Тры чалавекі загінулі, яшчэ трое траўмаваныя падчас абвалу даху былой фермы ў Верхнядзвінскім раёне, паведамілі ў цэнтры прапаганды і навучання пры Віцебскім абласным упраўленні МНС.

Трагедыя здарылася ўдзень 17 студзеня ў вёсцы Дубровы на жывёлагадоўчай ферме сельгаспрадпрыемства «Кахановічы», якая не эксплуатавалася і падлягала дэмантажу.

Прыбылыя на месца супрацоўнікі раённага аддзела МНС дасталі з-пад завалаў трох мужчын, 1961, 1958 і 1960 гадоў нараджэння, якія з рознымі пераломамі і ў стане траўматычнага шоку былі дастаўленыя ў цэнтральную раённую бальніцу. Усе пацярпелыя з’яўляюцца работнікамі будаўнічай брыгады прадпрыемства «Кахановічы», якія працавалі на дэмантажы сельгаспабудовы. Іх стан ацэньваецца як стабільны.

Крыху пазней на месцы абвалу былі знойдзены целы трох загінулых, 1973, 1964 і 1958 гадоў нараджэння, таксама работнікаў будаўнічай брыгады.

Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай абвалу канструкцый з’яўляецца парушэнне правіл тэхнікі бяспекі падчас дэмантажу фермы. Будынак плошчай амаль 1,3 тыс. кв. м быў узведзены ў 1970 годзе, а ў 2007 годзе зняты з балансу прадпрыемства. Абвал даху адбыўся па ўсёй плошчы будынка.

Пракуратура Верхнядзвінскага раёна распачала крымінальную справу па частцы 2 арт. 303 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека», якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Будуць выясвятляцца ўсе абставіны трагедыі, а таксама вінаватыя службовыя асобы. Крымінальная справа прынятая да вытворчасці следчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?