Нікога з расійскіх палітыкаў або афіцыйных асоб не запрашалі на інаўгурацыю прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 13 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Маскве.

«Шчыра кажучы, не чуў аб нейкім запрашэнні каго б там ні было на інаўгурацыю. Не ведаю, шчыра скажу, якая пратакольная практыка ў Беларусі. У нас замежных прадстаўнікоў на інаўгурацыю прэзідэнта, напрыклад, не запрашаюць. Так што я не чуў аб тым, што кагосьці з Расіі запрашалі на інаўгурацыю», — цытуе Лаўрова РІА Новости.

Як паведамлялася раней, паводле неафіцыйнай інфармацыі, інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі запланавана на 21 студзеня. Аднак у прэс-службе беларускага прэзідэнта гэтую інфармацыю пакуль не пацвярджаюць.

Лаўроў таксама паведаміў, што Расія працягвае сачыць за лёсам расійскіх грамадзян, арыштаваных у Беларусі падчас акцый пратэсту 19–20 снежня.

«Што да працэсаў, якія суправаджалі завяршэнне выбараў, мы вельмі ўважліва адсочваем лёс нашых суайчыннікаў, мы дабіліся вызвалення большасці з іх. Двое былі зноў арыштаваны, ім прад’яўляецца абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, нашы дыпламаты знаходзяцца з імі ў пастаянным кантакце», — адзначыў Лаўроў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?