Усяго паўтара года таму ён «набраў» 89% галасоў.

Прэзідэнт Бэн Алі на ТВ звінаваціў дэструктыўныя элементы ў беспарадках, але праз гадзіну ўцёк з краіны.

Упершыню ў арабскай краіне скончылася поспехам «каляровая рэвалюцыя». Прэзідэнт Туніса ад 1987 года Зін Абідын Бэн Алі разам з сям’ёй вылецеў з краіны ў Саудаўскую Аравію. Улада ў краіне перайшла да спікера кішэннага парламента, аднак ён паабяцаў дэмакратычныя рэформы і распачаў перамовы з апазіцыяй.

Пераломным момантам стала пятніца, калі дзясяткі тысяч людзей сабраліся на цэнтральным бульвары сталіцы, аналагу мінскага праспекта. На вуліцы выйшаў сярэдні слой і студэнты.
«Усе тунісцы, без вынятку і выключэння, павінны быць уключаны ў палітычны працэс», — сказаў часовы прэзідэнт краіны Мебаза пасля прысягі.

Раней у пятніцу пра выкананне абавязкаў прэзідэнта заяўляў прэм’ер-міністр краіны. Аднак Канстытуцыйны суд вырашыў, што ўзначаліць краіну належыць спікеру.

Нягледзячы на адлёт дыктатара, сілавыя структуры захоўваюць кантроль над сітуацыяй. Цэнтр сталіцы патрулюецца туніскім спецназам, вакол горада размешчаны армейскія часткі. Улады разганяюць усе стыхійныя мітынгі.
Бульвар, на якім месціцца туніскае Міністэрства ўнутраных справаў, блакуюць танкі. На даху міністэрства відаць снайперы.

Тым не менш, настрой людзей, як перадаюць інфармацыйныя агенцтвы, пераважна радасны. Многія ўспрынялі з палёгкай інфармацыю пра пераход улады ў рукі спікера парламента, канстытуцыйным шляхам.

Міжнародныя авіякампаніі аднаўляюць рэйсы ў Туніс.

Грамадзянскія актывісты ў розных краінах Блізкага Усходу цешацца падзенню Бэн Алі. Гэта гістарычны момант — ніколі раней у арабскай краіне прэзідэнта не змятала народнае паўстанне. Раней здараліся толькі вайсковыя перавароты.

ЗША, якія гадамі падтрымлівалі грамадзянскую супольнасць Туніса, віталі перамены. Прэзідэнт Абама выказаў захапленне «мужнасцю і годнасцю» туніскага народа.

Наадварот, аўтарытарныя ўрады арабскіх краін точаць зубы. Фактычныя дыктатары кіруюць суседнімі Егіптам, Лівіяй, Алжырам, Сірыяй. Манархічныя рэжымы працягваюць захоўвацца ў Марока, Саудаўскай Аравіі.

Бэн Алі быў тыповым аўтарытарным кіраўніком. Ён прыйшоў да ўлады 23 гады таму, у 1987 годзе, пасля таго як папярэдні прэзідэнт, Хабіб Бургіба, даправіўся да старэчага маразму.

Бэн Алі расставіў на ключавыя пазіцыі сваякоў. Кіраваў ён з апорай на спецслужбы і паліцыю. Ён зачыніў частку апазіцыйных палітычных партый. Многія блогеры аказаліся ў турме за «паклёп на прэзідэнта» і «арганізацыю масавых беспарадкаў». Усяго паўтара года таму на выбарах Бэн Алі «сабраў» 89% галасоў. Але пратрываць чарговы тэрмін не здолеў. Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі запатрабавала мераў строгай эканоміі. У адказ людзі сталі выходзіць на вуліцы.

Першыя сутычкі з паліцыяй адбыліся ў сярэдзіне снежня на захадзе краіны.

Становішча заставалася напружаным. Мітынгавалі студэнты. Тым часам ці то марадзёры, ці то правакатары арганізавалі рабаўніцтва крамаў, банкаў у сталіцы і іншых гарадах. Гэта дало падставу Бэн Алі вывесці на вуліцы армію. Сутычкі не спыняліся.

У чацвер прэзідэнт Бэн Алі і прэм’ер-міністр nравялі прыватную сустрэчу з лідарамі апазіцыі. Апазіцыянерам прапанавалі месцы ў кааліцыйным урадзе.

У пятніцу дзясяткі тысяч тунісцаў выйшлі на цэнтральны бульвар сталіцы — аналаг мінскага праспекта. Яны скандавалі «Бен Алі, сыходзь!», а таксама спявалі нацыянальны гімн праз пэўныя прамежкі часу. Спецслужбісты здымалі людзей з дахаў і акон. Спецназ стаяў твар у твар з дэманстрантамі на тратуарах, але не ўмешваўся.

Сутычкі пачаліся толькі пасля абеду, калі група дэманстрантаў перайшла Рубікон — палезла на плот вакол будынка Міністэрства ўнутраных спраў.

Спецназ хутка рассеяў дэманстрантаў, а Бэн Алі абвесціў увядзенне надзвычайнага становішча. Ён паабяцаў роспуск урада і правядзенне датэрміновых выбараў. Аднак, відаць, нервы ў яго не вытрымалі, а наменклатура перастала яму падпарадкоўвацца. І прыкладна праз гадзіну пасля ўласнага тэлезвароту з абвяшчэннем пра ўвядзенне надзвычайнага становішча Бэн Алі на вайсковых аўтамабілях, з сям’ёй, выехаў у аэрапорт, дзе яго ўжо чакаў прэзідэнцкі самалёт.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?