20.01.2011 / 16:18

Васіль Сёмуха: «Барадулін называе мяне казлом, а Караткевіч уратаваў!» 16

Гутарка аб усім з легендарным перакладчыкам.

Васілю Сёмуху споўнілася 75. Але ён ненавідзіць свой дзень народзінаў, у гэты дзень не бярэ слухаўкі, не адказвае на лісты, не прымае віншаванняў.

Каб не злаваць юбіляра, змяшчаем гутарку з творцам сёння (юбілей быў учора). Яна спецыяльна запісвалася загадзя, пад відам «проста гутаркі для газеты». Калі б Сёмуха пачуў, што гэтая гутарка да яго юбілею, мяркую, вы б не чыталі гэтых радкоў. Такі яго характар — чалавека, які пераклаў Біблію і «Фаўста», які мае Дзяржпрэмію Беларусі, высокія ўзнагароды Нямеччыны і Латвіі, найлепшыя сябры якога — Брыль, Караткевіч і Барадулін. Першая частка гутаркі — пра асабістае.

— Спадар Васіль, за што Ваш сябар, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін называе вас казлом?

— Ну правільна называе! Паміж сябрамі не бывае брыдкіх слоў. Бывае ўсё вельмі справядліва!.. Для мяне гэта вельмі харошае слова, я яго заўсёды прымаў — ён і ў вочы называе мяне казлом. І мне прыемна гэта чуць ад Барадуліна, я не ведаю нават чаму.

— Як вы яго называеце?

— Рыгор. Рыгорка. Часам Грыша, але вельмі рэдка.

— Між «казлом» і «Рыгоркам», здаецца, вялікая розніца…

— Ён на год старэйшы за мяне. Я не магу называць яго неяк інакш. Усе мае сябры, якія былі — Брыль, Караткевіч — яны былі хто на год, хто на дзесяць, хто на васямнаццаць, як Брыль, — старэйшыя за мяне. І я трымаў гэтую дыстанцыю. Грыша мае поўнае права называць мяне казлом. Калі б мне гэта было непрыемна, я б сказаў: «Грыша, так мяне не называй».

— Дык за якія рысы характару ён вас так называе?

— Чорт яго ведае! Трэба ў яго перапытацца.

— Як вас яшчэ ў жыцці называлі, былі нейкія мянушкі?

— У школе называлі Васыль Ясэнскі — бо я быў з хутара Ясэнэц. Перасяленец — спачатку ў сяло, потым у Пружаны.

— Вы ніколі не бралі сабе гэтую мянушку як псеўданім?

— Браў. Пры перакладзе Караткевічавага рамана «Леаніды не вернуцца да зямлі». Гэта быў мой псеўданім.

— Здаецца, той пераклад рамана так і не быў надрукаваны?

— Не друкаваўся. Яго набор быў рассыпаны. Караткевічу як маглі ставілі палкі ў колы…

«Для мяне было шчасце мыць заср…ыя пялюшкі мае дачкі…»

— Упартасць, за якую вас празвалі казлом, прыносіла вам нязручнасці ў жыцці?

— Наадварот, мне гэта дапамагала. Бо калі папусціцца, то кожны на карак сядзе і будзе паганяць. Трэба быць упартым. Я ўпарты.

— Вы ўпарціцеся толькі ў прынцыповых пытаннях ці гэта стыль паводзін такі?

— Хутчэй — стыль паводзін. Хоць у паводзінах я магу і адступіць, а ў прынцыповых пытаннях — не. Там ужо — да канца.

— Гэта тычыцца ўсіх, нават каго вы любіце?

— Асабліва!

— Ну добра. Прыходзіць да вас унучка і кажа, што хоча вам на шпалерах намаляваць рожыцу. Вы будзеце ўпарціцца?

— Намалюй! Вось яна мне ўжо колькі малюнкаў зрабіла (у пакоі вісіць шмат малюнкаў на сценах. — аўт.). Але гэта іншая справа — яна ўнучка! Для мяне было незразумела, чаму я яе люблю больш чым сваіх дзяцей. Учора яны ў мяне былі, і сын мне патлумачыў: «Гэта вельмі проста. У дзядоў і бабуль менш клопату!» І праўда — для мяне гэта свята, а ў яго гэта кожны дзень вялікі занятак!» А ў старасці гэта радасць — ты бачыш, чаго ты дасягнуў, чым ты сканчаешся, і што пачынаецца з гэтага.

— А калі вашы дзеці былі маленькія, вы былі клапатлівым бацькам? Некаторыя жонкі творчых людзей скардзяцца, што ён «і паліцу не павесіў, і ср…у дзіцю не выцер».

