16 лістапада “Наша Ніва” атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі.

Папярэджаньне вынесенае за тое, што ў выходных зьвестках нумароў за лістапад "не паведамляе сапраўдны адрас рэдакцыі, што зьяўляецца парушэньнем артыкулу 26 Закону "Аб друку і другіх сродках масавай інфармацыі". Падпісала папярэджаньне намесьніца міністра Лілія Ананіч.

Нагадаем перадгісторыю. Раней "Наша Ніва" накіроўвала ў Менгарвыканкам заяву пра ўзгадненьне разьмяшчэньня рэдакцыі ў сталіцы. Аднак у адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова было сказана (па-расейску, вядома), што Менгарвыканкам "лічыць немэтазгодным разьмяшчэньне газэты "Наша Ніва" на тэрыторыі Менску".

Між тым, беларускае заканадаўства не ўтрымлівае паняцьця мэтазгоднасьці, не прадугледжвае яно і ніякіх узгадненьняў з ідэалягічнымі аддзеламі.

Пасьля таго ліста М.Ціцянкова мы чатыры разы заключалі дамовы аб арэндзе памяшканьня. Аднак варта было нам подаць дакумэнты ў Мінінфармацыі і ў аддзел юстыцыі Менгарвыканкаму аб новым адрасе газэты, як літаральна праз пару дзён чарговы арэндадаўца, жудка напалоханы,разрываў з намі дамову аб арэндзе. Адпаведна, праз пару тыдняў зь Міністэрства інфармацыі нам тэлефанавалі і паведамлялі: у іх ёсьць зьвесткі, што дамова з намі скасаваныя, таму яны ня будуць уносіць новы юрадрас у пасьведчаньне". За гэты ж час, акрамя таго, аднойчы быў скасаваны вынік аўкцыёну, паводле якога “Наша Ніва” выйграла права арэнды офісу.

На нашу думку, ідэалягічныя органы хочуць закрыць "Нашу Ніву", але хочуць зрабіць гэта так, каб выглядала ўсё як спрэчка гаспадарчых суб'ектаў або нядбайнасьць Рэдакцыі. Дык, людзі, ведайце: мы дбалі.

У кастрычніку мы паінфармавалі аб усім міністра інфармацыі, прасілі ўмяшацца, аднавіць законнасьць і абараніць “Нашу Ніву”. Але – за тыдзень да юбілею маем папярэджаньне. Як гаворыцца, што савой аб пень, што пнём аб саву.

Пакуль Рэдакцыя ня вырашыла, ці будзе яна абскаджваць гэтае папярэджаньне. Каштуе працэс пад мільён рублёў, а спадзяваньняў на суд мець не прыходзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?