Распрацаваны праект новай стратэгіі Эўракамісіі адносна Беларусі. Упершыню Камісія робіць канкрэтныя прапановы: нешта ў абмен за нешта. Эўразьвяз гатовы адкрыць рынак для беларускіх тавараў, прапанаваць фінансавую падтрымку беларускім фірмам, павялічыць колькасьць стыпэндыяў для студэнтаў, зробіць больш простай працэдуру атрыманьня візаў і г.д. Кошт прапановы ЭЗ можна ацаніць у сотні мільёнаў эўра. Гэта ўсё ўзамен на дэмакратызацыю.

Эўракамісія хоча пакінуць Аляксандру Лукашэнкі дзьверы прыадкрытымі: ён можа запусьціць дэмакратычныя рэформы сам. Бо з дакумэнту не вынікае, што адыход Лукашэнкі ёсьць самамэтай Эўропы. Тое, у чым Брусэль сапраўды зацікаўлены, гэта дэмакратычны эфэкт. Камісія ставіць Беларусі 12 ўмоваў, па выкананьні якіх ЭЗ рэалізуе свае абавязацельствы. Гэта між іншага вызваленьне палітычных вязьняў, канец перасьледу апазыцыі, правядзеньне сумленнага сьледзтва ў справе «зьніклых» апазыцыянэраў і журналістаў. І ўрэшце – свабодныя выбары.

– Пераломны i даўно чаканы, – гэтак ацэньвае дакумэнт дэпутат Эўрапарлямэнту Богдан Кліх, кіраўнік «беларускай» камісіі Эўрапарлямэнту. На думку Кліха, частка заслугаў належыць польскім эўрадэпутатам з усіх фракцыяў, якія найчасьцей нагадваюць пра Беларусь.

– Хутка міне два гады, як мы пачалі прасіць і лабіраваць Эўракамісію пра падрыхтоўку такой «дарожнай мапы». І мы дачакаліся, – кажа ён.

Эўразьвяз ужо меў пагадненьне пра партнэрства і супрацоўніцтва з Беларусьсю, але яно была замарожанае ў 1996 г., пасьля другога рэфэрэндуму.

Афіцыйны дакумэнт з прапановамі новых дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю мае быць перададзены “беларускім уладам і народу” ў аўторак. Глыбейшы аналіз дакумэнту будзе магчымы, калі стане вядомы ягоны поўны зьмест.

Аляксандар Мілінкевіч гэтак адкамэнтаваў праект новай стратэгіі Эўропы:

"Прапанова Эўрасаюзу мяне ўсьцешыла. Яна своечасовая. Прапаганда ўвесь час даводзіць беларусам, што яны ня могуць спадзявацца на ЭС, бо ў Эўропе нас ніхто не чакае. А тут, калі ласка -- маем дакумэнт, які пацьвярджае, што ЭС аднак чакае на Беларусь, чакае дэмакратычных пераменаў у нашай краіне. І гатовы падтрымаць Беларусь сур’ёзнымі грашыма. Гэтая стратэгія можа моцна дапамагчы пераламаць апатыю, якая апанавала беларускае грамадзтва. Мы, са свайго боку, зробім усё, каб зьмест дакумэнту, падрыхтаванага ў ЭС, як найхутчэй трапіў да ўсіх беларусаў.

Ці скарыстаецца ўлада з гэтых прапановаў? Яна павінна зразумець, што дэмакратыя – гэта ня проста пажаданьне пэўнай часткі насельніцтва нашай краіны, а ўмова ўваходу нашай краіны ў цывілізаваны сьвет".

Барыс Тумар аб прапанове ЭС: Very good deal

Лукашэнку ня першы раз адмаўляцца ад прапановаў Захаду. Аднак на гэты раз яму цяжка будзе патлумачыць Сідорскаму з Макеем, чаму не паціснуць працягнутую руку. Цяжэй нават, чым цётцы Сьветцы з Ваўкавыску, якая затаварваецца ў беластоцкім “Ошане”. Гэтая прапанова нявыгадная сямі асобам у атачэньні кіраўніка дзяржавы, але выгадная ўсім астатнім лукашэнкаўцам.

Прыняць яе (нават неўсур’ёз і ненадоўга) значыць рызыку пайсьці дарогай Піначэта. Не прыняць яе значыць рызыку дарогі Хонэкера. Ня заўтра, але зь непазьбежнасьцю. Таму я ацэньваў бы шанцы на яе прыняцьце мізэрнымі, але большымі, чым калі-кольвек раней.