— У мяне было крышачку інакш. Чамусьці мая жонка і мая цешча, асабліва цешча, неўзлюбілі дачку маю. Тая толькі нарадзілася, недзе пару тыдняў, і я заўважыў раптам, як мая цешча… Тады ж ніякіх падгузнікаў не было, былі пялюшкі, якія трэба было бясконца мыць і сушыць. Гляджу — абаср…я пялёнка. І мая цешча бярэ — і яе пачынае ледзьве-ледзьве не ванітаваць. Мілая мая! Я быў страшэнна здзіўлены. Бо мне мыць пялюшкі з г…ом майго дзіцяці — гэта вялікая асалода. Яно мне пахла, а не смярдзела!.. А жонка таксама неяк халодна-халодна ставілася да гэтай дзеўчынкі маёй маленькай. Аж пакуль не нарадзіўся сын праз два гады. Там гэтага хлопца — ужо яму толькі ў ср.у дзьмухалі! Ужо мяне нават і не дапускалі да яго — гэта быў любімец бабы і маці. А Леся засталася на маіх руках практычна. У адной сям’і два розныя выхаванні. Цешча ненавідзела гэтую Лесю, а я да яе прыкіпеў усёй душой. Я не забуду той сцэны, як яе ванітавала ад пялюшак…

— Можа, якая шляхцянка была?

— Якая шляхцянка, што вы гаворыце — з Уваравіч пад Гомелем, яна і маю жонку нагуляла невядома з кім!..

— А цяпер жа сталася наадварот — вы часцей бачыце сына, чым дачку?

— Ну так, лёс склаўся, што я жыву ў адным горадзе з сынам і кантактую з яго сям’ёю, а Алеся жыве ў Амерыцы і кантактуе са сваёй маці, якая ненавідзела яе. Яна яе ненавідзіць і зараз. Але яе ў адказ і ўнукі не любяць — дзеці Алесі.

— У якім парадку гэта было: ваша жонка з’ехала — і вы разышліся, ці вы разышліся — і яна з’ехала?

— Мы спачатку разышліся, і тады яна з’ехала. Яшчэ да таго, як паехала Алеся — бо мела там сваякоў. А тое, што мая дачка паехала, — я да гэтага часу шкадую… Хоць гэта сямейнае — яшчэ ў 1895 годзе ў Амерыку на заробкі з’ехаў мой дзед па матчынай лініі. Потым паехаў адзін яго сын, другі, трэці, чацвёрты… Усяго ў яго было 8 дзяцей, з якіх з’ехалі шэсць.

«Першы ўспамін дзяцінства — як у 1939 годзе бацькі галасавалі…»

— Ці не з хутара ваш такі хутаранскі характар?

— Відаць, адтуль. Маё дзяцінства прайшло там, дакладней першыя шэсць ягоных гадоў. А далей ужо — вайна, і жыў у цёткі Ганны ў суседняй вёсцы… Бацькоў арыштавалі летам 1942 года, дзесьці ў ліпені. Яны былі ў гэты момант у хляве ці на двары. А дзіця, я, ляжала ў хаце, накрытае з галавою. І калі я прачнуўся, то пабачыў, што нікога ў хаце няма і чужая гаворка. Немцы.

— Дарэчы, гэта ваш першы ўспамін пра дзяцінства?

— Я памятаю першы дзень вайны, калі нас у Ясэнцы абстралялі. Ляцелі самалёты спачатку за лес, потым там раздаліся выбухі — бамбілі Ружаны. Потым яны ляцелі назад — і пачалі страляць. Мы адразу пагналі кароў у лес. Ніводнай яны не забілі. А потым немцы збілі савецкі самалёт, ён упаў за агародамі Смаляніцы. Лётчык выкінуўся, але яго расстралялі ў паветры, пакуль спускаўся на парашуце. А з таго самалёта ўся Смаляніца ўсю вайну рабіла міскі, лыжкі… З парашутнага шоўку забітага лётчыка кабеты ўсяе вёскі зрабілі сабе сачыкі (блузачкі з паяском), дужа модныя, і насілі іх у святочныя дні. …А першы ўспамін ведаеце які? Як у 1939 годзе да нас прыязджалі галасаваць на выбары за далучэнне да БССР. Памятаю, як мае бацькі кідалі ў скрыначку два лісточкі — адзін блакітны, а другі ружовы.

— Дык гэта адбывалася яшчэ, калі хутар быў пад Польшчаю?

— Не, выбары былі, як ужо вызвалілі. А нарадзіўся я грамадзянінам Польшчы. Мог бы і «карту паляка» атрымаць, але я не ставіў такой мэты. У царкве ў Смаляніцы, дзе мяне хрысцілі, павінны быць дакументы.

— Вы праваслаўны?

— Мая маці была пратэстанткай, а выйшла замуж за праваслаўнага.

