22.11.2006 / 13:03

Сяргей Скрабец: Не шкадую, што прайшоў праз турму 1

Вызвалены на мінулым тыдні з турмы Сяргей Скрабец не выглядае стомленым. Скрабец даў па вызваленьні ўжо дзясяткі інтэрвію і надалей нікому не зьбіраецца адмаўляць, бо «абяцаў гэта Казуліну».

Вызвалены на мінулым тыдні з турмы Сяргей Скрабец не выглядае стомленым. Скрабец даў па вызваленьні ўжо дзясяткі інтэрвію, але працягвае нікому не адмаўляць, бо «абяцаў гэта Казуліну».

«Не магу расказаць усіх падрабязнасьцяў, каб не шакаваць чытачоў»

«Наша Ніва»: Давайце ўзгадаем, як Вас арыштоўвалі, бо пра гэта амаль ніхто ня ведае.

Сяргей Скрабец: Яшчэ перад гэтым мае сябры патэлефанавалі мне ў Маскву і сказалі, што мяне арыштуюць, каб я не вяртаўся ў Беларусь. Я вярнуўся і мяне насамрэч арыштавалі. У нядзелю зранку, калі я ішоў у басэйн. У мяне сапраўды тады ўзьнікла адчуваньне, што вось зараз пасадзяць, бо каля дому ў той дзень дзяжурылі міліцэйская і гэбэшная машыны. Я прайшоўся дзесьці з кілямэтар пешшу і да мяне падышлі людзі ў цывільным, яны прапанавалі праехаць зь імі на паўгадзіны. Я тады яшчэ пасьмяяўся, што ў нас у краіне затрымліваюць на паўгадзіны, а пасьля выпускаюць толькі праз восем гадоў. Яны запіхалі мяне ў машыну і павезьлі. Дарога ішла празь лес, таму я нават спалохаўся, што могуць забіць.

«НН»: Як падзеі разьвіваліся пасьля?

СС: У Менск па мяне прыехалі нейкія людзі зь Берасьця. Адвезьлі мяне туды. Я адразу па дарозе аб’явіў галадоўку, каб асабліва не раслабляцца.

«НН»: Адразу па арышце Вы аб’явілі галадоўку. Значыць Вы бачыце сэнс ад палітычных галадовак, ці яны могуць прынесьці вынік толькі ва ўмовах зьняволеньня?

СС: Так, канечне. Галадоўкі карысныя заўсёды. Гэта пратэст ня толькі ў фізычным, але і ў мэнтальным пляне. Ты можаш не адстаяць сваю праўду сёньня, але пасьля ўсё абавязкова вернецца да цябе. Такім радыкальным шляхам толькі і магчыма адстаяць свой пункт гледжаньня. У прынцыпе, галадоўка – гэта крок адчаю. Яна моцна б’е па нэрвовай сыстэме. Галадоўкі, вядома, кепска адбіліся на стане майго здароўя, бо пасьля трыццаці сутак у арганізьме пачынаюць адбывацца жахлівыя працэсы, пра якія я ня буду расказваць чытачам «НН», каб не шакаваць іх.

«Пры нашым ладзе твой голас могуць пачуць толькі з турмы»

«НН»: Не было спакусы застацца за мяжой, ведаючы, што Вас арыштуюць?

СС: Не, ні ў якім разе. Мне ўжо тады Швэцыя прапаноўвала палітычны прытулак, але я адмовіўся. Я сказаў, што не баюся турмы, а з краіны павінны ўцякаць сапраўдныя злачынцы, а ня я.

«НН»: Што адчувае чалавек, які ведае пра сваю невінаватасьць, але знаходзіцца ў турме?

СС: Я абсалютна нармальна сябе адчуваў, бо разумеў, што пры нашым ладзе твой голас могуць пачуць толькі з турмы. Я, натуральна, не абрадаваўся, бо турма – гэта жорсткае выпрабаваньне. Але ўспрыняў гэта як знак лёсу, сёньня я не шкадую, што прайшоў праз турму.

«НН»: Вам далі 2,5 гады, хаця пракурор патрабаваў значна большага тэрміна. Як Вы ўспрынялі прысуд?

СС: Калі скласьці ўсё, што патрабаваў пракурор, то выходзіла гадоў адзінаццаць. Адвакат таксама гаварыў, што менш чым пяць з паловай не дадуць. Прысуд усё ж быў значнай палёгкай, хаця я не чакаў такога выраку. Што датычыць злачынства, у якім мяне абвінавацілі, то праз два з паловай тыдні сканчаўся тэрмін дзеяньня гэтага злачынства.

