Сёння, 15 лістапада, адбыўся суд над пяццю актывістамі кампаніі «За Свабоду», якія былі затрыманы 16 кастрычніка падчас акцыі «Дзень салідарнасці» са зняволенымі і зніклымі ў Беларусі па палітычных матывах людзьмі.

Тады каля 25 маладых людзей выйшлі з запаленымі свечкамі на адну з цэнтральных вуліц Берасця – праспект Машэрава. У руках яны трымалі літары, што разам складалі надпіс «Свабоду палітвязням!» Кастрычніцкая «16-ка» скончылася 14-цю затрыманнямі. У пастарунку ў маладых людзей высветлілі асобы і перапісалі пашпартныя дадзеныя, у некаторых узялі тлумачэнні.

На пяцёх з затрыманых некалькі дзён таму былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні (арт. 167.1 КоАП РБ «Правядзенне несанкцыянаванага пікетавання»).

Судовае паседжанне цягнулася каля 3-х гадзін. У выніку ўсе прыцягнутыя да адказнасці былі прызнаны вітаватымі і атрымалі штрафы ў памеры ад 20 да 50 базавых адзінак.

Падтрымаць актывістаў прыйшло каля 40 прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці горада. «Я ўражаны рашэннем суда па гэтай справе! Фактычна людзей абвінавацілі ў тым, што яны трымалі ў руках свечкі, бо ніякіх лозунгаў яны не выкрыквалі, сцягоў і транспарантаў – атрыбутыкі, уласцівай пікетаванню, - у іх руках таксама не было. З такім жа поспехам можна затрымліваць бабулек з запаленымі свечкамі пад царквою. Ганьба таму правасуддзю, якое выносіць такія прысуды!» – кажа адзін з прысутных у залі суда.

Андрэй Шарэнда, актывіст кампаніі «За Свабоду», які атрымаў найбольшы штраф, пасля суда адзначыў:

— Дзякуй тым людзям, якія прыйшлі падтрымаць мяне і маіх сяброў. Можна разганяць акцыі салідарнасці з палітзняволенымі, усяляк ціснуць на актывістаў. Аднак Салідарнасць жыве і ў нашых сэрцах. А пакуль яна ёсць, жыве і Вольная Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?