— Сына вы назвалі ў гонар свайго бацькі?

— Так.

— А дачку?

— У гонар Дамашэвічавай дачкі (пісьменніка Уладзіміра Дамашэвіча. — Аўт.) Мне дужа спадабалася гэтае імя.

— Яно было тады рэдкае?

— Вельмі рэдкае! Я меў вялікі клопат у ЗАГСе, каб зарэгістраваць гэтае імя! Мне крычалі, што «няма такога імені» і тыкалі нейкі там спіс «дазволеных» імёнаў. Толькі «Аляксандра»!.. Я кажу: «Зарэгіструеце! І толькі «Алеся», праз «а»! Гразіўся ім, што ў адваротным выпадку пайду да пракурора. Там сядзеў афіцэр у цывільным, які папёр на мяне. Я на яго цыкнуў. Кажу, сваю дачку, як захочаш, будзеш называць, а мне зарэгіструйце Алесю. Потым, дарэчы, высветлілася, што ў Дамашэвіча дзяўчынка была Аляксандра. І мая Алеся сталася ці не першай у Мінску.

— Дык, а сам вы хто па нацыянальнасці: польскі праваслаўны беларус?

— Паляшук! То бок, цяпер я беларус, але нарадзіўся як паляшук, хоць і грамадзянін Польшчы. Пры перапісе я пазначыў, што я беларус, але мая родная мова — заходнепалеская. Іншыя мовы, якія ведаю, напісаў — беларуская, руская, польская, нямецкая, латышская…

— А на заходнепалескую мову вы што-небудзь перакладалі?

— Трошкі перакладаў. У «Фердыдурцы» Вітальда Гамбровіча ёсць дыялогі, дзе героі гавораць на палескай мове, крыху апалячанай — у тых мясцінах якраз адбываюцца дзеянні. Там я ўжо адвёў душу. Так гаварылі ў нас у Смаляніцы.

«Немцы збівалі бацькоў, цкавалі сабакамі, а пасля расстралялі…»

— Дык тады, калі вы прачнуліся адзін у хаце, вы пабачылі немцаў?

— Якраз тады іх не было ў пакоі. Але я адразу зразумеў, што гэта немцы. Ведаў ужо, што гэта такое. Яшчэ зімою немцы дапытвалі нас у хаце. Мама сядзела за кроснамі ткала, я сядзеў злева ад яе. Яна кідала чаўнок, а я кідаў яго абратна. На кухні білі бацьку. Адзін немец увайшоў у пакой, прыставіў маме пісталет да галавы. Пачаў нешта пытаць. Яна адказвае — бо ўмела гаварыць па-нямецку. Скончыла Пружанскую гімназію — ведала польскую, нямецкую, рускую, ідыш. Я не разумеў, што немец пытае, што мама адказвае. Потым ён прыставіў пісталет да мае галавы, зноў у яе нешта пытаў. Раптам на кухні ляснуў стрэл. Мы скалыхнуліся. Немец пайшоў туды і больш да нас не вяртаўся. А там застрэлілі сабаку Мэру. Такі вялікі рыжы паляўнічы сабака быў. Бацька ж працаваў лесніком, быў і паляўнічым. Выцягнулі Мэру на двор. І Мэра, праўда, праз дзень ажыла, хоць ёй куля пайшла ў лоб. Яна нічога не разумела, была як дурная, не слухалася каманд. Пажыла яшчэ з месяц і памерла. А другі сабачка, Вятка, маленькі такі, выскачыў з хаты і ўцёк. Немцы застрэлілі яго ўжо ў Смаляніцы. Немцы чамусьці ўсіх сабак білі. Мабыць, таму, што сабакі ўсчынялі вялікі брэх, як толькі тыя заходзілі ў вёску.

— Як вы, шасцігадовы, выбраліся тады з хаты?