«Мэтады ГУЛАГу і гестапа»

«НН»: Вы казалі, што ў турме давялося перажыць мноства абраз. У адным зь інтэрвію ўжылі такі выраз, як «мордай аб асфальт».

СС: Натуральна, што гэта вобразны выраз, але, калі, напрыклад, ты пішаш запіску, што патрэбны доктар, праз трое сутак прыходзіць жанчынка і пытаецца: «Чаго хацеў?». Кажу, што баліць жывот, але мне даюць таблетку ад прастуды, ад якой мне няма ніякай карысьці. Альбо на этапе мне даводзілася гадзінамі на кукішках стаяць тварам у сьнег, у трыццаціградусны мароз. Нібыта ў ГУЛАГу ці ў гестапа. Свалачное стаўленьне. Цябе яшчэ нават не пасьпелі асудзіць, але ніхто ўжо ня лічыць цябе за чалавека, ты – скаціна. Кожная дробязь. Напрыклад, трэба абрэзаць пазногці, а нажніцаў няма. У кожную сэкунду цябе могуць абшукаць. Ідзеш па зоне, цябе кліча нейкі сэржант, якому заманілася цябе праверыць. Могуць у любы момант цалкам распрануць. Табе пастаянна кажуць, што ты – г...о. Праз адно і тое ж акенца ў камэры, «кармушку», падаюць і ежу, і мачу для аналізу. Дык пра што тады можна гаварыць.

«НН»: Лісты з волі дапамагалі?

СС: Так. На маю радасьць іх было шмат, я сам не чакаў такога наплыву. Людзі пісалі. Што захапляюцца маёй мужнасьцю, казалі, каб я трымаўся. Лістоў было шмат, прычым ня толькі зь Беларусі, але і з Амэрыкі, Нямеччыны і г.д. Я не чакаў такога, ад разуменьня, што мяне помняць было здорава. Казуліна цяпер папросту завалілі лістамі і калі мне не заўжды пісалі зваротны адрас, то Казуліну пішуць, страх у народа становіцца меншым.

«НН»: Знаходзячыся ў турме Вы пайшлі на прэзыдэнцкія выбары. Дзеля чаго?

СС: Я не лічу сябе палітыкам. Палітыкай я займаюся не таму, што я гэтага хачу, а таму, што гэта неабходна. У мяне ёсьць мара, каб некалі кінуць гэты занятак і засяродзіцца на сваіх справах, але ня ведаю, ці ўдасца ў мяне гэта.

«Нісьцюк – гэта здраднік»

«НН»: Знаёмства з Казуліным адбылося ў турме?

СС: Не, яшчэ за два месяцы да арышту мы абмяркоўвалі нашу стратэгію на прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак першае наша знаёмства адбылося яшчэ ў 1998 годзе, я зьвяртаўся да Казуліна па сваіх бізнэсовых справах. У турме ж мы даведаліся адзін пра аднаго, як чалавек пра чалавека. Выявілася, што ў нас вельмі падобныя погляды на жыцьцё, сьвет, палітыку. Больш цеснае знаёмства з Казуліным дало мне веру ў будучыню Беларусі. Цяпер я пераканаўся, што зьявілася сіла, якая можа нешта зьмяніць у краіне. Казулін, што самае галоўнае, ведае шляхі для вырашэньня сваіх задач. Мяне радуе, што зьявіўся такі чалавек.

«НН»: Як увогуле трымаецца Казулін?

СС: Добра трымаецца. Гэта сапраўдны стоік. Казулін сказаў, што ў гэтай галадоўцы ён гатовы зайсьці настолькі далёка, наколькі гэта магчыма. Па вызваленьні я зьвярнуўся да лідэраў палітычных партыяў, да Алеся Пашкевіча, Уладзімера Коласа з просьбай падтрымаць Казуліна, ягоную галадоўку і патрабаваньне, але, на жаль, ня ўсе згадзіліся на гэта. Яны баяцца згубіць нейкі там аўтарытэт, але ж яго яны згубілі і так сваімі унутрыкааліцыйнымі разборкамі, а ня тым, што яны падтрымаюць чалавека, які памірае ў турме.

«НН»: Што думаюць зьняволеныя пра палітыку, пра Вашы з Казуліным галадоўкі?

