Гэтай знаходцы цаны няма – ліст 19-гадовага Васіля Быкава знойдзены будаўнікамі падчас зносу хаты Быкавых. Потым яшчэ год яго вазіў у бардачку сваёй машыны адзін з вушацкіх будаўнікоў, пакуль не перадаў Антаніне Іванаўне Быкавай, удаве брата пісьменьніка, па сутнасьці, галоўнай захавальніцы ў бычкоўскай сядзібе-музэі Васіля Быкава.

Ліст гэты амаль 60 гадоў перахоўваўся ў старой хаце, на яго ўжо забыліся. Сястра пісьменьніка Валянціна Уладзімераўна мяркуе, што, відаць, уторкнула яго тады. у 1944-м, між бярвеньнямі хаты ды так і забылася на яго. А між тым гэта самы першы ліст Васіля Быкава з фронту, датаваны ён 2 красавіка 1944 году. Наступныя лісты Быкаў напіша ўжо з Бесарабіі 7 і 12 жніўня, 6 верасьня, тады сама і распавядзе, як жыў тры ваенныя гады – як быў засьпеты вайной у Шостцы, як разам з часткамі Чырвонай Арміі адступаў пешшу, на павозках альбо машынах да самога Варонежу; як з прычыны яшчэ непрызыўнога веку працаваў у калгасе, а пасьля на чыгуначным транспарце; як трапіў у Саратаўскую вайсковую вучэльню, па заканчэньні якога быў накіраваны на 2-і Ўкраінскі фронт і зь першага ж дня пайшоў у бой; як у сьнежні 1943 году быў лёгка паранены; і коратка пра тое, як пры наступленьні на Кіраваград атрымаў ужо цяжкае раньне (гісторыя гэтая станецца пазьней асновай аповесьці «Мёртвым не баліць»). Пра ўсё гэта Васіль Быкаў напіша крыху пазьней, а пакуль раскажа пра сябе вельмі сьцісла – відавочна, без спадзеву, што ліст дойдзе да адрасата:

«Добрый день, дорогие родители! Пишу Вам, но не надеюсь, чтобы Вы получили мое письмо. Не знаю, живы ли Вы и как Вы живете. Я пока жив. Воюю. Сейчас направляюсь на фронт из госпиталя. От родных мест дал[неразб.]. Освобождаю Украину.

Больше ничего не сообщаю, но если буду живой, буду писать.

С прив[етом], Ваш сын и брат
Василий Быков.
2 апреля 1944 г.»

Напісаны ён на блянку, зробленым друкаваным чынам, з адваротнага боку яго ўверсе надрукавана: «Смерть немецким захватчикам!»; «ВОИНСКОЕ»; далей ужо быкаўскай рукой напісаны адрас і нумар палявой пошты 2623. У другой частцы блянка ў сполахах салюту намаляваны Крэмль і выдрукаваны верш Самуіла Маршака «Салют»:

    С каждым днем настойчивей, победней
    Залпы орудийные в Кремле.
    Будет день, когда раскат последний
    Праздник возвестит родной земле.
    Возвестит победу над врагами,
    Что падут, разбившись о гранит.
    И, как прежде, ленинское знамя
    Все края Отчизны осенит.
    Наши села встанут из развалин,
    Города пышнее расцветут…
    Будет день, когда прикажет Сталин:
    – Победившей Родине – салют!

Відаць па ўсім, менавіта сьледам за гэтым лістом родзічы будучага пісьменьніка атрымаюць і пахавальную на яго, маўляў, ваш сын і брат лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч загінуў сьмерцю храбрых і пахаваны пад Кіраваградам у вёсцы Севярынка… Валянціна Ўладзімераўна згадвае, што ў яе пацямнела ўваччу, калі яна атрымала пахавальнае спавешчаньне. Аднак, супаставіўшы даты, зразумела, што жывы іх Васіль – ліст быў напісаны ўжо пасьля ўяўнай сьмерці брата. Але ўсё адно, кажа, разам з бацькамі плакала ў тую вясну 1944-га…

Цяпер гэтая бясцэнная рэліквія захоўваецца ў Бычках (астатнія франтавыя лісты пісьменьніка Валянціна Ўладзімераўна перадала яшчэ ў 80-х гадах у Віцебскі краязнаўчы музэй), праўда, не экспануецца – хоць Быкаўскаму музэю ўжо больш за два гады, але дагэтуль у ім няма стэндаў, каб выстаўляць гэты ды іншыя лісты Васіля Быкава, фатаграфіі. Застаецца толькі спадзявацца, што й вушацкія ўлады, і дырэктар музэю парупяцца нарэшце для музэю, бо Васіль Быкаў – гэта імя беларускай і сусьветнай літаратуры, і штогод зімой і ўлетку ў Бычкі едуць сотні людзей, каб ушанаваць памяць пра пісьменьніка.

ДАРЭЧЫ

Надрукаваныя і прывезеныя з Расіі ў Мінск чарговыя тры тамы Поўнага збору твораў Васіля Быкава. Выдадзеныя чацьверты, пяты і шосты тамы, і найбліжэйшым часам кнігі будуць бясплатна перададзеныя ў бібліятэкі краіны. Першыя тры тамы паўтара году таму разьвезеныя па бібліятэках краіны, зараз на чарзе – яшчэ тры тамы.

Выдаўцы спадзяюцца, што ўсе заплянаваныя і падрыхтаваныя 14 тамоў будуць выдадзеныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?