У ноч на 20 снежня з Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі знік кандыдат у прэзідэнты, пісьменнік Уладзімір Някляеў. Перад гэтым ён быў жорстка збіты, калі ішоў у складзе калоны ад свайго штаба да Кастрычніцкай плошчы. У БХМД яму была аказана дапамога, але пасля апоўначы ў палату ўварваліся невядомыя і звезлі палітыка ў невядомым кірунку.

Верагодна, што ён знаходзіцца, як і астатнія 22 затрыманых, у СІЗА КДБ. Але да Някляева не бяруць перадачаў і не дапускаюць адвакатаў.

На прэс-канферэнцыі 20 снежня Аляксандр Лукашэнка на пытанне, дзе знаходзіцца У.Някляеў, адказаў так, што фразу расстыражавалі СМІ: «Няўжо дзеючы прэзідэнт не павінен ведаць, дзе знаходзіцца экс-кандыдат у прэзідэнты? Ласкава просім, хочаце пагаварыць з ім — у следчы ізалятар.

Вы думаеце, што мы яго выкралі і кудысьці павезлі? Не, такіх падарункаў не будзе больш».

Сёння, а 9-й раніцы жонка паэта, Вольга Някляева занесла заяву ў КДБ і Генпракуратуру, яна дабіваецца сустрэчы з мужам, каб упэўніцца, што ён жывы.

Таксама зварот у Генпракуратуру перадалі дзеячы культуры, яны таксама патрабуюць абнародавання пра сённяшні стан пісьменніка

"… Уладзімір Някляеў быў моцна збіты, а потым гвалтам вывезены са шпіталя. У грамадстве распаўсюджвацца чуткі, што ён памёр. Мы патрабуем: пакажыце паэта, мы хочам ведаць, што Ўладзімір Някляеў жывы", — подпісы пад такім зваротам у Генпракуратуру Беларусі паставілі літаратары Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Законнікаў, Сяргей Сматрычэнка, Уладзімір Колас, Алесь Разанаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?