СС: Зьняволеныя звычайна кажуць, што мы за любы «кіпіш», апроч галадоўкі. Яны падобныя да людзей на волі, батарэі цёплыя, ежа ёсьць, значыць усё нармальна. Палітыка іх не цікавіць, як ні дзіўна, зьняволеныя жывуць сёньняшнім днём.

«НН»: Што Казулін думае пра заявы Нісьцюка?

СС: Ні я, ні Казулін не разумеем яго. Мы шмат размаўлялі з Казуліным па гэтым пытаньні. Казулін назваў здрадай прапановы Нісьцюка аб дыялёгу з уладай, якая пасадзіла на такі тэрмін лідэра партыі. Нісьцюк – гэта здраднік, які паверыў уладам, што яны дадуць яму месца ў гарсавеце, а ў 2008 годзе яму паабяцалі месца ў парлямэнце. Аднак Казулін пэўны, што Нісьцюка абдураць у любым выпадку.

«Я памыляўся наконт ролі парлямэнту»

«НН»: Як праз краты бачыліся палітычныя падзеі, што разгортваліся ў краіне?

СС: Інфармацыя была, але яе было вельмі мала. У турме немагчыма было выпісваць «Нашу Ніву» ці «Народную волю», бо ўсё блякавалася. Была магчымасьць крыху паглядзець тэлевізар, але ўсе добра ведаюць, што такое Беларускае тэлебачаньне. Тое, што я бачыў на прыкладзе дзеяньняў Казуліна і Мілінкевіча, мне ў цэлым спадабалася. Яны годна змагаліся. Мяне больш расчаравала тое, што адбылося пасьля выбараў. Я найперш маю на ўвазе фактычнае прызнаньне ЭЗ трэцяга тэрміну Лукашэнкі, бо амаль ніхто не адмаўляецца супрацоўнічаць зь ім. Даверчыя лісты дасылаюць усе краіны ЭЗ.

«НН»: Што Вы думаеце пра дзейнасьць дэмакратычнай кааліцыі сёньня?

СС: Такая кааліцыя, якая ёсьць у апазыцыі цяпер, на карысьць толькі аднаму чалавеку, на месцы Лукашэнкі я б ужо ўсталяваў апазыцыі помнік, бо пры такой раскладцы ён будзе кіраваць яшчэ вельмі доўга.

«НН»: Ці варта апазыцыі ісьці на мясцовыя выбары?

СС: Я думаю, што трэба выкарыстоўваць дзеля палітычнай агітацыі, але ні ў якім выпадку не ісьці ў мясцовыя саветы, бо яны, як і парлямэнт, ня маюць абсалютна ніякай улады. Я, калі ішоў у парлямэнт, моцна памыляўся, думаючы, што ён мае нейкія паўнамоцтвы. Гэта проста фон, які надае легетымнасьці уладзе.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

0
Саянаў / Адказаць
24.11.2006 / 00:17
С.Скрабец: "...калі параўнаць Расею з намі, то ў Расеі сёньня проста нейкі "разгул дэмакратыі". А спадзяваньні – Расея ад нас адарвалася на 15 гадоў у пляне разьвіцьця дэмакратыі." ========================== Россия - страна с "гибридным режимом" Согласно исследованию, проведенному журналом The Economist, Российская Федерация занимает 102 место (из 162) в рейтинге демократических стран, находясь между Кенией и островным государством Малави. Россия является страной с "гибридным режимом", где выборы проводятся, но под контролем властей, пресса свободна в определенных рамках, а политическая культура населения развита слабо. В 2007 году, прогнозирует издание, ситуация с демократией в РФ только ухудшится. Свобода слова и другие гражданские свободы будут сокращаться. Назначенные на конец года парламентские выборы, по мнению исследователей "возможно пройдут с большими нарушениями", что подтолкнет Россию к скатыванию из категории "гибридных режимов" в категорию режимов "авторитарных", где составит компанию таким странам, как Ангола, Джибути и Туркменистан. Специалисты издания пришли к выводу, что наиболее демократичной страной в мире является Швеция, наименьший индекс - у Северной Кореи. При проведении исследования учитывались следующие параметры: процедура проведения выборов и плюрализм, работа правительства, участие граждан в управлении страной, политическая культура, гражданские свободы. При этом правительство РФ тянет общий рейтинг страны вниз сильнее всего - с индексом 3,21 (из 10) работа российского руководства оценена вровень с камерунским. Зато с плюрализмом в России все не так плохо: с индексом в 7,0 страна находится наравне с Сенегалом и Венесуэлой и даже немного опережает Индонезию и Шри-Ланку. Источник: Lenta.ru
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру