Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» намінавала рэдактара сайта «Хартыя’97» Наталлю Радзіну на прэмію Netizen Prize 2011 года.

Пра гэта праваабаронцы 17 студзеня праінфармавалі грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ).

Як паведамілі ў прэс-службе БАЖ, сваё рашэнне «Рэпарцёры без межаў» растлумачылі «асаблівай роляй інтэрнэт-рэсурсу, на які працуе Наталля, і яе асабістым унёскам у барацьбу за свабоду слова ў Беларусі».

Наталля Радзіна, а таксама валанцёры сайта «Хартыя’97» былі затрыманы раніцай 20 снежня на сваіх працоўных месцах. Валанцёры былі прыгавораныя да адміністрацыйнага арышту. Радзінай прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, якія адбыліся ў Мінску вечарам 19 снежня (чч. 1, 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Рэдактар знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

***

Штогадовая прэмія Netizen Prize уручаецца з 2008 года блогерам, анлайн-журналістам і кібердысідэнтам, якія спрыяюць развіццю свабоды слова ў інтэрнэце. Акрамя Радзінай «Рэпарцёры без межаў» вылучылі на гэтую прэмію ў 2011 годзе пяць журналістаў — з Бахрэйна, В’етнама, Кітая, Тайланда і Туніса.

Чакаецца, што цырымонія ўручэння Netizen Prize пройдзе ў Парыжы ў Міжнародны дзень супраць кіберцэнзуры 11 сакавіка 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?