Чарговыя кадравыя перастаноўкі. Большасць міністраў свае пасады захавала.

Новым «губернатарам» Гомельшчыны прызначаны Уладзімір Дворнік. Ён прыйшоў на месца Якабсона, які пайшоў на павышэнне ў Мінск, у КДК. Апошнім часам Дворнік працаваў старшынём Мазырскага райвыканкама. Свой працоўны шлях ён пачынаў як ветэрынар. Новаму старшыні Гомельскага аблвыканкаму 47 гадоў.

Месца Міхаіла Мясніковіча ў прэзідыуме Нацыянальнай Акадэміі навук заняў Анатоль Русецкі.
Ён доўгі час быў міністрам прамысловасці. А ад мінулага года займаў пасаду дырэктара «Інстытута цепла- і масаабмена НАН».

Таксама з’явілася тры новыя міністры. Ураджэнец Рэспублікі Комі Уладзімір Вашчанка замяніў ураджэнца Азербайджану Энвера Барыева на чале Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Працоўны шлях Вашчанкі непарыўна звязаны з Магілёўшчынай. Менавіта ў гэтым рэгіёне на працягу дзесяці апошніх гадоў ён узначальваў абласное ўпраўленне МНС.

Цікава, што і на месцы міністра архітэктуры і будаўніцтва ўраджэнец Расіі замяніў ураджэнца Расіі. Замест Аляксандр Селязнёва будзе Анатоль Нічкасаў. Ён пачынаў таксама на Магілёўшчыне.

Але самае цікавае ў асобе Нічкасава тое, што ад 1994 годзе ён адпрацаваў на адной пасадзе — намесніка міністра па архітэктуры і будаўніцтву. Міністры мяняліся, а Нічкасаў заставаўся.

Ну і міністрам адукацыі стаў дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч. Ён там узначальваў камісію па міжнародных справах і сувязях з СНД. Менавіта на Маскевіча павінна была легчы адказнасць за падрыхтоўку абвяшчэння незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Ён нават некалькі разоў лётаў на Каўказ.

Маскевіч адзін з найбольш адкрытых дэпутатаў палаты. Яму 57 гадоў, сам са Шчучынскага раёна. Прафесар фізікі.

Астатнія ж міністры свае пасады захавалі. У тым ліку Жадобін, Куляшоў, Латушка, Мартынаў, Праляскоўскі, Снапкоў, Харкавец. Старшыня КДБ Вадзім Зайцаў таксама захаваў фатэль.

Словы Макея пра абнаўленне кіраўніцтва на 90% аказаліся проста словамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?