Пабітая лямпачка ніколі ня будзе нагодай для рэвалюцыі. Некалькі думак наконт кампаніі мясцовых выбараў. Піша Віталь Сіліцкі.

Назіраючы за падрыхтоўкай да мясцовых выбараў, аналітык аднаго зь незалежных інтэрнэт-выданьняў параіў апазыцыі, што «лепей лямпачку ўкруціць, чым дарэмна гаварыць!», маючы на ўвазе бессэнсоўнасьць прасоўваньня буйных ідэяў і неабходнасьць сканцэнтравацца на сацыяльнай тэматыцы. Здаецца, усё правільна, але ўзгадалася вось што.

Зыход у сацыялку

Я асабіста ведаю не адзін дзясятак апазыцыянэраў, якія спрабавалі і спрабуюць ісьці ў народ менавіта гэткімі сродкамі і лаяліся з тымі апазыцыянэрамі, хто імкнуўся змагацца толькі «за свабоду», як казаў Міхал Сяргеевіч, «у цэлым». Што выйшла? Тых, хто больш упарта за іншых круціць лямпачкі, хутчэй за ўсіх здымуць зь перадвыбарнай дыстанцыі. А потым паспрабуй даказаць, што лямпачку ўкруціў менавіта ты, а не, прынамсі, Паўлаў (а хутчэй, нават вышэй). Чысьціня ў пад’ездах і ўтульнасьць у доме ў нас забясьпечваюцца, як кажа плякат на плошчы Бангалор, «хозяином, который всё это создал». Сучасная палітыка, і ня важна, пра які мы рэжым кажам, гэта рэч нашмат болей віртуальная, чым рэальная. Сэнс укручваньня лямпачак альбо якой пасадкі дрэваў перад Нацыянальнай бібліятэкай – не ў саміх лямпачках ці дрэвах, а ў тым, каб гэта паказалі па тэлевізару. А тое, што паказвае тэлевізар, залежыць ад таго, хто яго кантралюе.

Не, я не заклікаю да таго, каб рабіць добрыя справы толькі на паказуху. Проста часьцяком складаецца ўражаньне, што тыя, хто імкнецца пакрытыкаваць апанэнтаў улады (а крытыкаваць іх ёсьць шмат за што), проста імкнуцца засьвяціцца, што яны іх крытыкуюць, не жадаючы крытычна ацаніць свае ўласныя заўвагі і прапановы. Рабіць добрыя справы трэба заўжды і нават яшчэ больш тады, калі гэтыя справы іншым, даруйце за калямбур, да лямпачкі. Але гэта – не палітычная дзейнасьць, гэта максымум той від дзейнасьці, які можа прывесьці хіба што да лякальных міні-вынікаў, да якіх трэба прыкласьці звышвысілкі. Проста кажучы, зыход у сацыялку – гэта своеасаблівая форма народніцтва. Памятаеце, з урокаў гісторыі, былі такія разумныя дзядзькі ў царскай Расеі, якія спрабавалі дамагчыся пераменаў, зыходзячы ў вёскі і займаючыся дробнымі добрымі справамі? І ніхто ня скажа, добрыя былі дзядзькі і цёткі ці не. Толькі гналі іх у шыю ня толькі жандары, а самі сяляне. А праз пару дзесяцігодзьдзяў, калі «высьпелі» ўмовы, пайшлі тыя ж самыя сяляне за ідэйнымі адмарозкамі ўсіх колераў. Што з гэтага выйшла – вы ведаеце. Ратуй Божа Беларусь ад такіх вось «пераменаў», але, як вядома, гісторыя часам паўтараецца...

