15.11.2006 / 21:42

На апошнім лапіку Нямігі паставяць пяціпавярховую спаруду 8

Ад вуліцы Камсамольскай да Гарадзкога валу паставяць грамадзка-гандлёвы комплекс. Новая спаруда будзе паўтараць аблічча паркінгу, які будуецца насупраць Кацярыненскай царквы. Розьніца толькі ў габарытах – новы гмах будзе нашмат даўжэйшым.

Гаворка пра тое, якім быць новаму комплексу даўжынёй у цэлы гістарычны квартал, ішла на архітэктурна-горадабудаўнічай нарадзе пры галоўным архітэктары Менску, паведамляе «Вечерний Минск».

Практычна архітэктары, якія працуюць над праектам комплексу, прапанавалі зрабіць яго ў тым самым стылі, што і Гандлёвы дом «Славянскі»: ніжнія паверхі закрыць вітражамі, якія імітуюць воды Нямігі, а верхнія стылізаваць пад дамкі мінулага стагодзьдзя. Пешаходны балькон-плятформа, які ідзе ўздоўж усяго фасаду, адмяжуе верхнюю частку ад ніжняй. Фактычна гэта паўтарэньне аблічча аб’екту, які ўжо будуецца, розьніца толькі ў габарытах – новы комплекс будзе нашмат даўжэйшы за ГЦ «Славянскі». Менавіта гэта і выклікала непрыняцьце такога рашэньня архітэктурнай радай. Задужа манатоннай можа атрымацца забудова гэтага боку вуліцы.

Сябры рады прапанавалі пашукаць якоесь іншае аблічча будучага аб’екту, «падзяліць» будынак аркамі альбо іншымі спосабамі; магчыма, дадаць пешаходныя масткі цераз вуліцу Нямігу (пакуль ад гэтага комплексу мяркуецца адзін масток да Гандлёвага дому «На Нямізе», таксама заплянаваная пешаходная сувязь з ГД «Славянскі»); прадумаць мэтазгоднасьць пешаходнай плятформы ўздоўж усяго фасаду. Будынак, на думку рады, павінен выглядаць прывабна ня толькі з боку вуліцы Нямігі, але і з скрыжаваньня з Гарадзкім Валам.

Што ўжо вядома пра комплекс – ягонае функцыянальнае прызначэньне. Апроч падземнага ўзроўню, на якім разьмесьціцца паркоўка, тут «вырасьце» пяць паверхаў. На трох ніжніх паверхах будуць невялікія гандлёвыя абе’кты, некалькі кавярняў, рэстаран, фітнэс-цэнтры, выстаўныя памяшканьні. Два верхнія паверхі зоймуць офісы. Агульная плошча комплексу плянуецца 4,5 тысячы кв. мэтраў. Заяжджаць у будынак можна будзе і з вуліцы Рэвалюцыйнай, і з Камсамольскай.

Праўда, у будучыні абедзьве гэтыя вуліцы меркавалася зрабіць пешаходнымі. Таму на радзе прагучала прапанова пакінуць вуліцу Камсамольскую праязной, каб адтуль можна было пад’яжджаць да аб’екту.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
shtolik / Адказаць
16.11.2006 / 11:50
а што ж гэта там такое паўколам ля Сьвіслачы плянуецца??
0
belarus / Адказаць
16.11.2006 / 13:28
Зруйнавалі наш Менск. Успамінаю праект у Паўднёвай Корэі, калі не памыляюся. Там пад гарадзкой магістраллю працікала рэчка, як і ў нас напэўна. Дык яны убралі магістраль і аднавілі гістарычнае месца і ў мегалаполісе з'явіўся куток для адпачынку( экалагічны аазіс). Нагадаю, што у Менску Няміга адна з найгоршых месцаў па экалогіі і знаходзіцца там небяспечна- гэта першае, а другое - праблемы з затапленнем Няміга адплачвае нам за тое, што яе пакінулі ў калектар. Пазор нам. Што дайшло да такога.
0
Харэўскі / Адказаць
16.11.2006 / 13:43
А на Замчышчы, ля Сьвіслачы, плянуюць пабудаваць бэтонны "замак". Пэўна ж з паркінгам, каб нагамі не хадзіць. Пэўна аскабалкі старых дамоў, разам з археалягічнымі плястамі па вясьне вышкрабуць да рэшты, зьвязуць хлуд і друз, тудысама, куды й Менскую археалягічную калекцыю. Пасьля загоняць туды бэтонныя палі й зробяць некалькі офісных памешканьняў пад арэнду. Задача адпаведная ўзроўню культуры чыноўнікаў зь Міністэрства культуры. Колькасьць жа сапраўдных помнікаў у сталіцы Беларусі тымчасам імкліва набліжаецца да нуля.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру