Бацька зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца камэнтуе артыкул «За кулісамі адной змовы», які часткамі выходзіць у газэце «Советская Белоруссия». З рэдактарам гэтага выданьня Кастусь Севярынец знаёмы асабіста, але цяпер кажа: «Я больш ніколі не падам рукі гэтаму чалавеку».

Журналіста Кастуся Севярынца асабліва абурыла надрукаванае ў «СБ» сьцьверджаньне, што Павал Севярынец «настойліва патрабаваў прыходзіць на плошчу з ломікамі, каб выкалупваць плітку і закідваць АМАП».

«Павал ня можа адказаць на гэтую хлусьню, як і многія іншыя згаданыя ў артыкуле асобы, зьняволеныя сёньня ў СІЗА КДБ. Таму за сына адкажу я. Мой сын дачыненьня да „змовы“, пра якую піша „Советская Белоруссия“, ня мае. Таму згадваць у такім артыкуле ягонае імя — гэта верх подласьці! І цяпер ня мае вялікага значэньня, ці пісаў „За кулісамі адной змовы“ Павал Якубовіч асабіста, ці ён выйшаў зь ягонай рэдактарскай згоды — усё адно гэта паклёпніцтва і подласьць», — заўважае бацька палітыка.

З Паўлам Якубовічам Кастусь Севярынец знаёмы асабіста. Але ў свой час ён катэгарычна адмовіўся працаваць пад Якубовічавым кіраўніцтвам у газэце «Советская Белоруссия», дзе да 1995 году быў уласным карэспандэнтам па Віцебскай вобласьці.

«З тае пары прайшло шмат часу, і даводзілася неаднойчы сустракацца, і мы абодва ўсьведамлялі, што знаходзімся па розныя бакі барыкадаў,

але да гэтага артыкулу Павел Якубовіч не пераходзіў апошняй мяжы чалавечай прыстойнасьці.

Калісьці я падаваў яму руку, якая мне цяпер пячэ! Я больш ніколі не падам рукі гэтаму чалавеку», — гаворыць Кастусь Севярынец.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?