17-18 лістапада ў полацкай майстэрні мастачкі Тацяны Козік адбылася літаратурная канфэрэнцыя, прысьвечаная сучаснаму стану, праблемам і пэрспэктывам разьвіцьця літаратуры. Арганізатарам канфэрэнцыі выступіў паэт Алесь Аркуш. Раней на падобныя імпрэзы ў Полацку выдзяліся цэлыя музэі. Цяпер ёсьць магчымасьць сабрацца толькі на прыватнай кватэры. Нехта з прысутных параўнаў гэты сход зь першым зьздам РСДРП.

У Полацку сабралася каля дваццаці творцаў з усёй Беларусі. Алесь Аркуш адзначыў, што дзіўным чынам, але на такія сустрэчы прыяжджаюць толькі літаратары з дзьвюх груповак – былога «Бум-бам-літу» і ТВЛ. На канфэрэнцыю не прыехаў ніхто з кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў. Ніхто не прыехаў зь літаратурных крытыкаў і тых пісьменьнікаў, што працуюць у дзяржаўных установах, найперш ва ўнівэрсытэтах і школах.

Затое з Горадні прыехаў Юрась Пацюпа, з Пружаншчыны – Мікола Папека і, бадай, галоўнай госьцяй канфэрэнцыі была рэдактарка ўкраінскай «Критики» Багдана Маціяш.

З уступным словам выступіў Алесь Аркуш, пасьля пачаліся дыскусіі. З дакладам на тэму самвыдаву выступіў паэт Віктар Жыбуль. Валянцін Акудовіч прачытаў невялічкае эсэ на тэму крызысу ідэі літаратурнага часопісу. Серж Мінскевіч казаў пра беларускую дзіцячую літаратуру, а філёзаф Юрась Барысевіч пра літаратуру на інтэрнэт-перакрыжаваньнях.

Багдана Маціяш паінфармавала прысутных пра стан рэчаў у сучасным украінскім прыгожым пісьменстве. Усе даклады суправаджаліся актыўнымі дыскусіямі.

Цягам канфэрэнцыі прайшлі міні-прэзэнтацыі кніг Алеся Аркуша «Аскепкі вялікага малюнку», Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасьці Валянціне Г.», а таксама «Прыгоды Какоса маракоса» Сержа Мінскевіча.

Алесь Аркуш абяцае ладзіць падобныя сустрэчы для літаратараў і надалей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?