Прэтэнзіі заходніх палітыкаў і экспэртаў да таго, як прайшлі ў Беларусі выбары прэзыдэнта, і прапановы па ўвядзеньні санкцый не зьвязаныя з самім працэсам галасаваньня, заявіў сёньня старшыня савету рэспублікі нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў.

Паводле яго, па-першае, незразумелыя прэтэнзіі аб парушэньні «нейкіх эўрапейскіх стандартаў па правядзеньні выбараў». Ніякага сьпісу гэтых стандартаў ніхто не падаваў. З боку міжнародных назіральнікаў наогул не было сур’ёзных прэтэнзій да працэсу галасаваньня. Гаварылася пра тое, што вялікая колькасьць людзей прагаласавала датэрмінова. Аднак гэта іх права, і нельга катэгарычна забараніць хадзіць на датэрміновае галасаваньне.

Анатоль Рубінаў падкрэсьліў, што «ніякага дачыненьня да саміх выбараў прэтэнзіі прадстаўнікоў Захаду не маюць. Выбары прайшлі на досыць высокім узроўні: асабліва калі ўлічыць, што ў іншых былых савецкіх рэспубліках выбары праходзілі ня толькі з парушэньнямі, а нават з чалавечымі ахвярамі. Але іх усё роўна прызнавалі».

Старшыня савету рэспублікі мяркуе, што сапраўдныя прычыны вылучэньня прэтэнзій зьвязаныя з тым, што Беларусь — буфэрная дзяржава, якой даводзіцца зьмякчаць удары з абодвух бакоў. На гэты раз Эўразьвязу відавочна не спадабалася паляпшэньне беларуска-расейскіх адносін, і ўдар накіраваны менавіта ў бок Расеі. Сама па сабе Беларусь — мірная дзяржава без амбіцый, у тым ліку вайсковых, і нікому не пагражае.

Старшыня савету рэспублікі падкрэсьліў, што Беларусь зацікаўленая ва ўзаемадзеяньні з Эўропай і ЗША. Што тычыцца Расеі — гэта, паводле яго, не проста партнэр, а дзяржава, блізкая па культуры і мове. «Гэта краіна, з якой мы жылі стагоддзямі і будзем жыць», — дадаў А. Рубінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?