Усюды пастка

Самыя лякальныя пытаньні заўжды маюць больш шырокі складнік. Просты прыклад зь лямпачкамі паказвае, што куды ні ткніся – для апазыцыі ўсюду пастаўлена пастка. Шляхам простага практыкаваньня фармальна канкурэнтных выбараў рэжым Лукашэнкі падтрымлівае пэўны грамадзкі інтарэс і чаканьні што да палітычных працэсаў. Гэта таксама забясьпечвае, у нейкай ступені, падтрыманьне попыту на збольшага маласэнсоўныя ў дадзеных абставінах формы дзейнасьці.

Напрыклад, ад апазыцыі патрабуюць праграмаў, якіх яна ня зможа выканаць (зразумела, што пытаньне пераменаў у Беларусі – ня сёньняшняга дня, а, скажам, у 2015 г. праграмы, што напісаныя ў 2006-м, безнадзейна састарэюць), альбо выкананьня нейкіх сацыяльных функцыяў (тыя ж самыя лямпачкі ў пад’ездах), выкананьне якіх наўпрост вядзе да ліквідацыі пазасталых апазыцыйных актораў (лямпачка ў пад’ездзе – гэта ўсё ж такі подкуп выбаршчыка).

Па сутнасьці, мы маем справу з майстравіта сканструяваным суіснаваньнем супярэчлівых рэалій і ўяўленьняў, якія адно аднаму не адпавядаюць, а таксама практыкі і яе ўспрыманьня. Назваць рэчы сваімі імёнамі, заявіць, што палітыкі няма і пакуль ня будзе, для апазыцыі яшчэ даражэй – тады яна сама расьпісвалася б у тым, што яе існаваньне ня мае сэнсу.

Перафарматаваньне электарату

Разьлічваць на нейкія зьмены ў рамках асобна ўзятых мясцовых выбараў – гэта глупства, зразумела. Праблема, аднак, ня толькі ў мясцовым фармаце, але і ў самой сацыяльнай тэматыцы, якая непазьбежна будзе дамінаваць, і якая, як ні круці, служыць дэмабілізацыі грамадзтва.

Палітычныя перамены ва ўмовах прэвэнтыўнага рэжыму і карпаратыўнай дзяржавы магчымыя толькі ў рэжыме выбуху – прычым ня толькі сацыяльнага, але і маральнага – той самай рэвалюцыі духу, якая адбылася ў сакавіку ў межах адной асобна ўзятай плошчы. «альныя людзі на абардаж не ідуць – яны прыстасоўваюцца да таго, што ёсьць, і рэалізуюць свае жыцьцёвыя памкненьні, у тым ліку і прагу да пэўнай ступені свабоды, у межах магчымага. На абардаж лезуць людзі, апантаныя верай і каштоўнасьцямі, тыя, хто гатовы змагацца за Бога і Бацькаўшчыну.

Галадоўка пратэстанцкіх вернікаў толькі пацьвердзіла тэзу, якую аўтар гэтых радкоў прапанаваў быў пасьля сакавіцкіх падзеяў, – што небясьпечнымі для ўладаў на сёньняшні дзень могуць быць ня нейкія палітычныя ды сацыяльныя тэхналёгіі (іншымі словамі, праявы «альнага дзеяньня і мысьленьня), а і»альныя, самаахвярныя ўчынкі адзінак і групаў. У той жа час, абмежаваньні на падобныя ўчынкі накладваюцца далёка ня толькі жорсткасьцю рэпрэсіяў.

За апошнія гады ў грамадзтве адбылася «алізацыя дачыненьняў паміж рэжымам і грамадзянамі. З аднаго боку, падтрымка ўлады і яе кіраўніка пазбавілася нейкай экзальтаванасьці яе прыхільнікаў, якая была характэрная ў іншыя часы.

Любая бабця сёньня можа лягічна і пасьлядоўна растлумачыць, чаму яна за Лукашэнку. А вось адказы тых, хто супраць, часьцяком гэтай лягічнасьці і пасьлядоўнасьці бракуюць – таму што апанэнты, хочаш ня хочаш, а вымушаныя прызнаваць, што ў Беларусі ў нейкім сэнсе, з жыцьцёвага гледзішча, ня ўсё так дрэнна (а калі ня ўсё дрэнна, то чаму быць супраць? Мы ж самі сабе на гэтае пытаньне адкажам, а што сказаць тым, хто не падзяляе нашай веры, каштоўнасьцяў і памкненьняў).