Нашай краіне прапануюць грошы на рэформы ўзамен за збліжэньне з Эўропай. Нашай краіне прапануюць таксама падтрымку ў выпадку расейскага газавага шантажу. Беларусь хочуць упісаць у вялікую гульню Эўропы па стварэньні процівагі расейскаму энэргетычнаму монстру. (Тое самае, толькі ў больш цынічным выглядзе, прапануецца цяпер Узбэкстану. У больш цынічным – бо зацікаўленасьць ва ўзбэцкім газе большая, чым у беларускім транзыце.) І гэта добра. Значыць, справа ня толькі ў ідэалах, ад якіх -- мы, на жаль, гэта ведаем -- Эўропа ня раз лёгка адмаўлялася. Справа ў канкрэтным эканамічным інтарэсе.

Гаворка пра вельмі істотныя сумы, хіба большыя, чым тыя, якімі ў свой час падтрымалі краіны Балтыі ці дэмакратычную Сэрбію. A very good deal, гаворачы на мове бізнэсу. Парадаксальна, што дыктатуру можна някепка прадаць!

Я бачу ў гэтым шанец для Беларусі. Так, у мінулым для Лукашэнкі Захад быў трэба адно як пудзіла для Масквы. Найхутчэй што і на гэты раз эўрапейцы сваёй афэртай папросту насоляць "Газпрому" на пару соцень даляраў, так бы мовіць, з паршывай авечкі хоць воўны жмут.

Аднак нават калі Лукашэнка зьбяёдае гэты шанец, іншыя запомняць: Эўрасаюз разглядае Беларусь як аб’ект інтарэсу. Нарэшце! Гульня стала вартая сьвечак.

Алесь Бяляцкі пра вызваленьне Астрэйкі: Гэта не сыгнал

“Наша Ніва” зьвярнулася да праваабаронцы Алеся Бяляцкага, сёлетняга намінанта на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міра, з пытаньнем: ці ня зьвязвае ён вызваленьне Міколы Астрэйкі з новай стратэгіяй Эўразьвязу датычна Беларусі?

“Калі такая сувязь ёсьць, то яна вельмі апасродкаваная. Эўразьвяз вылучыў цэлы шэраг рэкамэндацыяў, якія павінны выканаць беларускія ўлады, каб разьлічваць на выдзяленьне магчымай дапамогу, вызваленьне палітвязьняў ёсьць толькі адным з пунктаў гэтай стратэгіі. Па шчырасьці мне мала верыцца ў сувязь між гэтымі падзеямі. Хаця, у прынцыпе, гэта і магло быць пэўным сыгналам для Захаду, што беларускія ўлады гатовыя да дыялёгу. Як бы тое ні было, але пра сутнасьць рэчаў мы даведаемся ўжо бліжэйшым часам. Мой скепсіс найперш датычыць таго, што перад вызваленьнем Скрабца і Астрэйкі ў турму кінулі Дашкевіча. Беларуская ўлада ня ёсьць пасьлядоўнай у сваіх учынках. Я ня веру ў паляпшэньне ці пагаршэньне адносінаў, кропкавыя мэтады Эўразьвязу. Найхутчэй Эўразьвяз і афіцыйны Менск будуць захоўваць ранейшы статус-кво”.

Запісаў Зьміцер Панкавец

Камэнтар Аляксандра Класкоўскага: Паводзіны Менску застаюцца супярэчлівымі

Эўразьвяз падрыхтаваў праект новай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. Аналітыкі лічаць, што гэта для афіцыйнага Менску — пернік (дакладней, шакалядка, бо Брусэль славуты гэтым прадуктам). Іншае пытаньне, наколькі спакусяцца пачастункам беларускія ўлады. Бо начыньне — то бок набор умоваў — можа падацца нясмачным.

Прынамсі, раней такога канцэптуальнага дакумэнту не было. Былі шматлікія заявы, рэзалюцыі эўрапейскіх структураў, "чатыры вядомыя ўмовы АБСЭ" (настолькі зашмальцаваныя агульнымі згадкамі, што многія ўжо забыліся на іх зьмест).

Былі і спробы напалохаць санкцыямі. Але, як паказала гісторыя са спробай выключыць Беларусь з агульнай сыстэмы прэфэрэнцыяў у гандлі, Брусэль ня выявіў асаблівага імпэту, бо жорсткія захады маглі б ударыць бумэрангам.

