Неабазнанаму люду здалёк здаецца намёк на новы варыянт Дня cалідарнасьці, што цяпер адзначаецца ў памяць зьніклых вядомых людзей Беларусі. Месяц таму горад трывожна гудзеў: што такое «шаснаццаць»? Практычна кожная вуліца была размаляваная гэтай лічбай. 16 не замазвалі, не зьдзіралі, да сёньня лічба застаецца на дамах.

26 паявілася як працяг таемнай магіі лічбаў — такі самы дызайн, толькі дадалося трохі тэксту. Людзі, якія выкарыстоўвалі брэнд-лічбу апазыцыйнай акцыі, яўна абапіраліся на той розгалас, які мела акцыя салідарнасьці. Тэкст на аб’яве пачынаецца са слоў пра Дзень салідарнасьці, толькі зьніклыя ахвяры заменены на забітых і рэпрэсаваных, да якіх дадаюцца «спившиеся, сторчавшиеся» кіслотнікі. Аказваецца, што рэклямуецца канцэрт электроннай музыкі, на які запрашаецца паспаліты люд. Яго праводзіць мясцовы клюб «Мэтро» — сэгмэнт буйной камэрцыйнай структуры, што аб’ядноўвае два начныя клюбы, некалькі крамаў і рэклямную газэту.

Фанабэрыя і беспрынцыповасьць — у нейкім сэнсе адметныя рысы той рэклямнай палітыкі, якую праводзіць гэтая міні-імпэрыя. Начны клюб «Мэтро» месьціцца ў адным з будынкаў на старажытнай вуліцы Малой Садовай — цяпер Ленінская — у доме, які вылучае скульптурная кампазыцыя з двух атлянтаў, што падпіраюць балькон. Не зважаючы на гарадзкое начальства, побач з атлянтамі клюб змантажаваў мэталічныя каркасы двух агромністых фантастычных насякомых, якія падпіраюць шыльду на ўваходзе.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?