19 студзеня прадстаўнікі моладзевых арганізацый Літвы правялі ў Вільні на Катэдральнай плошчы, ля тратуарнай пліткі з надпісам «Цуд» акцыю салідарнасці. Так моладзь нагадала пра падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў улады жорстка задушылі мірны пратэст прыхільнікаў дэмакратычных сіл і пачалі іх масава пераследваць.

Прадстаўнікі розных моладзевых арганізацый прачыталі заклікі, звернутыя да літоўскіх і еўрапейскіх ведамстваў, аб неабходнасці прадпрымаць канкрэтныя дзеянні і дапамагчы беларускім апазіцыйным сілам, якія апынуліся ў складаным становішчы.

Сімвалічна кожны зварот чыталі як жаданне з верай у тое, што голас моладзі будзе пачуты, і становішча ў суседняй краіне калі-небудзь зменіцца да лепшага.

Паводле словаў аднаго з арганізатараў акцыі, Лютаураса Гуджынскаса, нядаўна ў Літве адбыліся мерапрыемствы з нагоды 20-годдзя барацьбы за свабоду Літвы. Гуджынскас сказаў, што літоўцы не забыліся пра тое, што значыць гвалт супраць мірных жыхароў, якія бароняць сваю свабоду, і што значыць нарэшце заваяваць гэтую свабоду. «Таму мы павінны цвёрда падтрымаць беларускіх людзей, якія змагаюцца за свае грамадзянскія правы і дзеля гэтага рызыкуюць нават сваім жыццём. Хто ведае, быць можа, калі-небудзь беларускія людзі ўбачаць сапраўдны цуд», — выказаў надзею Гуджынскас.

Віленчкі вераць, што калі ўстаць на плітку «Цуд», загадаць жаданне і тры разы павярнуцца, цуд збудзецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?