Палітвязень Сяргей Скрабец сёньня выйшаў на волю пасьля паўтарагадовага зьняволеньня. Былога дэпутата і актыўнага апазыцыянэра абвінавачвалі ў вымантачваньні крэдыту ў дзяржавы і асудзілі на два з паловай гады калёніі агульнага рэжыму. У кастрычніку Сяргея нечакана амніставалі і тэрмін ягонага зьняволеньня скарацілі на год. Сваё вызваленьне былы дэпутат зьвязвае з тым, што ён быў абвесьціў галадоўку салідарнасьці з патрабаваньнямі палітвязьня Аляксандра Казуліна, які настойвае на разглядзе сытуацыі ў Беларусі ў Радзе бясьпекі ААН. Са словаў Скрабца, стан Казулін пасьля чатырох тыдняў галадоўкі сур’ёзна пагоршаў. «Фактычна Казулін вельмі зьнясілены. Зь ягоным ростам страціць такую вагу – 17 кг – гэта вельмі шмат. Турэмным дактаром я не даю веры, яны ня здолеюць вывесьці яго з галадоўкі. Іхнія мэтады – устаўляць у рот латак і сілком карміць. Адзін з дактароў пагражаў мне такім чынам і хваліўся, што ўжо неаднойчы так рабіў. Гэта мэтады фашысцкага канцлягеру. Выхад з галадоўкі – працэс вельмі складаны і патрабуе адпаведных ведаў. Любое няслушнае рашэньне можа спрычыніцца да сьмерці. Я сур’ёзна асьцерагаюся за жыцьцё Казуліна. Але ён не зьбіраецца спыняць галадоўку – ня бачыць прычынаў», – заявіў Сяргей Скрабец.

— Сяргей, як Вы пачуваецеся пасьля працяглай галадоўкі?

— Фізычна вельмі зьнясілены. Страціў 17 кіляграм вагі. Адчуваю слабасьць, кружыцца галава, але зрэшты ўсё нармалёва. Сёньня ўжо выходжу з галадоўкі. Пачаў піць розныя сокі. Па дапамогу мэдыкаў зьвяртацца ня буду – мы ня маем адмыслоўцаў у вывядзеньні з галадоўкі.

— Вы ня ўпершыню галадаеце ў зьняволеньні. Аднойчы адмаўляліся ад ежы больш як 40 дзён. Ці нельга было як іначай дамагчыся выкананьня сваіх патрабаваньняў у турме?

— Не, іначай немажліва. Ніхто нікога не слухае. Калі хочаш зьвярнуць увагу на свае праблемы, застаецца толькі абвесьціць галадоўку. Пракуратура, якая выконвае надглядныя функцыі, змовілася з супрацоўнікамі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Туды зьвяртацца няма сэнсу.

Праз галадоўку я дамогся таго, каб да мяне ўжылі амністыю, хоць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне я меў яшчэ ў сакавіку гэтага году. Ніякіх прэтэнзіяў да мяне падчас зьняволеньня не было. Я пісаў ва ўсе інстанцыі, але мае скаргі адмаўляліся нават разглядаць. Вось мне і апрыкла пісаць скаргі.

Калі мяне арыштавалі паводле хлусьлівага абвінавачаньня ў падрыхтаваньні хабару, я таксама абвесьціў галадоўку. Мяне дапытвалі сьледчыя групы з розных управаў. Галадоўка дапамагала гаварыць зь імі з тае пазыцыі, што да мяне прыцягнутая ўвага грамадзкасьці, і гэта, натуральна, адыграла сваю ролю. Суд зьняў зь мяне гэтыя абвінавачаньні.

Адміністрацыі месцаў зьняволеньня баяцца галадовак, таму што яны прыцягваюць увагу грамадзкасьці да зьняволеных, і ім даводзіцца выконваць законныя патрабаваньі.

— Чаму Вы вырашылі падтрымаць галадоўку пратэсту, якую абвесьціў Аляксандар Казулін?

— Таму што ў ягоных патрабаваньнях – зьвярнуць увагу на беззаконьне ў Беларусі і разгледзець сытуацыю ў нашай краіне ў Радзе кі ААН – вельмі акуратна сфармуляваная пазыцыя большай часткі насельніцтва Беларусі. Да таго ж, апазыцыя ў Беларусі падзеленая, а галадоўка можа зьяднаць апазыцыю дзеля дасягненьня агульнае мэты – зьмяніць сытуацыю ў краіне і вярнуць Беларусь у канстытуцыйнае поле. Дзяліць няісныя партфэлі можна і надалей, аднак гэта ня дасьць рады сытуацыі.

