Сваім дэкрэтам пан Жак Шырак, Прэзідэнт Французскай Рэспублікі, надаў Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку званне Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна.

Гэтая ўзнагарода нададзена чалавеку, які ў вачах французскіх грамадзянаў увасабляе сабой гісторыю беларускага народа апошніх сямідзесяці гадоў.

Паводле дадзеных Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, кардынал Свёнтэк з’яўляецца першым і адзіным грамадзянінам Беларусі, якому было нададзена гэтае званне з моманту абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту.

Ордэн Ганаровага Легіёна, заснаваны Напалеонам Банапартам у 1802 годзе, прыйшоў на змену каралеўскаму ордэну Святога Людвіка – першаму з французскіх ордэнаў, скасаванаму ў 1792 годзе.

11 мая 1998 года такія самыя адзнакі былі ўручаныя кардыналу Ёзафу Ратцынгеру, сённяшняму Папу Бэнэдыкту XVI.

23 лістапада 2006 года, а 18 гадзіне, у Рэзідэнцыі Пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь (в. Зацань, вул. Рабінніцкая, 44), адбудзецца афіцыйная цырымонія ўзнагароджання Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка адзнакамі Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна.

Гістарычная даведка

Ордэн Ганаровага Легіёна – вышэйшая вайсковая і цывільная ўзнагарода Францыі. Ён быў заснаваны ў 1802 годзе Напалеонам Банапартам, які стаў першым яго кавалерам, для ўзнагароджання цывільных і вайсковых асобаў за выдатныя заслугі перад нацыяй у мірны і ваенны час. Ордэн – гэта не проста адзнака, але і арганізацыя ўзнагароджаных кавалераў. Узначальвае Ордэн Вялікі магістр, якім аўтаматычна становіцца Прэзідэнт Францыі. Дэкрэтам Прэзідэнта тэрмінам на шэсць гадоў прызначаецца Вялікі канцлер Ордэна, які кіруе дзейнасцю Рады Ордэна, сфармаванай з 14 кавалераў узнагароды, пачынаючы ад ступені камандора.

Ордэн мае пяць ступеняў – кавалер, афіцэр, камандор, вышэйшы афіцэр і кавалер Вялікага крыжа, які прызначаецца за выключныя заслугі.

Адным з першых кавалераў Ордэна Ганаровага Легіёна стаў Франсуа-П’ер-Жозэф Амэ – удзельнік шматлікавых бітваў, у тым ліку за Полацк і пры пераправе праз Бярэзіну. Яго імя высечана на Трыумфальнай арцы ў Парыжы.

Сярод кавалераў розных ступеняў Ордэна знакаміты інжынер Гюстаў Эйфель, аўтар двух самых вядомых помнікаў – Эйфелевай вежы ў Парыжы і статуі Свабоды ў Нью-Йорку, а таксама замежныя грамадзяне: немка Марта Рышэ – першая жанчына, якая ў 1913 годзе атрымала ліцэнзію пілота, расіяне Мсціслаў Растраповіч, Галіна Вішнеўская, Мая Плісецкая.

Сярод узнагароджаных таксама кардынал Ёзаф Ратцынгер, сённяшні Папа Бэнэдыкт XVI, якому адзнакі Камандора Ордэна Ганаровага Легіёны былі ўручаныя 11 мая 1998 года.

Апісанне афіцыйнай цырымоніі

Пан Стэфан Шмялеўскі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, таксама кавалер Ордэна Ганаровага Легіёна, скажа прамову на французскай мове з перакладам на беларускую, якая завершыцца наступнай фразай: «Казімір Свёнтэк! Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі і дадзенымі нам паўнамоцтвамі, надаем Вам званне Камандора нацыянальнага Ордэна Ганаровага Легіёна». Пасля гэтай фразы пан Пасол і адзін з супрацоўнікаў Пасольства павяжуць вакол шыі Кардынала залаты крыж Камандора на пунсовай стужцы. Затым слова будзе дадзена Яго Эмінэнцыі кардыналу Свёнтку, які скажа сваю прамову на французскай мове.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?