У скандал замяшана Сара Пэйлін — патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты ад рэспубліканцаў.

Кангрэсвумэн Гіфардс аказалася чарговай ахвярай дазволу на нашэнне зброі.

Кангрэсвумэн Гіфардс аказалася чарговай ахвярай дазволу на нашэнне зброі.

Узброены злачынца адкрыў стральбу ў суботу, 8 студзеня, у амерыканскім горадзе Тусон (штат Арызона), дзе праходзіла публічнае мерапрыемства з удзелам кангрэсвумэн Габрыэль Гіфардс.

Злачынца без папярэджання адкрыў агонь з паўаўтаматычнага пісталета, наблізіўшыся да Гіфардс ззаду. Першая куля трапіла кангрэсвумэн у галаву. Злачынца страляў у тых, хто сабраўся на выступ палітыка, пакуль яго не павалілі і не скруцілі двое смелых людзей.

Кулі зачапілі 19 чалавек. Шасцёра з іх загінулі, уключаючы 9-гадовае дзіця.

Палітык застаецца жывой, хоць і ў цяжкім стане.

Палітык праводзіла сустрэчу са сваімі прыхільнікамі.

Гіфардс, сяброўка Дэмакратычнай партыі, прадстаўляе ў Кангрэсе штат Арызона з 2007 года.

«У нас яшчэ няма адказаў на ўсе пытанні, — заявіў прэзідэнт Абама. — Але мы ведаем, што такі бессэнсоўны і жудасны акт гвалту не павінен мець месца ў нашым вольным грамадстве».

Страляў «разумны, але душэўна не зусім здаровы» чалавек, удакладніў шэрыф Арызоны. Ён не назваў па імені злачынца, але, па наяўных звестках, ім быў 22-гадовы жыхар Тусона Джарэд Локнэр. У арыштаванага «крымінальнае мінулае», дадаў шэрыф.

Кангрэсвумэн жанатая з Маркам Келі — астранаўтам і капітанам марской авіяцыі — у красавіку ён павінен узначаліць апошнюю місію шатла Endeavour. Ён знаходзіўся ў Х’юстане ў рамках падрыхтоўкі да палёту, але пасля весткі аб раненні жонкі прыляцеў у Арызону. Яго брат-блізнюк, Скот Кэлі, у цяперашні час знаходзіцца на касмічнай станцыі.

У скандал аказалася ўцягнутая і экс-губернатарка Аляскі Сара Пэйлін — патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты ад рэспубліканцаў. Прапанова «расстраляць» кангрэсвумэн Габрыэль Гіфардс, вісела некалькі месяцаў на яе старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.

Пэйлін яшчэ ў сакавіку мінулага года вывесіла на сваёй старонцы мапу ЗША, у якой у выглядзе мішэняў былі пазначаныя тыя акругі, у якіх, як лічыла былы губернатар Аляскі, рэспубліканцы павінны былі «ліквідаваць» дэмакратаў. У ліку «мішэняў» значылася і Гіфардс.

«Мы асаблівую ўвагу звяртаем на тых членаў палаты прадстаўнікоў, хто галасаваў у падтрымку рэформы аховы здароўя Барака Абамы і прадстаўляюць акругі, якія падтрымалі нас з сенатарам Джонам Макейнам падчас перадвыбарчай кампаніі 2008 года», — напісала Пэйлін ў каментары да карты.

Калі жаданне Пэйлін рэалізавалася літаральна і настолькі трагічна, ёй прыйшлося прыбраць мапу з сайта.

«Я выказваю глыбокія спачуванні сям’і Гіфардс і іншым ахвярам трагедыі ў Арызоне. Тод (муж Сары Пэйлін) і ўся мая сям’я моляцца за ахвяры і іх сем’і, а таксама за мір і справядлівасць», — гаворыцца ў заяве экс-губернатара.

Заява не перашкодзіла шматлікім чытачам Пэйлін пакінуць каментары, якія вінавацяць яе ў пад'юджванні да гвалту.

На гэтым сумныя супадзенні не сканчаюцца. Гіфардс у свой час адрэагавала на карту Пэйлін, сказаўшы: «Калі людзі робяць такія рэчы, яны павінны ўсведамляць наступствы».

Ёсць і яшчэ адно супадзенне. Сама Гіфардс вядомая тым, што на працягу ўсёй сваёй палітычнай біяграфіі з’яўлялася заўзятым змагаром права амерыканцаў на нашэнне зброі. Яна не раз прызнавалася ў тым, што сама валодае зброяй.

Многія эксперты лічаць, што менавіта з прычыны традыцыйнага права амерыканцаў на валоданне прыватнай зброяй узровень забойстваў у гэтай краіне адзін з найвышэйшых у свеце, прычым часта здараюцца менавіта такія масавыя публічныя забойствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?