— Як сябе адчувае палітвязень? Пра яго практычна няма ніякай інфармацыі.

— Фізычна Казулін вельмі зьнясілены. Пры ягоным росьце страціць такую вагу – 17 кг – гэта зашмат. Засталіся скура ды косьці. Ціск у яго вельмі нізкі. Страта болей 30% вагі вядзе да летальнага выніку. Сёньня Казулін страціў 20% вагі. Але духоўна Казулін моцны чалавек, праўдзівы ваяр. Зламіць яго немажліва.

Канечне, турэмным дактаром я не даю веры, яны ня здолеюць вывесьці яго з галадоўкі. Іхнія мэтады – устаўляць у рот латак і сілком карміць. Адзін з дактароў пагражаў мне такім чынам і хваліўся, што ўжо неаднойчы так рабіў. Гэта мэтады фашысцкага канцлягеру. Выхад з галадоўкі – працэс вельмі складаны і патрабуе адпаведных ведаў. Любое няслушнае рашэньне можа спрычыніцца да сьмерці. У калёніі мусіць дзяжурыць прынамсі адна машына, а яны зьбіраюцца яго сілком карміць тлустай астрожнай кашай... Я сур’ёзна асьцерагаюся за жыцьцё Казуліна. Але ён не зьбіраецца спыняць галадоўку – ня бачыць прычынаў.

— На ваш погляд, чаму кіраўніцтва калёніі цалкам ізалявала Казуліна: сустрэчы з адвакатам і сваякамі забароненыя, пра стан здароўя амаль нічога не паведамляецца.

— Таму што ёсьць загад «згары». Гэта не рашэньне начальніка калёніі. Рашэньне прымаў сакратар Рады бясьпекі і вышэй. Я не разумею ўладаў, бо яны гэтым прыцягваюць яшчэ большую ўвагу і да таго ж – гэта крайне негуманна. Казуліну цяпер як ніколі патрэбная падтрымка, і настроены ён вельмі рашуча, гатовы ісьці да канца. Лукашэнка мусіць задумацца над гэтым пытаньнем і дазволіць адвакату сустрэцца з Казуліным, каб зь ім пагаварылі. І тады можна было б прыйсьці да нейкага кампрамісу.

— Раней ў Вас не было мажлівасьці ацаніць Ваш арышт, суд і вырак. Чаму Вас перасьледавалі?

— У Лукашэнкі неблагая аналітычная служба, якая адсочвае ўсіх, хто ўяўляе найбольш рэальную небясьпеку рэжыму. Некаторых саджаюць яшчэ для навукі грамадзтву. Так было зь Лявонавым, Старавойтавым, Марынічам, Клімавым, Статкевічам. Я зьвязваю арышт з тым, што я ўяўляў пагрозу, хоць я не разумею, як адзін чалавек можа так моцна кагось спалохаць. Мяне часта папярэджвалі, што могуць арыштаваць, але я не хацеў думаць пра гэта ці думаў, што проста палохаюць. Але нават калі б мне далі гарантыі таго, што мяне ўсё-ткі арыштуюць, я ўсё адно б ня зьехаў зь Беларусі.

— Палітвязень Валер Леванеўскі пасьля выхаду на волю заявіў, што такога беззаконьня і бяспраўя, як у астрогу, яму яшчэ не даводзілася бачыць. Ці згодныя Вы зь ім?

— У любым астрогу ёсьць недахопы. Пры таталітарным рэжыме ўсё толькі ўзмацняецца. Сыстэма выкананьня пакараньня таксама. Усё можа зьмяніцца, калі астрожная сыстэма стане адкрытая, калі ў праваабаронцаў і журналістаў будзе доступ у калёніі, калі вязьні змогуць гаварыць, у якіх умовах ім даводзіцца жыць. Пакуль жа сыстэма абсалютна закрытая. Даходзіць да абсурду. Незразумела чаму, але ў віцебскай калёніі забаронена мець і купляць цукар. То бок у сталоўцы яго ў гарбату кладуць і ўсё. Ніхто нічога не тлумачыць. Хадзілі чуткі, што адміністрацыя думае, нібыта з цукру можна варыць самагон.