Тым часам айчынныя апазыцыянэры ды аналітыкі крытыкавалі Эўропу за брак рашучасьці, адсутнасьць адзінага падыходу да беларускага пытаньня.

Так што распрацоўка стратэгіі — станоўчы момант, крок наперад, кажа палітоляг Валер Карбалевіч.

На яго думку, раней захады Эўропы ў дачыненьні да Беларусі не спрацоўвалі, у прыватнасьці, таму, што сыгналы былі недастаткова выразныя. Цяпер выглядае на тое, што афіцыйнаму Менску прапануюць пернік. Прасьцей кажучы — фінансавую дапамогу, гандлёвыя выгады і г.д. Натуральна, гэта абумоўлена шэрагам патрабаваньняў.

Валер Карбалевіч лічыць, што апазыцыя такім чынам можа атрымаць пэўныя козыры. Калі раней улады казалі, што ў Эўропе нас ніхто не чакае, то зараз — вось, калі ласка, дзьверы прыадчыняюцца!

Зрэшты, замежныя мэдыі ўжо выказалі засцярогу, што ва ўмовах інфармацыйнай манаполіі ў краіне кіроўныя вярхі пастараюцца ўтоіць сэнс прапановаў Брусэлю.

Аналітык Андрэй Фёдараў, са свайго боку, дадае, што на паводзіны ўладаў у кантэксьце гэтай прапановы ў значнай ступені будзе ўплываць тое, наколькі моцным выявіцца расейскі ціск.

Пакуль што паводзіны Менску выглядаюць супярэчліва. З аднаго боку, вызвалены з калёніі Мікалай Астрэйка. Зь іншага боку, некалькіх заходніх прадстаўнікоў нядаўна не пусьцілі на Менскі форум, адплаціўшы такім чынам за візавыя санкцыі ЭЗ. Ды і на самім форуме адбыўся даволі скандальны абмен палемічнымі ўдарамі.

Верагодна, беларускія ўлады пабойваюцца прадэманстраваць слабасьць. І калі вызваленьне аднаго ці некалькіх палітвязьняў — гэта, мусіць, яшчэ дапушчальнае для сыстэмы поле гульні з Захадам (тым болей, што рэпрэсыўная машына заўжды можа зрабіць новы абарот), то канкрэтныя крокі ў кірунку дэмакратызацыі (напрыклад, выбарчага працэсу) пакуль што праблематычныя.

"Улады баяцца трэшчыны ў сыстэме, калі іх апанэнты атрымаюць большыя магчымасьці ўзьдзейнічаць на палітычны працэс", — рэзюмуе Валер Карбалевіч.

Аляксандар Фядута аб прапановах Эўразьвязу: Пернікам сыты ня будзеш, але прапаноўваць яго трэба

Палітыка перніка і бізуна мусіць быць палітыкай – калі наагул яна мае права быць. Да гэтае пары да Беларусі ўжывалі толькі бізун.

Так, ад беларускіх уладаў патрабавалі, каб тыя пільнаваліся дэмакратычных нормаў, свабоды слова, сходаў, павызвалялі палітычных вязьняў. Але замест дэкляравалі вядомую дактрыну Болкенстайна (былога эўракамісара), які абвясьціў быў галоўнае: усё адно беларусы ў найбліжэйшай пэрспэктыве застануцца за межамі эўрапейскае сям’і. І калі Аляксандар Лукашэнка казаў, што ў Эўропе нас ніхто не чакае, ён казаў чыстую праўду.

Цяпер Захад, выглядае, зразумеў сваю памылку. Не выключаю, што ён прыслухаўся да меркаваньня Польшчы, якая пераконвала ў галоўным: калі Беларусь пойдзе на дэмакратызацыю, трэба замест бізуна не пустату дэманстраваць, а хоць якую-кольвек матэрыяльную пэрспэктыву.

Замест пустаты Беларусі паказалі пернік. Стала зразумела, што прапаноўвае Эўропа наўзамен дэмакратызацыі.

Лукашэнка пакуль не адказаў. Часу было замала. Адказваць паводле сутнасьці будуць толькі тады, калі вызначыцца цана на газ для Беларусі.

