У пятніцу, 17 лістапада, са Шклоўскай калёніі быў нечакана вызвалены Мікола Астрэйка. Ён быў арыштаваны сёлета ў лютым, у жніўні суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў яго да двух гадоў зьняволеньня. Астрэйка быў пакараны па артыкуле «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». У панядзелак адно з сваіх першых інтэрвію пасьля вызваленьня Мікола даў «Нашай Ніве». Ён адразу папярэдзіў, што пакуль ня вельмі арыентуецца ў палітычных падзеях у краіне, таму папрасіў задаваць толькі асабістыя пытаньні.

«Наша Ніва»: Мікола, як Вы перанесьлі гэтыя дзевяць месяцаў зьняволеньня?

Мікола Астрэйка: Нельга сказаць, што мне было лёгка. Натуральна, што было вельмі і вельмі цяжка. Гэта тычылася абсалютна ўсяго. Спадзяюся, турма не адбілася значна на маім здароўі, але ўсё адно бліжэйшым часам мяркую зьвярнуцца да лекараў, па мэдагляд. У мяне хранічная хвароба сэрца. А таксама, як ва ўсіх зэкаў, у мяне баляць зубы, таму неабходна ісьці да стаматоляга.

«НН»: Што для Вас было найцяжэйшым за гэты тэрмін?

МА: Тое, што я быў далёка ад сваёй сям’і – бацькоў, жонкі, дачкі. Мне вельмі не хапала іх усіх. Цяпер пастараюся кампэнсаваць для ўсіх тую маю адсутнасьць.

«НН»: Ці ведалі Вы загадзя пра вызваленьне?

МА: Не, абсалютна нічога ня ведаў. Даведаўся толькі ў той момант, калі 17 лістапада ў камэру прыйшоў дзяжурны і сказаў, каб я рыхтаваўся да вызваленьня. Да канца паверыў у тое, што гэта праўда, толькі пасьля таго, як аказаўся за брамай калёніі. Я быў вельмі шчасьлівы ад такой нечаканасьці.

«НН»: Калі пра вызваленьне даведаліся вашыя родныя?

МА: Толькі тады, калі ў пятніцу вечарам я зьявіўся ў менскай кватэры. Для ўсіх гэта быў прыемны шок. Думаю, ня толькі для мяне, але і для ўсіх сваякоў і родных. Такі вось прыемны сюрпрыз я ім падараваў.

«НН»: Мікола, вы толькі зараз пабачылі сваю дачку?

МА: Так. Мне вельмі прыемна ад гэтага, што я ўрэшце пабачыў сваю Лізу.

«НН»: Чым цяпер мяркуеце заняцца?

МА: Я яшчэ не да канца вольны чалавек. Буду працаваць на папраўчых працах і 15% заробку адлічаць дзяржаве. У панядзелак зранку быў у РАУС Першамайскага раёну Менску, стаў на ўлік. Думаю, што бліжэйшымі днямі знайду для сябе нейкую працу. Галоўнае – што я буду жыць разам зь сям’ёй.

Таксама хацеў бы падзякаваць «Нашай Ніве» за маральную падтрымку, якую газэта аказвала на працягу ўсяго майго зьняволеньня.

?

Алесь Бяляцкі пра вызваленьне Астрэйкі: Гэта не сыгнал

“Наша Ніва” зьвярнулася да праваабаронцы Алеся Бяляцкага, сёлетняга намінанта на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міра, з пытаньнем: ці ня зьвязвае ён вызваленьне Міколы Астрэйкі з новай стратэгіяй Эўразьвязу датычна Беларусі?

“Калі такая сувязь ёсьць, то яна вельмі апасродкаваная. Эўразьвяз вылучыў цэлы шэраг рэкамэндацыяў, якія павінны выканаць беларускія ўлады, каб разьлічваць на выдзяленьне магчымай дапамогу, вызваленьне палітвязьняў ёсьць толькі адным з пунктаў гэтай стратэгіі. Па шчырасьці мне мала верыцца ў сувязь між гэтымі падзеямі. Хаця, у прынцыпе, гэта і магло быць пэўным сыгналам для Захаду, што беларускія ўлады гатовыя да дыялёгу. Як бы тое ні было, але пра сутнасьць рэчаў мы даведаемся ўжо бліжэйшым часам. Мой скепсіс найперш датычыць таго, што перад вызваленьнем Скрабца і Астрэйкі ў турму кінулі Дашкевіча. Беларуская ўлада ня ёсьць пасьлядоўнай у сваіх учынках. Я ня веру ў паляпшэньне ці пагаршэньне адносінаў, кропкавыя мэтады Эўразьвязу. Найхутчэй Эўразьвяз і афіцыйны Менск будуць захоўваць ранейшы статус-кво”.

Запісаў Зьміцер Панкавец

Фота Юліі Дарашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?