А што дзеялася з маім пераводам у калёнію? Гэта было ў сакавіку, тады ўсе войскі былі сьцягнутыя ў Менск – баяліся акцыяй пратэсту, горад быў фактычна на вайсковым становішчы. З гэтай прычыны неставала канваіраў, нас, вязьняў, па 20 чалавек везьлі ў аўтазаках, а потым у «сталыпінскіх» вагонах, у якіх сядзелі на «кукішках», мёрзьлі страшэнна. Праз многае давялося прайсьці, праз многія прыніжэньні і зьнявагі.

— Кажуць, што ў астрогу чалавек можа кардынальна зьмяніцца і стаць цалкам іншым, чым у вольным жыцьці...

— Сыстэма перамолвае косткі чалавека ў муку. Калі чалавек слабы духам, дык хутка ломіцца і псыхіка болей не ўзнаўляецца. Астрог – прышчэпка ад дабрыні. Дабрыня там уважаецца за слабасьць, дзее закон джунгляў.

— Як астрог паўплываў на вас?

— Я стаў больш пільны да навакольнага сьвету, стаў зважаць на любую драбязу. У астрогу ты ня можаш расслабіцца ні на хвіліну, уначы штогадзіны сьвецяць ліхтарыкам у твар – праверка, кантралююць любы твой крок, любы рух. Да таго ж, для чалавека, які імкнецца да духоўнай дасканаласьці, гэта неблагая праверка на моц духу.

— Якія ўзаеміны склаліся зь іншымі вязьнямі?

— Добрыя. Вязьні палітыкаў трохі баяцца, усе хочуць пайсьці на ўмоўна-датэрміновае вызваленьні, а як што іх не папярэдзілі, каб з намі не кантактавалі, дык адбываліся зносіны, як у нашай «палаце прадстаўнікоў» – руку паціснулі і зьбягаюць. Грамадзтва запалоханае зьверху данізу і няважна, дзе сядзіш – у ручным «парлямэнце» ці калёніі.

— Ці адчувалі Вы падтрымку з волі?

— Так, канечне. Маса лістоў прыходзіла з розных краёў сьвету, з усяе Беларусі. Казуліна цяпер завальваюць лістамі, тэлеграмамі. Падтрымка калясальная. Пішуць простыя людзі, студэнты. Не баяцца! Сьвядомасьць людзей моцна зьмянілася за апошні час. Я зьдзіўлены.

— Чаму, як Вам падаецца, Вас амніставалі?

— Я так уважаю, што толькі да таго, што мы сядзелі разам з Казуліным. Яны баяліся нашага зьвязу. Адна справа, калі адзін чалавек галадае, а тут удвох. Да таго ж мы аднадумцы і падтрымлівалі адзін аднаго.

— Калі Вы сядзелі ў СІЗА, Вы вырашылі балятавацца на прэзыдэнта. Чаму?

— Я вырашыў балятавацца на прэзыдэнта яшчэ за 2–3 месяцы да арышту. Мы дамаўляліся з Казуліным пра супольную кампанію. Было зразумела, што мала хто ў прынцыпе наважыцца выступаць проці Лукашэнкавага трэцяга тэрміну. Канечне, з астрогу мала шанцаў чагось дамагчыся, але мне хацелася нейк паўплываць на зьмяненьне сытуацыі.

— Як ацэньваеце мінулую выбарчую кампанію і наступныя за ёй акцыі пратэсту?

— Цяжка казаць, усё ж быў у астрогу. Радыё ў мяне тады не было, цяпер мы ў калёніі слухаем радыё «Свабода» (канечне, дужа глушаць, але ўсё адно чуваць). Зрэшты, у тым ліку дзякуючы Казуліну, кампанія прайшла няблага. Большага цяжка было дамагчыся ва ўмовах таталітарызму. Нам прадэманстравалі, што ў Беларусі ёсьць сілы, якія гатовыя ўзяць адказнасьць за лёс Беларусі. Акцыі пратэсту азначалі, што краіна прачынаецца ад летаргічнага сну.

— Чым Вы зьбіраецеся заняцца цяпер?

— Мы ўзгаднілі з Казуліным плян далейшых дзеяньняў на зьмяненьне палітычнай сытуацыі ў Беларусі і вяртаньне Беларусі ў канстытуцыйнае поле. Спачатку буду дамагацца выкананьня патрабаваньня Казуліна – абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі ў Радзе бясьпекі ААН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?