Але сама пастаноўка пытаньня празь «пернік» патрапіла вельмі ў пару. Я заўсёды вызначаў формулу жывучасьці нашага кіраўнічага рэжыму як «+2». То бок, праз два гады пасьля прыняцьця Расеі ў СГА рэжым абрынецца. У 2007 г. Расея становіцца чальцом СГА – гэта ўжо зразумела. Адначасовае закрыцьцё эўрапейскіх рынкаў прывядзе нашу эканоміку да поўнага краху. Лукашэнка разумны чалавек, ён мусіць гэта ўцяміць.

Але я ня стаў бы так радавацца. Па-першае, чалавек, які жыве толькі думкамі пра падаўжэньне асабістай улады, ня будзе сыты пернікамі. Па-другое, беларускае кіраўніцтва ўжо не ўпершыню падманвае даверлівую бабульку Эўропу. Вось і цяпер, вызваліўшы аднаго палітвязьня, Менск будзе патрабаваць скасаваць усе абмежаваньні адразу.

Тым ня менш, меркаваў і мяркую: калі зараз прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка прызначыць спэцыяльнага ўпаўнаважанага ў перамовах з Эўрапейскім Зьвязам, ЭЗ мусіць пайсьці на перамовы з гэтым чалавекам.

Нават калі гэта будзе Віктар Шэйман.

Камэнтар «Газэты выборчай»: Трэба дайсьці да беларусаў

Піша аглядальнік гэтага ўплывовага польскага выданьня Вацлаў Радзівіновіч:

Нельга разьлічваць на тое, што Лукашэнка прыме прапановы, прэзэнтаваныя ў «дарожнай мапе» ЭЗ для Беларусі. Эўропа гатовая дапамагаць, інвэставаць у беларускую эканоміку вялікія грошы пры ўмовах, якія Лукашэнка ня можа выканаць.

Напрыклад, сумленнае, як хацеў бы Эўразьвяз, сьледзтва ў справе зьніклых бязь вестак апазыцыянэраў ... [не магло б адбыцца]. Цяжка таксама разьлічваць на тое, што сярод тых, хто сёньня кіруе Беларусьсю знойдзецца нехта сьмелы. Нагэтулькі сьмелы, каб падумаць, што можна паспрабаваць пазбавіццца ад дыктатара, спадзеючыся на будучую дапамогу Эўропы. Гэта Ўладзімер Жырыноўскі можа дазволіць сабе паўтараць у Маскве, што «Беларусь можа вызваліць толькі снайпэр». У Менску страх паралізуе. Лукашэнка трымае сваіх людзей пад абцасам. Палацавага перавароту, калі толькі не дапаможа Масква, там ня будзе. Аднак «дарожная мапа» вельмі важная для беларускага грамадзтва. І, насамрэч, можа яго ўскалыхнуць.

Толькі як зрабіць так, каб беларусы даведаліся, што Эўропа гатова ім даць, калі іх краіна пачне дэмакратызацыю? Беларускае тэлебачаньне, радыё, газэты зь вялікім накладам належаць дзяржаве і не напішуць пра «мапу» без указаньня Лукашэнкі. А радыёстанцыі для Беларусі, што мы з такім шумам адкрывалі ў Польшчы, маюць па-ранейшаму мізэрную зону пакрыцьця. Неабходна іх раскручваць, і як мага хутчэй.

Неабходна запускаць ужо абяцаныя беларусам тэлевізійныя каналы. Беларусам патрэбныя ня толькі нашыя словы. Таксама і ўчынкі – хаця б для таго, каб такія словы, якія нясе «мапа», маглі да іх дайсьці.

Вінцук Вячорка, лідэр Партыі БНФ: Гэта добрая навіна

Упершыню за многія гады стратэгія Эўракамісіі вельмі канкрэтная. Ранейшая стратэгія, што прадугледжвала ўзаемныя крокі насустрач, відавочна не спрацавала. Цяпер жа Эўропа прапануе дапамогу толькі пасьля выкананьня сваіх патрабаваньняў. Моцна сумняваюся, што беларуская ўлада іх выканае. Але лічу вельмі важным, каб інфармацыя пра гэтыя патрабаваньні стала вядомая як мага шырэйшаму колу беларусаў, асабліва, тых, каму адрасаваная будучая эўрапейская дапамога.

У прэс-службе Міністэрства замежных справаў Беларусі ініцыятыву Эўракамісіі не пракамэнтавалі, спаслаўшыся на адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?