Міністэрства юстыцыі ўнесла прадстаўленне кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, у якім патрабуе прыняць дысцыплінарныя меры ў дачыненні да шэрагу адвакатаў, якія абараняюць палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня.

«Асобныя адвакаты, якія ажыццяўляюць абарону асобаў, што ўдзельнічалі 19 — 20 снежня 2010 у дзеяннях, скіраваных на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся спробай захопу дзяржаўных установаў, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, дапускаюць грубыя парушэнні Правілаў прафесійнай этыкі адваката, дзейнага заканадаўства, у тым ліку Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры», — адзначаецца ў паведамленні.

У прыватнасці, на думку Мінюста, «некаторыя адвакаты,

злоўжываючы сваім правам на абарону іншых асобаў, у скажоным святле падаюць інфармацыю пра ход следства і магчымасці рэалізацыі правоў сваіх падабаронных на юрыдычную дапамогу, стане іх здароўя і ўмовах утрымання, тэндэнцыйна падаюць інфармацыю аб працы праваахоўных органаў краіны».

«Міністэрства юстыцыі як ліцэнзавальны орган у галіне адвакацкай дзейнасці ўнесла прадстаўленне кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, у якім паказала на нізкі прафесійны ўзровень асобных адвакатаў, парушэнні Правілаў прафесійнай этыкі і заканадаўства і запатрабавала зрабіць неадкладныя захады да іх безумоўнага выканання.

Па выяўленых фактах Міністэрствам юстыцыі праводзіцца праверка, патрабуюцца тлумачэнні і па выніках будуць прыняты прадугледжаныя заканадаўствам меры рэагавання», — гаворыцца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?