У Беларусі з афіцыйным візытам пабываў сенатар Рычард Дурбін. Цягам дня ён сустрэўся зь сем’ямі палітвязняў, прадстаўнікамі СМІ і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. На выніковай прэсавай канферэнцыі ён заклікаў Аляксандра Лукашэнку вызваліць беларускіх палітвязняў і спыніць крызіс, які мае месца ў краіне сёння.

Рычард Дурбін прыехаў у Беларусь трэці раз. Два гады таму ў складзе амерыканскай дэлегацыі ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтым разам Лукашэнка яго не прыняў.

Мэтай свайго візіту Рычард Дурбін назваў жаданне даць ясна зразумець беларускаму народу, што за акіянам вельмі ўважліва адсочваюць падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь: «Дзеянні беларускіх уладаў, якія арыштавалі больш за 600 апазыцыйных актывістаў, а таксама тое, што пяць кандыдатаў у прэзыдэнты былі арыштаваныя, а яшчэ два кандыдаты застаюцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе, ствараюць няведамы ва ўсясьветнай палітыцы прэцэдэнт. У краіне не можа быць дэмакратычнай формы кіраваньня, калі пройгрыш на выбарах Лукашэнку азначае накіраванне наўпрост у турму», — заявіў амэрыканскі сенатар.

Падзеі ў Беларусі, рашэнні адміністрацыі Лукашэнкі не засталіся незаўважанымі ні ў ЗША, ні ў Еўрасаюзе, заявіў спадар Дурбін.

Сенатар заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, неадкладна спыніць ціск на іх сем’і і на адвакатаў. Ён зазначыў, што нельга мірыцца з тым, што вязням КДБ не даюць магчымасці сустракацца з адвакатамі, перапісвацца зь сем’ямі і атрымліваць належнае медычнае абслугоўванне.

Тое, што беларускі КДБ сёння перашкодзіў Вользе Някляевай узяць удзел у сустрэчы з ім, пачаўшы ў яе дома ў час спатканьня ператрус, а ўчора не даў выехаць у Варшаву Мілане Міхалевіч, сенатар Дурбін назваў цалкам непрымальным парушэннем правоў чалавека.

Расказваючы пра сваю працяглую размову з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, сенатар Дурбін сказаў, што іх погляды на сітуацыю ў Беларусі былі зусім розныя. У прыватнасці, Мартынаў выказваў задавальненне тым, як прайшлі выбары ў Беларусі, а сенатар, у сваю чаргу, спытаўся — а колькі чалавек вырашаць узяць удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, калі ў выніку цяперашняй кампаніі большасць кандыдатаў апынулася ў турме? Адказу не было. Спадар Мартынаў на ўсе пытанні амерыканскага сенатара пра лёс затрыманых, пра ўціск адвакатаў адказваў: «Звяртайцеся ў Мінюст».

Сенатар Дурбін таксама паведаміў, што ўчора ён абмеркаваў беларускія падзеі з кіраўніцтвам Літвы, і зазначыў, што яно вельмі занепакоенае сітуацыяй у Беларусі.

Пра наступную рэакцыю ЗША на падзеі ў Беларусі, пра магчымыя новыя санкцыі адносна беларускіх уладаў Рычард Дурбін заявіў: «Я збіраюся абмеркаваць гэта з дзяржаўным сакратаром Хілары Клінтан, з прадстаўнікамі Белага дома — наконт таго, якія далейшыя дзеянні павінны быць здзейсненыя. Але я шчыра спадзяюся, што не будзе патрэбы рабіць нічога, я спадзяюся, што прэзідэнт Лукашэнка зразумее, як гэта несправядліва і несумленна, і сам прыме рашэнне спыніць гэты крызіс. Ён можа гэта зрабіць. Ён можа вызваліць палітвязняў, ён можа забяспечыць справядлівыя юрыдычныя працэдуры і ўсё зрабіць як у нармальным дэмакратычным грамадстве».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?