Зь іншага боку, гэтая самая «алізацыя прывяла да пашырэньня кола падтрымкі рэжыму ў грамадзтве – проста таму, што пэўныя сацыяльныя групы, як той казаў, перафарматаваліся, увайшлі ў кантракт зь дзяржавай і вызначаюць свае адносіны выключна адпаведна ступені і пэрыядычнасьці аплаты гамбурскіх рахункаў.

У чым сэнс дзейнасьці

Дадамо да гэтага, што на палітычны вынік у блізкай ужо выбарнай кампаніі разьлічваць таксама не прыходзіцца. Рызыкую зрабіць прагноз, што мы неўзабаве пабачым давяршэньне стварэньня сыстэмы татальнага кантролю за выбарамі. Гэтая сыстэма трошкі прабуксавала ў 2003 г., калі некалькі дзясяткаў апазыцыянэраў усё ж такі здолелі дамагчыся дэпутацкіх мандатаў. Што іх саміх не зьберагло, а мабыць, толькі падкінула многім зь іх, напрыклад, Алесю Чыгіру з Бабруйску ці Юрасю Губарэвічу з Белаазёрску, жыцьцёвых непрыемнасьцяў.

Шмат хто зь іх будзе ізноў змагацца, так бы мовіць, на пэрспэктыву – сэнс удзелу ў выбарах, незалежна ад стадыі, на якой ўдасца фінішаваць, шмат для каго будзе проста нагодай засьвяціцца сярод выбаршчыкаў, разьлічваючы на гіпатэтычную пару, калі выбары стануць больш зьмястоўныя, а мандаты – больш важкія. Але гэта, хутчэй, індывідуальныя стратэгіі, а не калектыўныя. На гэты раз, прагназую, усё будзе, як на праспэкце Незалежнасьці пасьля суботніку. Што ў такім разе рабіць апанэнтам улады на мясцовых выбарах, ды на выбарах наагул?

Збольшага, ізноў паўстае пытаньне, якое неаднаразова задавалася цягам гэтага году: а ў чым наагул сэнс палітычнай дзейнасьці ва ўмовах карпаратыўнай дзяржавы. Калісьці я выказаў меркаваньне, што такая дзейнасьць ня мае шмат сэнсу. Але ж...

Агульнанацыянальныя лямпачкі

Калі мы настойваем на тым, што палітычная апазыцыя мусіць захавацца, то варта нешта паспрабаваць. Толькі рабіць гэта апазыцыі трэба ня ўцягваючыся ў фармат гульні, запраграмаваны ўладамі, а спрабуючы гуляць у сваю гульню. Фактычна, гутарка ідзе пра тое, каб выкарыстаць кожную магчымасьць, нават кожную дату ў афіцыйным палітычным календары для рэалізацыі больш шырокіх мэтаў прыхільнікаў пераменаў. Што тут маецца на ўвазе?

Па-першае, у апазыцыі сёньня катастрафічны недахоп эфэктыўных мясцовых палітыкаў. Ня «крэпкіх хазяйсьцьвеньнікаў» і не народнікаў, а тых, хто сапраўды ўмее разгарнуць мясцовыя, жыцьцёвыя, сацыяльныя праблемы ў палітычную роўніцу. Бо палітык – гэта ня той, хто ўкручвае лямпачкі (гэты чалавек завецца электрыкам), а той, хто здольны мабілізаваць грамаду, у пад’езьдзе ці ў вёсцы, на рашэньне сваіх уласных праблемаў, зрабіць штосьці карыснае ці дамагчыся праўды разам. Такія прыклады сярод нашай апазыцыі ёсьць.

