

Разгортваньне справы з “ARCHE” выдае на тое, што рэдакцыя наўмысна вырашыла «зьліць праект», каб звонку склалася ўражаньне, што сыход з дыстанцыі вымушаны, а не заканамерны.

...і падкупіла міністра Русакевіча, каб ён прыпыніў наш часопіс. А пасьля суд, каб ён пакінуў Русакевічаў загад у сіле. Ваша сьцьвярджэньне паказвае, што параноікаў ня так мала ў беларускім адраджэнскім руху.

Спадар Валер, колькі пастаянных чытачоў у «ARCHE» ў Беларусі і за мяжой? Ці існуюць якія-небудзь пляны па пашырэньні аўдыторыі?

Мне цяжка сказаць, колькі ў нас чытачоў. Ад моманту пуску праекту сукупны наклад выданьня склаў больш за 40 тыс. асобнікаў. Але меркаваць, што нас прачытала 40 тыс. чалавек, бадай, няма падставаў. Сёлета наклад часопісу вагаўся ад 700 да 900 асобнікаў. Наклад нумару 5 прададзены зусім. Я ацэньваю, што кожны нумар трымала ў руках 3-5 чалавек. Калі далучыць яшчэ інтэрнэт, выйдзе, што наша аўдыторыя складае ад 5 да 10 тыс. чалавек. За мяжой нас чытаюць перадусім вузкія спэцыялісты і беларуская эміграцыя. Больш за 90 % накладу распаўсюджваецца ўсярэдзіне краіны.

Ці адновіць «ARCHE» выхад у папяровым выглядзе? Калі можна чакаць наступнага нумару?

Тры папяровыя нумары выйдуць у апошнюю дэкаду сьнежня.

Ці мусяць выданьні ў Польшчы ці Літве паведамляць у свае міністэрствы пра зьмену тэматыкі? І ці могуць іх міністэрствы узяць і забараніць зьмену тэматыкі?

Сытуацыя зь зьменай тэматычнага профілю і з рэпрэсіямі з гэтай нагоды магчымая толькі пры жорсткім аўтарытарным рэжыме – я нядаўна быў у Лёндане на сустрэчы рэдактараў культурных часопісаў з усёй Эўропы, і мне амаль гадзіну давялося тлумачыць, за што ж нас пакаралі. У Эўропе такога няма – але ёсьць у Бірме (М’янме) і Зымбабвэ. Гэта, між іншым, паказвае нам месца, куды завяла нас вялікая расейская культура.

Якую мастацкую прозу можна будзе пабачыць на старонках «ARCHE» бліжэйшым часам?

У бліжэйшых нумарох з мастацкай літаратуры будзе: і Яраслаў Гаўлічак, і Філіп Топал, і Сяргій Жадан, і Юры Андруховіч і другія.

Ці няма ў плянах вельмішаноўнай рэдакцыі «ARCHE» нейкім чынам палепшыць працу сайту часопісу? Заяўлены форум фактычна не працуе, сайт не разьвіваецца, відавочна бракуе інтэрактыву.

Форум не працуе, бо нашым чытачам, здаецца, няма чаго сказаць.

Магчыма, з наступнага году зьменіцца і наш сайт – але, відаць, у бок набліжэньня да звычайнага інтэрнэт-парталу.

Што варта рабіць падпісчыкам, якія па віне міністра інфармацыі ня могуць чытаць друкаваную вэрсію часопісу? Якія пляны ў рэдакцыі «ARCHE» на наступны год?

Якой бы моцнай ні здавалася цяперашняя беларуская дзяржава, я думаю, што яна ня ў сілах зьнішчыць «ARCHE». Адзіны эфэктыўны мэтад зачыніць часопіс – гэта фізычна зьнішчыць яго рэдакцыйны пэрсанал. Пакуль гэтага не адбудзецца, «ARCHE» будзе выходзіць. У Беларусі ці Літве, Польшчы ці Ўкраіне – хутка гэта ня будзе мець значэньня. Таму ў плянах нашых змагацца не за выжываньне, а за працьвітаньне «ARCHE».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?