У 1994 годзе інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі прайшла праз дзесяць дзён пасля выбараў. У 2001-м — праз адзінаццаць дзён. У 2006-м — праз дваццаць. Чацвёртая прысяга адкладаецца на рэкордны тэрмін.

Успомнім мінулае.

1994 год. Аляксандр Лукашэнка перамог у другім туры 10 ліпеня. Цырымонія інаўгурацыі прайшла 20 ліпеня года ў Авальнай зале Дома ўрада.

Як піша «Камсамолка», бяседа была сціплая, як сярэдняе савецкае вяселле. З успамінаў Вячаслава Кебіча: «Пасля інаўгурацыі мы сфатаграфаваліся з новым прэзідэнтам. Удзень быў фуршэт у доме ўрада, толькі для дэпутатаў… Колькі гэта каштавала? Па тых часах нядорага. Ну прабачце, звычайны абед без першага! Колькі адзін дэпутат можа з’есці? Па тых часах, пры тым курсе і пры тых цэнах нават не варта пра гэта ўспамінаць».

Расказвае Леанід Сініцын, першы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта ў 1994–1996 гадах: «Інаўгурацыя першага прэзідэнта была значна больш штодзённым мерапрыемствам, чым здаецца па сканчэнні 15 гадоў (смяецца). Для нас, каманды, усё было проста: ёсць прэзідэнт — мусіць быць інаўгурацыя. Прызначылі дату, правялі, насупраць гэтага пункта паставілі крыжык. Сама інаўгурацыя была вельмі шчырая — і ён верыў, і мы…»

2001 год. Выбары прайшлі 9 верасня. Інаўгурацыя адбылася 20 верасня.

2006 год. Выбары — 19 сакавіка. Інаўгурацыя — 8 красавіка.

Варта адзначыць, што як у 2001-м, так і ў 2006-м гадах інаўгурацыя прэзідэнта была нашмат больш пампезнай, чым першая.
Вось, да прыкладу, што было адзначана ў мясцовых і замежных СМІ пяць гадоў таму.

Прысягу і праграмную прамову Аляксандра Лукашэнкі ў вялікай зале Палаца рэспублікі слухалі 2600 гасцей. Цырымонія транслявалася ў жывым эфіры па ўсіх тэле- і радыёканалах.

Як напісаў «Камерсант», ні адзін лідар замежных дзяржаваў на ўрачыстасцях у Мінску не прысутнічаў. Прычым найбліжэйшы і амаль адзіны саюзнік Беларусі — Расія — не была прадстаўленая ні адным афіцыйным прадстаўніком дзяржаўнай улады.

Лукашэнка быў бледны, пануры, сціскаў рукі ў кулакі. Пад вачыма выразна былі бачныя мяшкі. Самыя бурныя і працяглыя апладысменты публікі выклікалі яго словы аб тым, што ў Беларусі моцная імунная сістэма.

— Усе нязграбныя спробы ўкараніць вірус рэвалюцыі сталі супрацьяддзем гэтай каляровай хваробе, — заўважыў ён.

Праз 15 хвілін пасля заявы прэзідэнт выйшаў на Кастрычніцкую плошчу ўжо ў генеральскай форме. У другой палове дня на гэтай плошчы ў гонар інаўгурацыі прайшоў канцэрт.

2011 год. Выбары — 19 снежня. Інаўгурацыя да гэтага часу не прызначаная.

Паводле заканадаўства, як адзначыла яшчэ да Новага года старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, цырымонія павінна адбыцца да 19 лютага 2011 года — не пазней, чым праз два месяцы з моманту правядзення выбараў. Яна выказала здагадку, што прысяга выбранага ў чацвёрты раз прэзідэнта можа быць прызначаная на 14 студзеня 2011 года.

— Я думаю, дзе-небудзь на стары Новы год, — заявіла Ярмошына, дадаўшы, што гэта пытанне будзе разглядацца ў адміністрацыі Лукашэнкі, паведаміла ўрадавае агенцтва БЕЛТА.

Тым не менш, нельга не заўважыць, што чацвёртая інаўгурацыя Лукашэнкі ў параўнанні з папярэднімі з нейкіх прычынаў пройдзе значна пазней. З моманту выбараў мінула ўжо 23 дні, а пра цырымонію нічога не чуваць.

Больш за тое, як яшчэ ў канцы снежня дакладна заўважыў АФН, такое хуткае прызначэнне новага складу Саўміна дазваляе зрабіць дзве здагадкі: Лукашэнка альбо ўжо прынёс прысягу (паводле Канстытуцыі, толькі пасля інаўгурацыі ўрад складае свае паўнамоцтвы перад новым прэзідэнтам, які затым прызначае новы склад урада, узгадніўшы папярэдне з парламентам кандыдатуру прэм’ера),

альбо канчаткова пайшоў уразнос, ігнаруючы працэдурныя патрабаванні беларускага заканадаўства.

Як бы там ні было, паводле дадзеных на 11 студзеня, на афіцыйным сайце Лукашэнкі пра дату чацвёртай інаўгурацыі не было сказана ні слова.

У прэс-службе прэзідэнта дату інаўгурацыі таксама не называюць.

— Пра тое, калі яна адбудзецца, інфармацыя будзе распаўсюджаная афіцыйна, — унікліва адказалі «Салідарнасці» на іншым канцы дроту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?