Генадзь Зюганаў занепакоіўся пра лёс арыштаваных пасля падзей 19 снежня ў Мінску. Лідар КПРФ мае намер прасіць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку іх памілаваць. Мяркуючы па ўсім, беларускія ўлады рыхтуюць «эфектны жэст».

Зюганаў расказаў, што з заклікам аб вызваленні ён мае намер звярнуцца да беларускага кіраўніка пасля інаўгурацыі 21 студзеня, на якую запрошаны.

— Пасля гэтага ўрачыстага мерапрыемства я збіраюся афіцыйна звярнуцца да Аляксандра Рыгоравіча з заклікам праявіць вялікадушнасць і гуманнасць да тых, хто, магчыма, парушыў закон, бо такое права ў прэзідэнта ёсць, — цытуе словы Генадзя Зюганава interfax.by.

Гэтая заява выглядае прынамсі дзіўнай. Як вядома, раней лідар расійскіх камуністаў не быў заўважаны ў такіх актах праявы гуманізму. Дык што ж здарылася цяпер?

Варта заўважыць, што,

заклікаючы Лукашэнку да праявы гуманізму, Зюганаў пры гэтым ні на секунду не сумняецца, што дзейнічала беларуская ўлада цалкам законна і адэкватна.

— Я абсалютна ўпэўнены, што законная ўлада правільна зрабіла ў дачыненні да тых, хто бясчынстваваў і разбіваў фасад Дома ўрада ў цэнтры Мінска, — адзначае ён, пры гэтым вінавацячы ў падзеях вонкавыя сілы. — Сцэнар гэтых бясчынстваў быў той жа, што ў свой час быў ужыты ў Югаславіі, а пазней — у Грузіі і Малдове. Аднак гэтым разам гэты сцэнар не спрацаваў, бо ўлада дзейнічала хутка і правільна.

Гэта значыць, па сутнасці Зюганаў цалкам падтрымлівае версію ўладаў, якая так актыўна навязваецца беларускай і сусветнай супольнасці.

Прычыны такіх паводзінаў лідара КПРФ можна трактаваць па-рознаму. Аднак найбольш лагічнай нам здаецца версія пра тое, што Зюганаў рыхтуе глебу для вызвалення палітвязняў па просьбе самога ж Мінска. Гэта значыць, беларускія ўлады шукаюць хоць якую нагоду, каб выпусціць вязняў на волю, але зрабіць гэта так, каб «акт гуманізму» не выглядаў крокам пад ціскам Захаду.

У выніку атрымаецца, што палітвязняў выпусцяць выключна па просьбе «паважаных людзей», і справа тут зусім не ў санкцыях.

Інакш з чаго б Генадзю Зюганаву так перажываць за лёсы людзей, якія, па яго ж словах, так бясчынствавалі каля Дома ўрада? Да таго ж лідар КПРФ заўсёды безумоўна і заўзята падтрымліваў любыя дзеянні беларускага кіраўніцтва, і думаецца, наўрад ці выступіў бы з такой ініцыятывай без папярэдняга ўзгаднення.

Нездарма ж ён адзначыў, што не прымае крытычных заўвагаў, якія выказваюць у адрас новаабранага прэзідэнта Беларусі многія прадстаўнікі Еўрасаюза і Рады Еўропы.

— Я здзіўлены той перадузятасцю, якую выказваюць і да Расіі, і да Беларусі многія прадстаўнікі Рады Еўропы і Еўрасаюза, бесцырымонна ўмешваючыся ва ўнутраныя справы дзяржаваў. Там у іх дзейнічаюць двайныя стандарты. Я ў гэтым абсалютна перакананы, — заявіў Зюганаў, нібы цытуючы Лукашэнку.

Ці апраўдаюцца нашы здагадкі і ці ўбачым мы гэты «эфектны жэст» з вызваленнем палітвязняў, стане зразумела вельмі хутка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?