Журналіст Кірыл Жываловіч піша пра сваю прафесію з прыстаўкай «экс». Ён не хоча больш быць журналістам у краіне, дзе гэтая прафесія ператварылася ў прытулак падонкаў.
Яго тэкст — абвінавачанне ў адрас людзей з дзяржаўных СМІ, які здрадзілі прафесіі і сваім суайчыннікам.

Нас доўга дзялілі на «чэсных» і «нячэсных». Аддзялялі ад аналітыкаў і экспертаў журналюгаў і пісакаў. Вучылі нас у БДУ, ЕГУ і дзе папала. Мне наогул не пашанцавала — у сябры не клікалі ні ў БСЖ, ні ў БАЖ. Але сёння трэба прызнаць: нас, журналістаў, у Беларусі больш няма.

Мы цяпер дзелімся на ржуналістаў і жруналістаў. А ў выніку з нас хочуць зрабіць звычайных глістоў,
якія павінныя паразітаваць адзін на адным і ў тых месцах, дзе своечасова і важка навальваюць разнапланавыя «лідары» і сапраўды паказваюць на месцы, дзе ёсць справы для паразітаў, у якіх нас ператвараюць.

Мне было непрыемна, калі некалькі гадоў таму ў аднаго вядомага сёння тэлеагітатара дзясяткі людзей кідалі снежкамі і масава адвешвалі яму чарадзейных пендзеляў.

Але непрыемна было не таму, што ён гэтага не заслугоўваў, а таму, што ён рабіў тое, што ў нашай дзяржаве па-ранейшаму завецца журналістыкай.

Але тое, што сёння робім мы ў журналістыцы, выклікае ў большасці выпадкаў млосць. Часам мы ўсміхаемся, часцяком абураемся. Але часцей за ўсё маўчым. І гэта самае сумнае. Таму што толькі

адных выпускнікоў журфака БДУ ў Мінску было б дастаткова для таго, каб Наталля Радзіна або Ірына Халіп знаходзіліся цяпер у сябе дома, каб у нас не забіралі кампутары і не пагражалі расправамі, каб з Сяргея Дарафеева не рабілі ідыёта, а ўсіх нас не прымушалі ператварыцца ў работнікаў сферы абслугоўвання.
І ў адным небяспечным шэрагу стаяць усе: як «чэсныя», так і «нячэсныя», як жруналісты, так і ржуналісты. Жывем у такі час, які перастаў пытаць акрэдытацыю і рэдакцыйныя пасведчанні. Тыя, хто не верыць, спытайце як-небудзь хаця б у Фядуты. Калі, вядома, дачакаецеся з ім сустрэчы.

Зусім не хочацца размазваць па тэксце тэму знаходжання нашых калегаў сёння ў месцах, якія ацяпляюцца бесперабойна. Гэта страшна, але нават мае бацькі не вераць у тое, што адбываецца ў краіне вось ужо тры тыдні! Калі я не магу раскрыць вочы на тое, што адбываецца, нават бацьку і маці, то хто пераканае людзей, спрэс расстраляных у галаву тэлевізійным бэтээрам?

Як рэагаваць, калі большасць калегаў, прычым разнапоглядных і разнапланавых, вось ужо два тыдні ў розных месцах разводзяць п’яны сум і глыбокі смутак?
І калі журналісты здольныя толькі за півам казаць аб тым, што б яны хацелі асвятліць, то гэта ўжо піўнуха, а не рэдакцыя. А больш сумленным журналістам даўно зрабіўся, напрыклад, Кулінковіч, які што бачыць, тое і кажа: калі гэта ж.а, то ён кажа, што гэта ЖОПА. Без кропак і шматкроп’яў. Без скарачэнняў і нейкай там да чорта карэктнасці!

Папраўдзе кажучы, сёння той жа Міхалок большы журналіст, чым усе выпускнікі БДУ і ЕГУ разам узятыя — ад яго даведваюцца нашмат больш праўды, хай і не ўсім зразумелай: «гуляй і шукай». А я больш не магу займацца журналістыкай, таму што гэты занятак ужо нават не адпавядае распаўсюджанаму штампу аб другой старажытнай прафесіі.

І тых, хто моўчкі лічыць мяне сваім калегам, сёння запэўніваю: пакуль вы маўчыце, у нас з вамі розныя заняткі.
Затое я паспеў паспрачацца са шматлікімі блізкімі сабе людзьмі: маё дзіця, якому сягоння тры гады, не будзе вучыцца ў школе, дзе ў падручніку першаклашак дванаццаць фотаздымкаў таго, хто нас упарта дзеліць на ржуналістаў і жруналістаў. Ржаць ўжо няма змогі і няма з чаго, але і жэрці ў доме поўнага прэсу моташна. І каб пазбегнуць перакручванняў, запэўніваю: жыць і вучыцца маё дзіця будзе ў Беларусі. А вашыя дзеці будуць сталець і разумнець дзе? Вы калегі ці калекі?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?