Учора, як рыхтаваў адзін артыкул, змарнаваў процьму часу, спрабуючы датэлефанавацца да некаторых апазыцыйных палітыкаў (ці знайсьці, на благі канец, хоць каго-небудзь зь іхніх прэсавых службаў). Мабільнікі паадключаныя! Далібог, ня шкодзіла б хлопцам павучыцца працаваць з журналістамі ў галоўнага палітычнага апанэнта.

Зараз, натуральна, любога боса зь дзяржаўных мэдыяў прэзыдэнт можа элемэнтарна выклікаць на дыван, і той у блін разаб'ецца.

А вось калі Лукашэнка быў дырэктарам саўгасу ды "проста" дэпутатам, то за ўвагу прэсы трэ' было яшчэ пазмагацца! І ён, варта аддаць належнае, не ленаваўся лішні раз паварушыцца, каб трапіць на газэтную паласу. Аберуч хапаўся за любую магчымасьць піяру і спрытна ствараў інфармацыйныя нагоды.

Яшчэ болей, аднойчы нават сам адвёз мяне на рэдакцыйнае заданьне.

Лета 91-га. Горача. Нават дзяржаўныя дзеячы не зважаюць на дрэс-код. У кулюарах Дому ураду бакавым зрокам заўважаю Зянона Пазьняка ў джынсах ды каўбойцы.

Там сама, у Доме ўраду, побач з Авальнай заляй, месцілася і рэдакцыя "Народнае газеты", у якой я толькі што стаў працаваць намесьнікам. (І па сёньня шчыра ўдзячны Іосіфу Сярэдзічу, тагачаснаму кіраўніку выданьня, якое хоць і лічылася парлямэнцкім органам, але ад пачатку ўзяло выразна дэмакратычны кірунак. Ён запрасіў мяне на працу адразу ж пасьля таго, як камсамол адхіліў ад пасады галоўнага рэдактара "Знамени юности".)

Дык вось, кліча Сярэдзіч:

— Табе — заданьне. Трэба зьезьдзіць на сустрэчу дэпутатаў з выбарцамі і зрабіць рэпартаж.

Называе адрэсу — нейкі дом культуры.

А ў мяне — зусім іншыя творчыя (а мо' і ня творчыя, ужо ня памятаю) пляны. Зрэшты, у рэдактара выбар невялікі, бо ўсе кабінэты пустыя: хто ў адпачынку, хто на піва цішком сышоў...

Карацей, стаю — локці кусаю: зноў, дурны працаголік, пад руку трапіўся!

— Іосіф Паўлавіч, гэта ж чортавы зубы! Дый машына рэдакцыйная зламалася...

— Не хвалюйся даражэнькі, транспарт дэпутаты паабяцалі ўзяць на сябе. Бяры нататнік і ляці на ганак!

Ужо на парозе ўдакладняю:

— Зь кім хоць паеду?

— З Пазьняком і Лукашэнкам!

Тандэм зусім не зьдзівіў. Тады будучыя антыподы выглядалі амаль што сябрамі. Пазьняк свайго антыкамунізму ня ўтойваў ад пачатку. А вось Лукашэнка менавіта ў тыя дні, калі КПСС захісталася (класьці на стол партбілеты стала нават модна), стаў з уласьцівым яму імпэтам бамбаваць атлусьцелую партакратыю, зьбіраючы багаты піяраўскі плён.

У прыватнасьці, у траўні 1991 году ён надрукаваў у "Народнай газеце" жорсткі артыкул "Дыктатура: беларускі варыянт?". Калі не памыляюся, пытальнік у назове паставіў наш галоўны рэдактар. Каб хоць трохі зьмякчыць уражаньне ад газэтнае "бомбы". Ледзь ці не пасьля кожнай вострай публікацыі яму пагражала адхіленьнем ад пасады рэакцыйная парлямэнцкая бальшыня.

А Лукашэнка ўсё даваў дыхту. У чэрвені ён абвесьціў пра стварэньне у Вярхоўным савеце групы "Камуністы Беларусі за дэмакратыю", чым выклікаў шаленства артадоксаў. Апатэозам дзейнасьці групы стане асуджэньне путчу ГКЧП.

Вось на такой глебе яны і зблізіліся на пэўны час зь лідэрам фракцыі БНФ (са слоў Валянціна Голубева, будучы прэзыдэнт нават хадзіў на пасяджэньні апазыцыі). Ня думаю, што Пазьняк лічыў Лукашэнку ідэйна блізкім, хутчэй — прагматычна разглядаў як палітычнага спадарожніка.

Факт тое, што ў той дзень абодва чакалі мяне на ганку Дому ўраду. Побач стаяў легкавік — наколькі памятаю, "Ніва". Тады можна было дэмакратычна пад'ехаць на саўгаснай машыне аж да самага ўрадавага будынку, які зараз адбіты ад вулічнага руху вялікай пешаходнай зонай.

Гаспадар "Нівы" расчыніў дзьверцы і стаў выбачацца за цесны салён. Сапраўды, цыбаты Зянон Станіслававіч мусіў доўга ўладкоўваць ногі...

Затое даімчаў нас Аляксандар Рыгоравіч як вокам міргнуць.

Вось так шчыраваў будучы прэзыдэнт дзеля некалькіх радкоў у газэце!

На самой жа сустрэчы з выбарцамі гучалі патэтычныя словы пра тое, што яшчэ трохі — і недэмакратычная сыстэма будзе зламаная (карацей, практычна тое самае, што зараз прамаўляюць на апазыцыйных мітынгах). Прычым Лукашэнка выглядаў бадай што болей радыкальна.

А Пазьняк мусіў раз-пораз адбівацца ад вэрбальных наскокаў нейкай гістэрычнае кабеты.

Потым, у кулюарах, выціраючы лоб, зьедліва пажартаваў:

— Мусіць, тая пані не задаволеная ўсім на сьвеце, пачынаючы ад свайго мужа!

Аляксандар Рыгоравіч жарт ацаніў.

Пройдзе колькі часу, і іхнія стасункі набудуць ужо зусім не жартоўны характар.

А тады Пазьняк з Лукашэнкам стаялі побач і сьмяяліся. Яны былі задаволеныя. Калі не зважаць на эксцэнтрычную кабету, то сумесны выступ прайшоў на ўра.

У мяне і па сёньня перад вачыма гэтая палітычная ідылія.

Але ўсе ідыліі хутка сканчаюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?