Штопятніцы тысячы беларусаў атрымліваюць праз пошту вялікую капэрту землянога колеру, якой чакаюць цэлы тыдзень. Адкладаюць усе свае справы, бліскучым лязом, быццам плугам, або проста прагнымі пальцамі ўспорваюць пакунак, за ім распалавіньваюць газэтныя палі, засеяныя роўнымі барознамі радкоў, – і рупліва, да апошняе літаркі, перабіраюць ворыва.

Нашу Ніву.

Гэтаксама штопятніцы тысячы беларусаў вылучаюць час для Нацыянальнага посту й малітвы за Беларусь – каб прасіць у Бога збавеньня й дабраславеньня для гэтага народу й гэтае зямлі.

Супадзеньне зусім не выпадковае. Надрукаваныя ў адным з апошніх нумароў «НН» зьвесткі пра рэлігійнасьць і канфэсійную прыналежнасьць чытачоў вельмі паказальна характарызуюць нашаніўскі фэномэн. Толькі каля 1/10 зь іх – няверуючыя. Першую беларускую газэту чытаюць тыя, хто верыць.

У Першым пасланьні да Карынцянаў ёсьць такі зварот да вернікаў: «Мы – супрацоўнікі ў Бога, а вы – Божая ніва». (І Карынц 3:9). Божая ніва – хрысьціяне гэтай зямлі. «Каласы пад сярпом Тваім» – амаль паводле Караткевіча.

Для Беларусі «Наша Ніва» была й застаецца той самай эвангельскай нівай, дзе зерне «ўпала на добрую зямлю і дало плод, што ўзышоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзесят, а тое сто». (Марка 4:8). Стогадовае поле сьвядомасьці, поле памяці, поле спадчыны штогод дае найбагацейшы валавы збор беларушчыны. А стагодзьдзе таму «Першая беларуская газэта з рысункамі» адна ўрабляла сямімільённую вёску, падымала, быццам цаліну, стоеную ў стагодзьдзях прыгнёту ды акупацыяў беларускасьць, сеяла, зжынала, малаціла, веяла, малола, выпякала – і раздавала тыя пяць хлябоў па ўсёй згаладалай краіне.

Ключавая прычына посьпеху «Нашай Нівы» з тых часоў не зьмянілася – укарэненасьць у народзе. Прынцып тут просты: кожнаму народу Бог даў магчымасьць расьці, квітнець і прыносіць плён. Калі супрацоўнікі Бога будуць працаваць як сьлед на гэтай Божай ніве – абуджаны народ дасьць ураджай сувымерны з маштабамі краіны.

«Нашу Ніву» часта называюць элітнай. Справядліва: практычна ўсе «валадары дамоў» і «інжынэры чалавечых душаў» нацыянальнага руху чыталі «НН» тады, і чытаюць цяпер. Але «Наша Ніва» заўжды была гэткай жа народнай, як і поле, засеянае збожжам. Унікум «НН» – гэта унікум народнае журналістыкі, асноўная місія якой – распавесьці аб самім сабе як аб народзе. Такім чынам, «Наша Ніва» – зьява ня столькі мэдыяпрасторы, колькі гісторыі. У іншых народаў ролю цэнтру нацыянальнай крышталізацыі выконвалі вялікія вайскаводы, крывавыя рэвалюцыі, патрыятычныя дыктатуры, а вось у беларусаў – незалежная газэта.

Згадваю «Нашу Ніву» штораз, калі атрымліваю ў лістах салідарнасьці невялікія выданьні тае народнае журналістыкі – «Наш Смаргонскі край», шаркаўшчынскую «Бацькаўшчыну», аркуш з Залесься «Крок» або «Баявы лісток вёскі Дуброва Парыцкага павету». Мне бачыцца тысячы й тысячы беларускіх вясковых і местачковых газэтаў, якім, паверце, ёсьць што распавесьці гораду і сьвету. Насьледаваньні «Нашай Ніве», пра якія напісана: «Узарэце сабе новыя нівы і ня сейце сярод церня» (Ераміі 4:3).

«Наша Ніва» – кульмінацыя беларускага культурніцтва. Кніжныя бачыны, разгорнутыя ў папяровыя палеткі, ахапляюць літаратуру, фальклёр, быт, мастацтва, палітыку – ды ўвогуле ўсё жыцьцё. Гранёны нашаніўскі шрыфт, у якім угадваюцца дробачкі з эўфрасіньнеўскіх літараў і поўнае зерне Капіевіча, зьбірае ў адно ўсе знакі 1000-годзьдзя беларускасьці, каб засяваць Нашу Ніву зноў і зноў.

Як раней, так і цяпер «наша старонка» ператвараецца ў краіну на старонках «Нашае Нівы». «НН» была праграмаю для абвяшчэньня БНР і беларусізацыі 20-х – і пераняла ролю лідэра Адраджэньня на мяжы тысячагодзьдзяў.

У выніку 100-гадовая «Наша Ніва» сталася для Беларускі гэткім жа нацыянальным сымбалем, як The Times для Ангельшчыны, Le Figaro для Францыі ці The Wall Street Journal для Амэрыкі.

Сёньняшняя «Наша Ніва» – аднаўленьне тае нівы. Ня большае й ня меншае, ня іншай і ня «вашай» – нашай.

Сёньняшняя ж Беларусь – адно вялікае Малое Сітна. Зьняверанае, занядбанае, загрузлае ў граху й падпарадкаванае рабству. Сеяць і вырошчваць нацыю на такой ніве надта цяжка. Хтосьці абавязкова заўважыць: ды паглядзіце на свой наклад... Што тыя некалькі тысячаў для 10-мільённай краіны? Але так было заўсёды: «Жніво вялікае, а працаўнікоў мала» (Лукі 10:2).

Тыя, хто верыць, ніколі ня кінуць, ня спляжаць і не прададуць Нашай нівы. Бо, як і 100 гадоў таму, тут сеюць, вырошчваюць і зьбіраюць ня хлеб і не відовішчы, а нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?