— Калі ў хаце пацішэла, я хоп! з-пад гэтай коўдры — і пад ложак. І сядзеў там трое сутак у забыцці, спаў, прачынаўся. Бо яны ўсіх нашых забралі, а самі размясціліся ў нашай хаце, зрабілі засаду на партызан. За гэта маіх бацькоў і схапілі — бо падазравалі ў дапамозе партызанам. Некалькі дзён я толькі бачыў нямецкія боты, якія праходзілі міма ложка, пад якім я сядзеў. Чуў нямецкі гергет. А пасярэдзіне пакоя яны склалі «стажок» з гранат — з драўнымі ручкамі такія. Потым яны, як я зразумеў, абстралялі патрызан у лесе-то бок, выканалі задачу свае засады. Нашу хату вырашылі разабраць і перавезці ў вёску пад камендатуру. Бо хата была новая, вялікая, на тры пакоі — у сяле такіх не было, а бацька-ляснік мог сабе дазволіць. А ў вёсцы жыла мая цётка Ганна, бацькава сястра. Туды вывезлі бацькоў, і, калі іх вялі па вуліцы, мама паспела крыкнуць цётцы, што «Вася ў хаце застаўся». Немцы пагналі сялян з вёскі перад разборкай хаты перавезці на падводах усю маёмасць. Туды напрасілася дапамагаць і мая цётка Ганна. Яна і выкалупала мяне з-пад ложка, забрала. З хаты знялі дахоўку, ажно нехта з’явіўся са Смаляніцы з новым загадам: перадумалі перавозіць, паліце ўсё к чорту. Так наша новая хата згарэла на маіх вачах. Камандаваў гэтым немец па прозвішчы Люман. Усю вайну я жыў у цёткі, не ведаў, што з бацькамі. Яна супакойвала, казала, што ёй снілася маці, што яна жывая.

— Як даведаліся праўду?

— Што з бацькамі нешта страшнае, я зразумеў адразу. Ад усяго гэтага ў мяне пачалася хвароба — нетрыманне. Ні вялікага, ні малога. Цётка вадзіла мяне да шаптух. Памятаю, як шаптуха макала хлебны мякіш у гаршчочак з цёплай вадой і вадзіла ім па маім жываце, шэпчучы пры гэтым малітвы. Дапамагло! Але пасля я захварэў на крываўку — дызентэрыю. Ад гэтага памерла ўнучка цёткі, а я вычухаўся. Паўтара месяца цётка варыла мне рэдзенькае проса, больш нічога я есці не мог. Пад канец не было і надзеі, што я выжыву — у мяне выпала кішка. Як панчоха — звісала сантыметраў на 20. Я помню, за сталом сабраўся «кансілюм» — цётка, другая цётка, суседка, яшчэ адна суседка. У выніку суседка Сёмуха Арына абматала нечым такім палец, змазала і мне гэтую кішачку ўправіла. І яна больш не выпадала, і да гэтага часу не выпадае! Гэта быў апошні ратунак, што маглі гэтыя бабы прыдумаць — засунуць кішку абратна! Я выкараскаўся, а ў сяле памерла чалавек трыццаць. Кожны дзень я бачыў, як за акном неслі новы крыж — некага зноў хавалі.

— Як вы даведаліся праўду пра лёс бацькоў?

— У Пружане ў турме сядзела жанчына, якая прыехала ў госці з Масквы, і вайна яе захапіла тут. Немцы яе ў выніку выпусцілі. Яна сядзела ў адной камеры з маёй мамай. Распавяла, як маму моцна білі, цкавалі сабакамі — сабака адарваў ёй цыцку… Пасля іх з бацькам вывезлі ў Слабудку і расстралялі ў агульнай яме. Усяго немцы знішчылі там 5000 чалавек.

— У вас, мабыць, ужо пыталіся пра гэта. Немцы знішчылі вашых бацькоў. А вы пасля гэтага ўсё жыццё перакладалі з нямецкае мовы…

— Разумееце, гэта была мова, якую ведала, на якой магла размаўляць мая мама…

— Шырокаму чытачу Васіль Сёмуха вядомы найперш як перакладчык Бібліі і «Фаўста». Потым ужо ідуць Шылер, Гейнэ, Ман, Гофман, Грымельсгаўзэн, Ніцшэ, Брэхт, Гесэ, Рыльке, Зюскінд, Міцкевіч, Славацкі, Тувім, Сыракомля, Райніс, Чакс… А што вы самі лічыце сваім галоўным перакладам?

— Гэта невялічкі зборнічак паэзіі Візмы Бэлшавіцы, латышскай паэткі, маёй сучасніцы. Практычна равесніцы — яна з 1931 года, я з 1936, розніца невялікая, гэта маё пакаленне. Я з вялікай любоўю яе перакладаў і з ёю кансультаваўся. У мяне захоўваецца 73 лісты ад яе… Гэты пераклад беларусы не заўважылі. Беларусы — людзі іншай ментальнасці. А яна — латышская інтэлігентка. Латышы жылі ў Савецкім Саюзе, ненавідзячы гэты саюз. І яна, яе паэзія мне паказвала, чаму і за што. Тое самае было і ў мяне, гэта самае адчуваў і я. У нас было поўнае ўзаемаразуменне.

— Але ж у вас гэта была пасіўная нянавісць, вы не былі дысідэнтам?

— Не быў. Але я стараўся, наколькі можна, быць незалежным, ніколі не быў ні ў якіх партыях. Праўда, быў у піянерах, у камсамоле. Тады я быў малы і дурны — а цяпер я стары і дурны (усміхаецца). Візма перадала ў сваіх вершах дух гэтага інтэлігентнага супраціву.

