Беларускія нафтаперапрацоўшчыкі пакуль не могуць дамовіцца з расійскімі пастаўшчыкамі пра формулу цаны на нафту, якая будзе паступаць у краіну ў 2011 годзе.

«Бязмытная нафта на беларускія НПЗ пакуль не паступае. Ідуць перамовы, у ходзе якіх абмяркоўваюцца пытанні цэнаўтварэння. З беларускага боку ў гэтых перамовах удзельнічаюць нашы НПЗ, канцэрн «Белнафтахім» і Беларуская нафтавая кампанія, з расійскага — нафтаздабыўныя кампаніі, уладальнікі рэсурсаў», — расказалі ў канцэрне «Белнафтахім».

Між тым удзельнікі беларускага нафтавага рынку паведамілі, што падчас перамоваў расійскія нафтавыя кампаніі прапанавалі закласці ў формулу кошту бязмытнай нафты дадатковыя $45 на 1 тону. На іх думку, гэта дазволіць расійскім пастаўшчыкам забяспечыць роўную прыбытковасць пры пастаўках нафты па ўсіх напрамках.

Беларускі бок не згодны з гэтымі ўмовамі. Мінск настойвае на літаральным выкананні нормаў, закладзеных у нафтавых пагадненнях, падпісаных у рамках стварэння АЭП і ратыфікаваных беларускім парламентам.

«Напярэдадні Новага года ў Маскве ішлі досыць напружаныя перамовы, якія пакуль не займелі поспеху. Цяпер у Расіі навагоднія і калядныя вакацыі, таму перамовы часова прыпыненыя», — паведамілі ўдзельнікі нафтавага рынку.

Аднак на сённяшні дзень, па словах прадстаўніка «Белнафтахіму», «сітуацыя з часовым прыпыненнем паставак нафты з Расіі клопату не выклікае». «У заводаў ёсць дастаткова вялікія рэшткі з мінулых месяцаў, якіх хопіць прыкладна на 20 дзён працы на поўнай загрузцы», — адзначыў прадстаўнік канцэрну.

Ён падкрэсліў, што «з улікам наяўных запасаў нафты і калядных канікул перамоўны працэс можа быць адкладзены».

Як паведамлялася, Беларусь і Расія падпісалі 9 снежня міжурадавае пагадненне «Аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне) пры вывазе з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, вырабленых з нафты».

Гэтае пагадненне дае Беларусі магчымасць атрымліваць з Расіі нафту і нафтапрадукты бязмытна і без вызначэння квотаў. З-пад дзеяння пагаднення выведзеная перапрацоўка нафты з Венэсуэлы і іншых краін, якая будзе ўвозіцца на ўмовах спецыяльнага мытнага рэжыму, які прадугледжвае абавязковы рээкспарт тавараў, атрыманых з дадзенай сыравіны.

Пагадненне ўступіла ў сілу пасля ратыфікацыі Мінскам пакета з 17 пагадненняў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Беларусі, Расіі і Казахстана. Парламент Беларусі ратыфікаваў гэтыя 17 пагадненняў 21–22 снежня 2010.

У 2011 годзе, згодна з праектам паліўнага балансу «саюзнай дзяржавы», пастаўкі нафты з РФ у Беларусь павінныя скласці 21,7 мільёна тон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?