Дзякуй усім, хто напісаў словы падтрымкі. Адказваць кожнаму шмат часу зойме, таму вырашыў адказаць усім разам.

Пра геройства. Карацей, ніякага геройства з майго боку няма. Мне 37 гадоў, 120 кілаграмаў баявой вагі:-), на твары пры бліжэйшым агляданні можна заўважыць 5 блізнаў, якія гавораць пра тое, што — выражаючыся брутальна — па мордзе мне даводзілася атрымоўваць. Гэта непрыемна, але асаблівага страху перад гэтым у мяне няма.

У мяне вышэйшая юрыдычная адукацыя. Правы свае ведаю.

Сядзець мне даводзілася. Арыштоўвалі шмат, у 2005 годзе ў разгар канфлікту вакол Саюза палякаў была нават справа ўзбуджана крымінальная. Я, дарэчы, тады адмовіўся падпісваць падпіску аб нявыездзе, што аўтаматычна павінна за сабой цягнуць арышт. Але палітычныя справы, яны з крымінальным і крымінальна-працэсуальным правам маюць няшмат супольнага… Тут усё вырашае палітычная неабходнасць. Таму яны гэта праглынулі і я раз’язджаў па ўсёй краіне, а праз Расею і Украіну нават ездзіў у Польшчу.

Пра КГБ. Ведаеце, я іх усіх уключна з прыбіральшчыцамі, што там прыбіраюць, кіроўцамі, што іх возяць, жанчынамі, якія з імі спяць, лічу за мутантаў. Іхная фірма столькі людзей забіла, што калі б пралітую кроў сабраць у адным месцы, то атрымалася б мора. Мора чалавечай крыві. А колькі слёзаў? Акіян…. Працаваць там, ну гэта як пайсці працаваць у гестапа. Трэба, каб унутры нешта не так было. А якая павага можа быць да гестапа? Зразумела, лукашэнкаўскае КГБ гэта не ёсць у поўным значэнні гэтага слова гітлераўскае гэстапа. Але гэта як вампір, якому вырвалі зубы. Прага крыві застаецца, а кусаць ужо ня можа.

Пра страх. Галоўнае — не баяцца. Псіхалагічна быць падрыхтаваным да зняволення ці да болю. Калі ты не баішся, уся іхная ўлада над табой скончылася.

Думаю, што ўся гэтая гісторыя звязана з маёй журналісцкай працай. Калі прааналізаваць польскія СМІ (а ўлады гэта робяць), то бачна, што «Газэта выборча» найбольш актыўна асвятляе падзеі пасля 19 снежня. З 19-га пісаць даводзіцца кожны дзень. Вельмі часта ўдаецца прабівацца на першую старонку. Наша газета мае ўплыў і палітыка Польшчы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, не без удзелу «Газэты выборчай», таксама выразна абвастрылася. Таму мяне хацелі пужнуць. Наўрад ці лічылі, што гэта нейкі радыкальны вынік дасць, але магчыма трохі «собьёт спесь»

Я перакананы — тое, што мяне ўдарылі, выражаючыся юрыдычным тэрмінам, «эксцэс выканаўцы». Гэта значыць — гэта не было ўзгоднена. «Зайца» проста панеслі нервы. На дадатак ён біў, каб спалохаць, а не каб нешта пашкодзіць ці каб надта забалела. Калі будзе дэмакратыя і яго будуць судзіць за гэта, думаю, што стан ягонага здароўя (псіхічнага ці псіхалагічнага) можа стацца галоўным, на што будзе звяртаць увагу ягоная абарона.

Чаму я пра гэта напісаў. Учорашнія падзеі ў будынку па вуліцы Тэльмана, 3, — не першы і, на жаль, не апошні эпізод ціску, з якім мне даводзілася сутыкнуцца. Пакуль будзе Лукашэнка, будзе прысутнічаць ціск. У рознай форме. І яны павінны ведаць, што я буду сябе бараніць. Бараніць сябе я магу, толькі апісваючы тое, што адбываецца, у інтэрнэце і газеце, пішучы скаргі. Калі гэтага не рабіць, іх нахабнасць будзе павялічвацца.

Ну і апошняе — я ведаю, што я не «сам-насам» з імі. За мной вялікая і ўплывовая газета, дзе я працую, і вялікая і ўплывовая арганізацыя — маецца на ўвазе Саюз палякаў у Беларусі.

Падсумоўваючы ўсё напісанае — людцы даражэнькія, ну дзе тут геройства? Калі б на маім месцы апынуўся 18-гадовы студэнт, дык гэта можна б было назваць высокімі словамі. А так — драбніцы.

ЗЫ. Недзе пасля першай гадзіны майго маўчання «Гламур» запытаў, ці быў я ў піянерах і ўзгадаў кніжку пра Мальчыша-Кібальчыша — магчыма, гэта адзіная кніжка, якую ён прачытаў, і адзіны станоўчы герой, якога ён ведае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?