— Біблію вы перакладалі 14 гадоў. Няўжо гэты адзін зборнічак паэзіі перацягнуў, пераважыў такую працу?

— Пераважыў. Бо я Біблію перакладаў для людзей, а Візму — для сябе. Я хацеў, каб Біблію чыталі беларусы. Бо беларусы не хочуць па-беларуску чытаць, ім рускую падавай. Аднак я разумеў, што сінадальны пераклад даўно састарэў!

— «Іжэ есі на небесі» — нічога не зразумець! А вашая Біблія чытаецца як захапляльная кніга! Аднак ці не думаеце вы, што мэта сінадальнага перакладу — каб было «прыдыханне ад неразумення»?

— Мая цётка Ганна так і малілася: «Ойча наш, ежу ясі на небясі… Хлеб наш насушаны дай нам есці…» Я пытаўся: «Цётка, што ты мелеш?..» І чуў: «Так трэба!» Яны па-свойму разумелі — трэба, каб есці было! А тое неразуменне, за якое ўчапілася руская царква — яна хоча быць пасярэднікам між чалавекам і Богам. На тварах некаторых святароў так і чытаецца: «Я табе растлумачу, што гэта такое». А ты адкуль ведаеш, ты што, Бога бачыў? Паслухайце гэтых царкоўнікаў: яны ж усё ведаюць, што Богу наўме!

«Мой пераклад Бібліі не прызнаюць, але карыстаюцца ім!..»

— Вам закідвалі тое, што Біблію павінен перакладаць святар, манах, а не вы, філолаг. Ваш пераклад можна назваць рэлігійным?

— Безумоўна! А Скарына — ягоны пераклад рэлігійны ці не? Ён не быў святаром ці манахам. Гэта пытанне я задаваў кіраўнікам нашай праваслаўнай царквы. Адказваюць: «Мы шануем гэта, гэта вялікі культурны ўнёсак». Але яны яго не прызнаюць, бо гэта перакладаў не манах, не царкоўнік.

— І вы ж ведалі ў пачатку працы, што будуць праблемы з прызнаннем перакладу?

— Мне гэты пераклад замовіў у свой час уладыка Філарэт. Пачатак 1990-х, прыйшла незалежнасць, пачалася беларусізацыя — і царква захацела мець Біблію па-беларуску. Стварылі Біблійную камісію, запрасілі мяне, я згадзіўся. Ім быў патрэбен філолаг, перакладчык. Што можа непісьменны манах перакласці? Маліся не маліся — калі ты не філолаг, нічога не будзе. Светлай памяці ксёндз Чарняўскі з Вішнева пад Валожынам перакладаў Біблію. І маліўся, і пасціў — але яго пераклад недасканалы!.. Бо ён ведаў мову сваёй Валожыншчыны, як я — сваёй Смаляніцы…

— Аднак ягоны пераклад прызнаюць больш шырока…

— Прызнаюць ягоны, а карыстаюцца маім! Я вось слухаў набажэнствы на адны Каляды, на другія. І праваслаўныя, і каталікі карыстаюцца маім перакладам! Толькі замяняюць «Ісуса» на «Езуса», «Гасподзь» на «Пан» і гэтак далей. Адаптуюць кожны сам сабе. Але я бяру ў рукі Біблію — і бачу, што гэта мой пераклад!.. Тады, калі была створана Біблійная камісія, найперш я пераклаў Евангелле ад Мацьвея. Камісія прымала пераклад — галасавалі. Сталі галасаваць, як перакласці «благодать». У мяне перакладзена «мілата Божая», бо «благо» — гэта па-нашаму бяда, зло. А «мілата» — Бог любіць усіх! «Благодать» — гэта «даць дабро». А што такое дабро? Я задаваў гэтае пытанне многім святарам. І ў кожнага быў свой «спіс дабра», якое дае Бог. У выніку яны там нешта галасавалі, прынялі Мацьвея ў сваёй рэдакцыі, замянілі многія словы і выдалі кнігу, нават не пазначыўшы маё прозвішча. Каму толькі ні падзякавалі — здаецца, нават прыбіральшчыцам, якія прыбіраюць фабрыку каляровага друку. Толькі ніводнага слова не знайшлося пазначыць, што гэта перакладаў Сёмуха. Я зразумеў, што так працаваць нельга, што і без іх упраўлюся — тым больш, ужо ўвайшоў, уцягнуўся ў працу… У выніку мой пераклад прынялі на службу таксама беларускія ўніяты. Падтрымалі пратэстанты. А нашыя каталікі не могуць яго прыняць, бо я праваслаўны. Але карыстаюцца — я гэта ведаю.

