Неўзабаве можа паўстаць саюз левых партыяў. З такой прапановай выступілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі камуністаў Беларускай. У саюз мае ўвайсьці таксама Партыя жанчын «Надзея».
Паводле папярэдняй інфармацы, новае ўтварэньне атрымае назву Саюз левых партый або Сацыял-дэмакратычны саюз. Галоўным органам саюзу будзе Канфэрэнцыя.
Са згоды ўсіх партыяў-заснавальніцаў да СДС на правох удзельніцаў або назіральніцаў могуць далучыцца іншыя сілы.
Алена Скрыган (ПКБ) тлумачыць: «Партыі-заснавальніцы саюзу дзейнічаюць у рамках адзінага дэмакратычнага руху і не нясуць яму ніякай пагрозы. Робіцца гэта для ўзгадненьня нашых пазыцыяў». На яе думку левыя партыі Беларусі маюць шмат супольнага ў сваіх праграмах, але часта дзейнічаюць з розных пазыцыяў. «Будучы саюз дазволіць нам працаваць больш эфэктыўна. Што будзе на карысьць дэмакратычнаму руху».
Адзін з бацькоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Анатоль Сідарэвіч разаслаў аднапартыйцам з БСДП (Грамада) ліст з рэзкай крытыкай ідэі аб’яднаньня. На ягоную думку, недапушчальна «аддаваць сьцяг сацыял-дэмакратыі камуністам». Ён нагадвае, што ў праграме ПКБ няма адмовы ад спадчыны КПСС–КПБ і асуджэньня сталінскага тэрору. Між тым у ім загінулі ў тым ліку гістарычныя лідэры беларускай сацыял-дэмакратыі Тарашкевіч, Луцкевіч, Смоліч.
Лідэр камуністаў Сяргей Калякін пасьлядоўна выступаў супраць дыктатуры і саюз з усім спэктрам дэмакратычных партый.
Лідэр БСДП (Грамады) Аляксандар Казулін адбывае пакараньне ў турме, 34-ы дзень трымае там галадоўку пратэсту.
На мясцовых выбарах ПКБ выставіла каля 150-ці, а Грамада каля сотні кандыдатаў.
Фота Андрэя Лянкевіча