Расійскія праваабаронцы маюць намер праінфармаваць прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Пра гэта паведаміў член Савета пры прэзідэнце РФ па садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека, член экспертнага савета пры нацыянальным упаўнаважаным па правах чалавека РФ Сяргей Крывенка 4 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Крывенка паведаміў, што яго мэта — данесці інфармацыю пра падзеі ў Беларусі да расійскіх праваабарончых структур і супольнасці. Паводле яго слоў, з расійскіх СМІ пра падзеі ў Беларусі паступае «супярэчлівая інфармацыя».

Крывенка падкрэсліў, што ён і назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі не ставяць мэтай даваць ацэнку прэзідэнцкім выбарам у краіне. «Мы вывучаем рэакцыю дзяржаўных органаў на дзеянні грамадскасці, на падзеі ночы з 19 на 20 снежня. Міма некаторых фактаў прайсці нельга. Пацвярджаецца інфармацыя аб масавым парушэнні правоў грамадзян пры затрыманні і падчас праходжання імі адміністрацыйнага пакарання. Некаторыя з іх, напрыклад адмова ў аказанні медыцынскай дапамогі, прыраўноўваюцца да катаванняў», — сказаў ён.

Акрамя таго, міжнародныя праваабаронцы маюць намер звярнуць увагу на перашкоды дзейнасці беларускіх праваабарончых арганізацый, СМІ, адвакатаў, а таксама на факты адлічэння студэнтаў і звальнення з працы пасля адміністрацыйных арыштаў за ўдзел у дэманстрацыі 19 снежня.

«Міма такіх фактаў праваабарончая супольнасць прайсці не можа.

Захаванне правоў грамадзян — гэта міжнародны стандарт», — падкрэсліў Крывенка.

Праваабаронца паведаміў, што пасля расійскіх навагодніх канікулаў ён мае намер перадаць інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на разгляд Савета пры прэзідэнце РФ па садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека. Паводле яго слоў, пры прыняцці адпаведнага рашэння саветам гэта інфармацыя можа быць разгледжана на яго найбліжэйшым пасяджэнні. Акрамя таго, інфармацыя можа быць пададзена Мядзведзеву ў выглядзе аналітычнай запіскі.

Як раней паведамляў БелаПАН, рашэнне аб стварэнні міжнароднага камітэта, які б ажыццяўляў у Беларусі кантроль за выкананнем фундаментальных правоў, прыняла 27 снежня кааліцыя няўрадавых арганізацый краін АБСЕ. У складзе камітэта ўжо прыблізна 30 няўрадавых арганізацый, але прынцыпова няма і не будзе ніводнай беларускай структуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?