30.12.2010 / 22:43

Дапамога «Нашай Ніве». Чытачы зрабілі ўсё за суткі 13

Агулам на гэты момант да нас звярнуліся з прапановамі дапамогі 142 чалавекі.

Агулам на гэты момант, за суткі пасля нашага звароту, да нас звярнуліся з прапановамі рознай дапамогі 142 чалавекі. Бягучая патрэба «Нашай Нівы» ў кампутарах задаволеная.
Рэдакцыя працуе над вяртаннем у нармальны тэхналагічны рэжым – наколькі ён магчымы ў гэтай сітуацыі.

Пакуль кампутараў больш не трэба. Аднак, магчыма, у бліжэйшыя дні з’явяцца новыя патрэбы ў нас ці нашых калег. Тады будзем звяртацца зноў. І, калі ласка, памятайце пра патрэбы нашых калег у рэгіёнах, а таксама дзеячоў апазіцыі і культуры ў рэгіёнах. Ім бывае найцяжэй, нам тут у Мінску лягчэй, у вялікай грамадзе.

Патрэба ў грошах заўсёдная. Хто яшчэ хоча дапамагчы выхаду «Нашай Нівы», хай робіць грашовыя ахвяраванні. Чарговы раз дзякуем ўсім тым, хто ахвяруе дзесяціну ці трыццаціну ад сваіх прыбыткаў на патрэбы незалежнага грамадства і «Нашай Нівы» ў прыватнасці.

Як пералічваць грошы – чытайце тут.

Заўтра «Наша Ніва» мае падаць заяву ў КДБ з просьбай вярнуць тэхніку, вынятую ў часе ператрусаў 28 снежня.

Сітуацыя ў краіне застаецца няпэўнай, магчымы новыя акцыі застрашвання. Але звяртае ўвагу найперш небывалая салідарнасць незалежнага грамадства. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», агульная сума сродкаў, сабраных для патрэб затрыманых і арыштаваных, па розных лініях, на гэты момант перавысіла ўжо 300 мільёнаў рублёў.

Як кажуць тыя, хто выйшаў з турмаў, перадачы ім прыносілі зусім незнаёмыя ім людзі, і ў тых перадачах было ўсё неабходнае.

Дзякуй за гэты год, дзякуй за гэтую імгненную дапамогу. У Беларусі нараджаецца грамадзянская нацыя. Словы старога беларускага гімна сёння ўспрымаюцца як прароцтва: «У крывавых муках мы народзім жыццё Бацькоўшчыны сваёй».

Усяго добрага Вам! Шчаслівага Новага года!

Рэд.

0
грошык / Адказаць
30.12.2010 / 22:53
Давайце назбіраем больш за 9 млрд!
0
Домовой / Адказаць
30.12.2010 / 23:03
... И купим нового президенка
0
НАЦДЭМ / Адказаць
31.12.2010 / 00:18
Домовой напiсаў(ла) Сьнежань 30, 2010 у 22:03 ... И купим нового президенка Не тады мы купім 10000 амапаўцаў і Панкавец стане Прэзыдэнтам
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру