Літва «выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб Беларусь не зачыняла дзвярэй Еўропе і не ішла да самаізаляцыі»,

заявіў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс 4 студзеня ў Вільні падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай старшынству краіны ў АБСЕ.

Паводле яго слоў, Літва праводзіць шматлікія кансультацыі як з калегамі па ЕС, так і з Беларуссю і робіць усё,

каб Беларусь «не замыкалася ў сабе».

Афіцыйная Вільня адмаўляецца акрэсліць сваю пазіцыю па магчымым увядзенні санкцый супраць беларускага кіраўніцтва, аднак, як падкрэслівае Ажубаліс, з павагай ставіцца да ўсіх адпаведных прапаноў іншых дзяржаў ЕС.

«Галоўнае — знайсці агульнае стаўленне да падзей у Беларусі і адзіны адэкватны адказ на падзеі ў Беларусі», — зазначыў ён, пры гэтым яшчэ раз падкрэсліўшы, што важна «пакінуць дзверы для Беларусі адчыненымі».

Рашэнне аб далейшай палітыцы Бруселя ў дачыненні да Мінска будзе прынята 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных спраў краін ЕС. «Якая будзе гэтая агульная пазіцыя, якія будуць санкцыі — прагназаваць не магу», — заявіў Ажубаліс.

Літва перажывае стадыю інтэнсіўных унутраных дыскусій аб перспектыўнасці цяперашняй знешняй палітыкі, у тым ліку ў дачыненні да Беларусі.

Напярэдадні прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце вымушана была адказваць на крытыку свайго папярэдніка Валдаса Адамкуса за «катастрофу», якая напаткала палітыку Літвы ў дачыненні да Беларусі пасля актывізацыі кантактаў паміж кіраўнікамі дзвюх краін. Грыбаўскайце праз прэс-сакратара адказала, што сапраўднай катастрофай з’яўлялася ранейшая палітыка ізаляцыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?