Зьміцер Вайцюшкевіч, West Records, 2006.

Ага, гэты чарговы дыск ад Вайцюшкевіча. Восьмы. Калі вы яшчэ не стаміліся ад голасу самага актыўнага айчыннага выканаўцы, вас чакае вельмі смачная і разнастайная праграма. Гэтым разам Зьміцер не ўваходзіў ў хаўрус з пэўным творцам, а вырашыў выдаць нявыдадзенае. Тым самым слухач атрымаў магчымасьць пачуць некалі недзе пачутае.

Большасьць песень – добра вядомыя з канцэртаў («Хай так»), «пірацкіх» запісаў («Мора» зь недарэалізаванага праекту «Скрыпка дрыгвы»), фільмаў («Любачка» са стужкі «Сьвежына з салютам»), «Тузіну Гітоў» («Зорка Вэнэра»), ці проста выглядалі інакш (як «Зубр» у інтрумэнтале).

Расстаўленыя творы без храналёгіі. Але шлях Тодара па ім – добра бачны. Ад «крывіцкага» пэрыяду з электронікай і народнымі песьнямі да асэнсаваньня аўтарскай паэзіі. З разынак альбому – згаданае ўжо «Мора» на Караткевіча і адна з самых цудоўных песень В.З. «Ясната, пекната» на Жылку, якую сьпявак выконваў яшчэ ад першых сольных выступаў. Наогул, як ні дзіўна, выйшаў нейкі «альтэрнатыўны» the Best Вайцюшкевіча. Такія дыскі часам самастойна наразаюць зацятыя прыхільнікі творчасьці пэўнага выканаўцы, якім прыеліся ўсе зацяганыя гіты свайго ўлюбенца, але ўсё яшчэ кранае ягоная творчасьць. Для тых, каго легкадумная баляда можа змусіць заплакаць, і для ўсіх аматараў добрай паэзіі ў спалучэньні зь ненапружнай музыкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?