«На допыце Караткевіч уратаваў мяне, адвёўшы падазрэнне…»

— Давайце вернемся ў ранейшы за пераклад Бібліі час, калі вас выгналі з выдавецтва. Што там былі за падзеі?

— Яны былі вельмі складаныя, я пра гэта ніколі не казаў і зараз падрабязна казаць не хачу. Тады за мяне ўзялося маскоўскае КГБ, калі я быў яшчэ студэнтам старэйшых курсаў (рамана-германскае аддзяленне філфака МГУ. — Аўт.). Я ім, аказваецца, падыходзіў па іх параметрах — сірата, якога дзяржава выпеставала, вылізала, у людзі вывела. І я павінен дзяржаве быць удзячны ў такой форме: мусіў сачыць за студэнтамі. Я адмовіўся, мяне выкінулі з інтэрната. Некалькі дзён начаваў у метро, а тады там узбунтаваліся студэнты, мяне вярнулі і больш не чапалі. Толькі я прыехаў у Мінск — за мяне зноў узяліся (падзеі адбываліся ў пачатку 1960-х гадоў. — Аўт.). Давялося адбрыквацца. Тады мяне Караткевіч і ратаваў, я яму ўдзячны за гэта. Падрабязнасцяў я нікому не расказваў, апроч Караткевіча.

— А як вас Караткевіч ратаваў?

— У Рагачове — хаваў мяне цэлае лета ў дзедавай хаце. Якраз тое лета 1964 года, калі Валодзя напісаў там «Ладдзю Роспачы». У гэтай жа хаце ён напісаў «Чазенію», часткова «Каласы пад сярпом тваім», часткова «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»…

— Ад чаго канкрэтна вы хаваліся — вас маглі арыштаваць?..

— Я хацеў проста, каб ад мяне адчапіліся.

— На той час, калі вы хаваліся ў Караткевіча, ён ужо быў вашым блізкім сябрам?

— Так. Мы сышліся, бо я быў ягоным рэдактарам. Па-другое, я быў знаёмы з акадэмічнымі хлопцамі, якіх пасля трэслі — Алесь Каўрус, Сцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Уладзімір Караткевіч, Валянцін Рабкевіч… Я быў толькі, відаць, на дзвюх сустрэчах-выпіўках гэтай кампаніі. І калі ўсіх накрылі, Валодзя Караткевіч на допыце казаў, што я туды ніколі не ўваходзіў, што я — новы чалавек, што яны толькі прыглядаліся да мяне.

— Што гэта былі за сходкі, што за арганізацыя?

— Ніякай арганізацыі, гэта былі людзі з Акадэміі навук, з выдавецтва, вольныя інтэлігенты. Часам гэта называюць «акадэмічны асяродак». Там абмяркоўваліся пытанні беларусізацыі. І нас вырашылі выкрыць-разграміць. Выкрывалі ў друку, з прозвішчамі. Звольнілі некаторых з працы, запалохвалі.

— І вас тады ж з выдавецтва звольнілі?

— Пазней.

— І таксама цягалі на допыты?

— Ні разу. Бо Караткевіч сказаў ім, што я ні пры чым.

— А як вы трапілі на гэтыя сходкі?

— Я пазнаёміўся ў тралейбусе са Сцяпанам Міско. Ён пачуў, што я размаўляю па-беларуску — і падышоў. Высветлілася, што мы аднадумцы.

— Калі вас звольнілі з выдавецтва, вы пайшлі працаваць на трактарны завод?

— Так, працаваў там два гады ў сектары інфармацыі, перакладаў з нямецкай мовы тэхнічную дакументацыю. Паралельна выкладаў нямецкую мову ў школе — у восемдзесят восьмай, у трынаццатай, у сотай.

— А чаму вас ўзялі на працу на завод ды ў школу, калі перад тым публічна цкавалі?

— У тым і рэч, што асабіста мяне не цкавалі — дзякуючы Караткевічу ды іншым хлопцам, якія адвялі ад мяне падазрэнне. Таму мяне — каб перастрахавацца — выгналі з выдавецтва, але ўказання не браць на працу, відаць, не было, таму я і змог уладкавацца. Потым мяне зноў прынялі ў выдавецтва — у выніку я працаваў там агулам 40 гадоў. І за гэты час не выслужыўся вышэй за рэдактара. Гэта была мая мяжа. Памятаеце анекдот — што Карл Маркс эканаміст, а цётка Роза вышэй — яна старшы эканаміст. Так і я — быў старшым рэдактарам у выдавецтве. Пасля, калі памёр Рабкевіч, мяне прызначылі на яго месца, загадчыкам рэдакцыі перакладаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Але дзесьці праз паўгода раптам прысылаюць загадчыкам Барыса Сачанку. Я пытаюся, чаму так. «А мы вас не прызначалі». Як жа не прызначалі, калі вось, загад быў, я сам знаёміўся з ім і падпісваў! Але мяне паніжаюць да старшага рэдактара. Раз так — я зноў буду простым рэдактарам! Быў рэдактарам — і буду рэдактарам.