Праблема ня толькі ў тым, што такіх людзей няшмат, але і ў тым, што на іх час ад часу, мякка кажучы, коса паглядаюць нават тэарэтычна свае. А шкада. Не называючы імёнаў (хто ведае, той ведае), я б грунтоўна параіў нашым палітычным лідэрам выкарыстаць гэтых людзей прынамсі для трэнінгаў патэнцыйных кандыдатаў. Досьведу, як зарганізаваць і змабілізаваць людзей на месцы, у нас мала, і дзеля гэтага ён яшчэ больш каштоўны.

Па-другое, мясцовая кампанія ёсьць проста добрая нагода, для таго, каб павысіць пазнавальнасьць і палітыкаў з агульнанацыянальнымі амбіцыямі. Спадар Мілінкевіч падаў добры прыклад, вырашыўшы прыняць удзел у кампаніі не на карысьць сабе, а на карысьць іншых кандыдатаў. Усе астатнія лідэры мусяць зрабіць тое ж самае. Вас здымаюць з дыстанцыі – нават лепш. У вас разьвязаныя рукі працаваць на больш шырокую аўдыторыю.

Па-трэцяе, нават самой мясцовай кампаніі сьлед імкнуцца надаваць агульнанацыянальнае адценьне. Адзін з такіх кірункаў – інфармацыйная праца з выбаршчыкамі. Ёсьць нагода проста праінфармаваць пэўную частку грамадзтва аб тым, што насамрэч адбываецца ў краіне. Другі напрамак – больш шырокі.

«алізацыю адносінаў паміж дзяржавай і грамадзтвам, аб якой казалася вышэй, таксама можна паспрабаваць выкарыстаць як пэўную магчымасьць для выпрацоўкі і данясеньня пазытыўных пасланьняў.

Штодзённыя праблемы беларускіх выбаршчыкаў наўрад ці радыкальна адрозьніваюцца ў розных кутках Беларусі. А гэта значыць – і простым рэчам, такім, як тыя ж самыя лямпачкі, варта надаваць больш шырокае, агульнанацыянальнае адценьне.

Зьбіраць камяні

Болей за тое, перад грамадзтвам паўстаюць абсалютна канкрэтныя пытаньні і праблемы, на якія палітыкі мусяць рэагаваць. Мясцовая кампанія – гэта проста нагода, каб данесьці наконт іх той самы пазытыўны мэсыдж. Напрыклад, што варта рабіць у эканоміцы ў сьвятле блізкага ўжо падвышэньня цэнаў на газ? Як вырашыць пытаньне імклівага ўзьлёту коштаў на жытло, якое становіцца галаўным болем для цэлага пакаленьня беларусаў? Ці як, напрыклад, скарыстаць з прапановаў аб нармалізацыі адносінаў, вылучанымі нядаўна Беларусі Эўрасаюзам, і што гэтыя прапановы нясуць сярэднестатыстычнаму беларусу?

Вядома ж, кандыдаты будуць размаўляць і імправізаваць, але, каб гэтая імправізацыя была зьмястоўная і мела хоць нейкія доўгатэрміновыя наступствы, трэба, пакуль ня позна, адмовіцца ад бачаньня мясцовай кампаніі як проста сумы кампаніяў індывідуальных.

Надзвычай палітызаваць мясцовыя выбары было б таксама недарэчна. Палітычнага запалу, настрою, узбуджанасьці, якія былі падчас сакавіцкіх падзеяў, цягам наступных двух месяцаў ня будзе. Пабітая лямпачка ніколі ня будзе нагодай для рэвалюцыі. А калі так, то лепш выкарыстаць нагоду, каб паказаць, што апазыцыя можа і здолее ня толькі раскідваць камяні, але і зьбіраць іх. Урэшце, маленькая спроба ў гэтым напрамку будзе лепшай, чым выхад з чарговага афіцыйнага мерапрыемства з нулявым вынікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?