— Не прыкра цяпер, што ўсё жыццё былі на нізкай пасадзе, не былі вялікім начальнікам?

— Мяне гэта ніколі не бянтэжыла, бо я ўсё жыццё працаваў не на пасадах, а працаваў перакладчыкам. Я быў у сферы свайго інтарэсу — рабіў тое, што люблю.

— Як вам было рэдагаваць свайго сябра Караткевіча — ягоныя ўласныя тэксты і пераклады?

— Я пакідаў апошняе слова за аўтарам. Мая справа была паказаць і даказаць, што гэта кепска. І Караткевіч гэта выдатна разумеў — калі я даваў лепшы варыянт, ён яго прымаў.

— Аднак вы прыгадвалі, што Караткевіч быў эмацыйны, што тычылася рэдактуры.

— Эмацыйны! Ён мог сказаць: пасадзіце гэтага Сёмуху на прыпечак ракам і ўстаўце яму трубачкай у с…ку ягоную рэдактуру. Але гэта — імпульс! На другі дзень мы ўжо ў абдымку рагочам!

— Як сталася, што Караткевіч стаў хросным бацькам вашай дачкі Алесі?

— Я проста прапанаваў яму — і ён адразу згадзіўся. Алеся ганарыцца гэтым! Сам хрост быў асаблівы. Час быў такі, што ў царкву не панясеш хрысціць дзіця. Божа барані! Дзіця маё хрысцілі ў Пружанах і запісалі хросным бацькам Валодзю Караткевіча, хоць на руках яе тады перад святаром у яго на кватэры трымаў зусім іншы чалавек, муж маёй пляменніцы.

— Я ведаю, што хоць вы ўсё жыццё перакладаеце з нямецкай мовы, але былі ў Нямеччыне толькі адзін раз. Чаму?

— Бо мяне не выпускалі. Гэта было тайнае, ціхае цкаванне.

— А за тое, што перакладаеце з нямецкай, не цкавалі?

— Не, адно пусцілі пагалоску: а чаго гэта ўсе немцы, якіх ты перакладаеш, аказваюцца яўрэямі? Каб яны адчапіліся, я пераклаў ім Карла Маркса!.. Юнацкія вершы, дзе ён несамастойны паэт, дзе выразна відаць, якіх нямецкіх паэтаў ён перапявае, запазычвае. Як і ўсе мы ў паэзіі кагосьці можам пераймаць.

— Дык калі была вашая адзіная паездка ў Нямеччыну?

— Гэта быў ужо 2002 год. Дзеці мае ўжо даўно да таго часу аб’ехалі ўсю Еўропу, а я сядзеў. Я спрабаваў і раней, аж аднойчы мяне знялі з цягніка на мяжы ў Гродне. Пачалі пытацца, ці ведаю я таго, гэтага. Потым кажуць: вам нельга ехаць. Гэта было на самым пачатку 1990-х. Да 2002 года я не спрабаваў. А даехаў туды нарэшце з Валодзем Папковічам, які працаваў у нямецка-беларускім таварыстве дружбы ў Вецлары. Там ведалі пра мае пераклады, запрасілі мяне. Мы паехалі на аўтобусе, без аніякіх праблем. Там мяне пасялілі на кватэры ў гаспадароў, вельмі добрых людзей. Вадзілі на экскурсіі, паказвалі славутыя мясціны, вазілі па гётэўскіх мясцінах у Ваймар, Франкфурт, Майнц, Гановер…

— Вашыя ўяўленні пра гётэўскія мясціны супалі з рэчаіснасцю?

— Так, бо я шмат бачыў іх на здымках, шмат ведаю пра іх. Мяне ўразілі рэчы, якіх не адчуеш са здымкаў. Каб вы ведалі, на якім ложку спаў Гётэ ў Ваймары!.. Цвярдзей не бывае! Паехалі ў Франкфурт, дзе дом-музей Гётэ. Перад гэтым пайшлі перакусіць у кавярню ў цэнтры. Лета, гарачыня, жнівень, вокны адчыненыя, на вокнах стаяць вазоны з кветкамі. Мы селі пры акне, я — спінаю да яго. Торбачка мая з грашыма і дакументамі вісіць на спінцы крэсла. Сядзім, балясы точым, ямо. Паабедалі, цяпер хадзем у музей Гётэ. Ну хадзем. Хап — а торбы маёй няма! Туды, сюды — няма мае торбы! Глядзім — а яе роўна з акна, прасунуўшы ціхенька руку між вазонамі, відаць, нехта скраў… Мы звярнуліся ў паліцыю… Карацей, нічога не знайшлі, нічога мне не вярнулі. Мае спадарожнікі апраўдваліся: «Ведаеце, гэта дакладна не немец скраў, сюды ж у Франкфурт, фінансавы цэнтр, усякая набрыдзь з усяго свету збіраецца!..» Які мне ўжо быў дом-музей Гётэ, калі я пасярод Заходняй Еўропы стаю, як дурань голы, без дакументаў і грошай!.. Немцы звазілі мяне ў Бон у беларускае пасольства — так я яшчэ і Бон пабачыў. Там мяне прымаў нейкі палкоўнік, які ў беларускім пасольстве па-беларуску гаварыць не ўмеў… Кажу, дайце мне дакумент які, каб я дадому вярнуўся! Гавораць: а мы ж не ведаем, хто вы такі. Я ім назваў кучу народу ў Мінску, хто можа пацвердзіць… Карацей, каля тыдня мне паперку давалі. У выніку я тры лішніх дні прабыў у Нямеччыне, атрымаў часовае пасведчанне, дзе было напісана, што «белорусское посольство и власти Германии просят пограничные службы оказать содействие в возвращении этого гражданина по указанному адресу». Я паехаў дамоў у Мінск. У Польшчы дачапіўся нейкі кантралёр у цягніку: гэта не пашпарт, я вас не прапушчу ехаць далей! Сварыліся з ім, сварыліся. Ён пачаў адкрыта вымагаць хабар. У выніку я яму кажу: ок, высаджвайце мяне на наступнай станцыі, я выходжу пасярод горада перад вашай мэрыяй і сядаю на брук. Мяне забяруць у паліцыю — я ім раскажу, што здарылася. І вы мне аплаціце і дарогу да Мінска, і знаходжанне ў вашай Польшчы. Гэта падзейнічала. Ён зразумеў, што на лапу не атрымае — і адчапіўся.

— Калі вы выкладалі ў нас у ліцэі, то казалі, што словы перакладаюцца словамі, а вобразы — вобразамі. Ці сталі перакладзеныя вамі аўтары хоць трошкі беларусамі?

— Я думаю, так.

— Таму ў вашым перакладзе «Фаўста» больш радкоў, чым у арыгінале Гётэ?

— Там не так і шмат — дзесьці 110 радкоў на 14 тысяч. Палова ці больш з іх — доўгі радок, які я сек папалам, бо не ўлазіў. Адсябечыны там няма. Бывае так, што чатыры слоўцы па-нямецку — а іх не скажаш чатырма беларускімі, цэлы сказ доўгі атрымліваецца. Калі дакладным быць, трэба мінімум два радкі запоўніць. Альбо выйдзе абрубак, які не будзе адпавядаць тэксту.

— Спадар Васіль, перакладаючы ўсё жыццё іншых, вы ахвяравалі сваёй творчасцю?

— Я рэалізаваўся як творца!

— Аднак гэта ж усё адно творы Гётэ, Ніцшэ, Бэлшавіцы!..

— Гэта — творы Сёмухі! Бо я пераклаў тыя творы, якія хацеў бы сам напісаць. Калі б я пісаў штосьці, я б хацеў так напісаць. Я так думаю. Чаму мне найбольш дарагая Візма Бэлшавіца? Калі б я пісаў свае вершы — я пісаў бы іх пра тое самае! Але гэта яна рабіла — а я так не ўмею. Я так мыслю, але напісаць так я не ўмею. А што я ўмею? Я ўмею сказаць гэта чытачам вершамі Візмы.

0
mikola ramanau / Адказаць
20.01.2011 / 16:48
Zdarouja Vam !
0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
20.01.2011 / 16:59
А дарма дзядзько Васіль зь Ясэнца кажэ, шчо беларусы не заўважылі пераклад вершаў Візмы Бэлшавіцы. Мо не пісалі - так. Але каб пісаці пра пераклады, трэба ведаці мову арыгіналу. Чытаючы ж пераклады, мы разумелі паганскую, спракаветную іх падаснову, глебу. Пра тэе мы гаманілі з Алесем Разанавым, пра тэе я казаў і дзядзьку Васілю, і ён згадзіўся зы мною. Кніжка Візмы стаіць у мяне на паліцы побач з томам Цыпрыяна Норвіда Pisma wierszem i prozą. Думаю, належнэе суседзтво.
0
kamockaja / Адказаць
20.01.2011 / 17:10
Шчырыя віншаваньні!!! Здароў'я, аптымізму Вам! Новых перакладаў і кніжак! Кася і Віктар
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру