НЕТРЫ

Здароў, зямляк! Ды ну, кінь дурное, вылазь з кута! Зашыўся як сабака пабіты… Катаваць цябе ўжо няма патрэбы, а расстрэльваць заўтра будуць, я не па тое прыйшоў. Давай-давай, смялей. Хочацца і мне з кім культурным пабалакаць, адпачыць ад гэтых неандэртальцаў.

Ды не, ты што, я нармалёвы пацан. Ну, дакладней, быў некалі, ды і застаўся. Ты не глядзі, што жыву ў лесе з гэтымі аблезлымі партызанамі, я ж некалі ўнівер скончыў. Ага, скончыў, амаль з чырвоным дыпломам, а мяне запхнулі ў вашывую вёску сярод дрыгвы вучыць тузін дзетак, якім гэта навука нафіг не патрэбная…

Ну добра, досыць пра мяне, а ты што за птах? Грыбнік? А, журавінаў закарцела пашукаць у нашых балотах? Так, знаёмая гісторыя, і мне некалі таксама закарцела… А мо ты і сапраўды фашысцкі шпіён? Ну-ну, жартую. Гэта я жартую, а яны…

Што з табой будзе? Ды што звычайна. Расстраляюць. Ну, яны гэта так называюць. Насамрэч патроны тут вельмі берагуць — яны ўжо амаль семдзесят гадоў не мелі дапамогі з Вялікай Зямлі, ды і трафейных даўно няма — адкуль яны ў грыбнікоў? Расстрэл — гэта калі вас завядуць на капішча Сталіна (бачыў, за той зямлянкай, дзе вас судзілі?), пакладуць галавой на пень і цюкнуць сякераю. І ўся справа. Клім — хлапец здаровы, з аднаго ўдару аддзяляе душу ад цела. Кажуць, раней вешалі на дрэве, на грудзі — шыльду: «Я прадаўся гідры імперыялізму, фашызму, трацкізму, займаўся шпіянажам, дыверсіямі і сабатажам супраць савецкай улады». Нешта такога кшталту. Але дрэва тое паваліла бураю, дык пачалі галовы сячы. Вось гэта шоу дык шоу — нячаста тут можна пазабаўляцца, няма ж у лесе тэлека з трылерамі.

Так, вас усіх разам, і дзеўку вашу, як яе… Марыну таксама. Ну чаму адразу нелюдзі? Сама вінаватая. Яна дзеўка відная, усё пры ёй, і мордачка сімпатычная. Нашто ж таварыша камісара трэба было ў твар біць, ды яшчэ і па іншых далікатных месцах? Ну, дала б яму, што ён хацеў, карона не звалілася б, затое пражыла б яшчэ год-другі, а мо і больш.

Што? Дапамагчы? Фашысцкім шпіёнам? Каб я, савецкі партызан, народны мсцівец… Ды ніколі!

Чаго надзьмуўся як мыш на крупы? Ды ты не перажывай. Усё роўна некалі трэба паміраць. Усе цяпер як паміраюць? Шэра і бяздарна. Ну, рак з’есць ці яшчэ якая халера, ну, на машыне разаб’ешся, а як пашанцуе — на самалёце, тады хоць у навінах скажуць. А табе такі шанец выпаў! У найлепшых традыцыях Галівуда! Ці, на крайняк, «Беларусьфільма». Ты толькі зірні збоку! Партызанскі атрад, які нейкім цудам пратрымаўся ў палескіх пушчах і балотах з самай вайны, палон, ты ім ні слова не сказаў, нягледзячы на ўсе катаванні, — і цябе забіваюць. А ты горда ідзеш на смерць, насвістваючы «Хорст Весэль» і ў апошні момант крычыш: «Хайль Гітлер! Дойчлянд убер алес!» ці яшчэ што пафаснае. Прыгожа, га? Як у кіно!

Так, сапраўды, гэта партызанскі атрад. Імя Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна, Вялікага Правадыра, Бацькі ўсіх народаў, Карыфея ўсіх навук, бла-бла-бла, ты ведаеш. Утвораны 23 траўня 1942 года. Не, дзетка, гэта не канчаткова з’ехаўшыя рэканструктары, усё па-сапраўднаму. Канечне, тут ветэранаў не засталося, гэта ўжо трэцяе пакаленне народных мсціўцаў. А яны ўсё мсцяць. Не, шчыра кажучы, яны ўвесь час сядзяць у дрыгве і больш думаюць пра пракорм, чым пра баявыя дзеянні. Але, на жаль для цябе, яшчэ тое-сёе помняць. Таварыш камісар не дазваляе забыцца. Ён у іх як жрэц: даглядае капішча Сталіна, капішча Палітбюро, Ленінскі Куток, адпраўляе рытуалы — святы, пахаванні, вянчанні, хрэсьбіны, а галоўнае — увесь час усім прамывае мазгі, ад камандзіра да немаўлятак. Маўляў,«сацыялістычная Айчына ў небяспецы!», «мы ў вогненным кальцы!», «усё для перамогі!» ды іншая такая муць. Таму і жывуць тут усе такія напружаныя, чакаюць, што зараз вораг наваліцца, моляцца Сталіну і Леніну, каб абнёс. Ужо гадоў семдзесят, як абносяць. Але пільнасць перш за ўсё. Вось і ловяць фашысцкіх агентаў, як прышлых, так і сваіх.

Скажаш яшчэ, канечне, не ведаюць, што вайна скончылася, а то сталі б яны сядзець тут у зямлянках. Адкуль жа ім дазнацца — з лесу ніхто не выходзіць. Усе навіны звонку — зводкі Інфармбюро, якія сачыняе камісар. А ён, скажу табе, той яшчэ пісака, проста Саюз пісьменнікаў у адной фуражцы. У апошняй зводцы — пра поспехі Чырвонай Арміі на Ямальскім фронце і гераічны подзвіг радавога Чукчына, які накіраваў сваю палаючую сабачую запрэжку ў калону варожай тэхнікі. Чытаць тут умеюць слабавата, так што я галоўны чытач і гарачы прыхільнік камісарскіх шэдэўраў… Пазаўчора на судзе твой гэты сябрук усё крычаў «Вайна скончаная! Мы перамаглі! Вас падманваюць!». Ды хто паверыць фашысцкаму шпіёну?

Быў адзін выпадак гадоў пяць таму. Адзін хлопец пайшоў на паляванне, заблукаў у лесе і, відаць, выйшаў да нейкай вёскі. Яму б, дурню, там і застацца, а ён хутчэй кінуўся назад, ізноў заблукаў, тыдзень ў балоце карэннем харчаваўся. Прылятае ў лагер, брудны, абадраны, шчаслівы, з крыкам: «Ура! Перамога!». Але камісар хуценька яго згроб — і ў сваю зямлянку. Назаўтра, пасля задушэўнай начной размовы з удзелам камісара і Кліма, небарака прызнаўся і ў здрадзе, і ў фашысцкай вярбоўцы ды яшчэ папрасіў самага жорсткага пакарання. У якім яму, канечне, не адмовілі.

Але ёсць тут адзін, што ўсё ведае. Таварыш камісар. У яго мазгоў больш, чым ва ўсяго атрада разам. Скажу табе па сакрэце (а вы, жмурыкі, іх берагчы ўмееце), у яго ў зямлянцы ў скрыні ад патронаў ёсць маленькі радыёпрыёмнік, пару нумароў «Playboy» і яшчэ тое-сеё з маленькіх радасцяў цывілізацыі. Думаеш, чаго мяне тут пакінулі? Пашкадавалі шпіёна, які ад усяго сэрца раскаяўся? Камісару быў патрэбен праваднік для яго вылазак у нармальны свет. Любіць гад пашыкаваць. Бачыў бы ты, як яго калоціць, калі да сельмага дарвецца! Ажно давіцца якімі «Снікерсамі» з «кока-колай»! Як на баб ды дзевак вясковых пяліцца! А што, сытыя, здаровыя, часам нават прыстойна апранутыя ды нафарбаваныя — дзе такое ў лесе пабачыш. А раз неяк я яго звазіў у райцэнтр. Во была камедыя! Я думаў, такое толькі ў фільмах пра падарожжы ў часе бывае. А што ты хочаш, ён жа ў гэтым халерным лесе нарадзіўся і вырас. І бацька яго з маці. Як і ўсе астатнія.

А я дазнаўся, як так атрымалася, што гэты атрад усё яшчэ змагаецца з гітлераўцамі. Што, цікава? Пра гэта тут ніхто не кажа, ніхто не помніць, мо нават сам камісар вельмі цьмяна ўяўляе. Для гэтых партызан такое жыццё — норма. Адзіная магчымая ў іх свеце. Іншага яны проста не ведаюць. А я дазнаўся. Параспытаў, падумаў, разнюхаў… Атрымалася вось што. Вясною 1943 года ў гэты лес была закінутая група інструктараў з НКВД. Яны стварылі з мясцовых жыхароў партызанскі атрад. Гэта было няцяжка, бо немцы ўжо паказаліся ва ўсёй красе, ды яшчэ пачалі карныя акцыі. У атрад збягаліся сяляне са спаленых вёсак. Уяві, якія з іх ваякі: напалоханыя, часта хворыя, таму партызанам было не да баёў. А тут яшчэ іх карнікі аблажылі, ды не паліцаі якія, а кадравыя часткі, мо нават і СС. Вось нашы партызаны і пачалі адыходзіць усё глыбей і глыбей у пушчу і дрыгву, аж пакуль немцам не надакучыла за імі гнацца праз гэтае камарынае царства. І тут трэба ж было камісару атрада неяк дазнацца, што ў родным НКВД на яго справу шыюць. Чым ён праштрафіўся, дзе і калі — не ведаю, цьмяная гісторыя, але тады для расстрэлу шмат не трэба было. І вось гэты камісар вынаходзіць геніяльны план. Не ведаю, як у яго атрымалася, але ён абрывае ўсе сувязі з вонкавым светам. Думаю, перапалоханым калгаснікам не надта і карцела лезці ў пекла, яны толькі радыя былі адседзецца ў непраходных гушчарах. Такім чынам, той хітры камісар замест расстрэлу атрымаў абсалютную ўладу ў гэтым згубленым сусвеціку.

Так і заселі яны ў гэтых гушчарах. Не ведаю, ці дазнаўся той камісар пра перамогу… Відаць, дазнаўся, але ні з кім гэтым не падзяліўся — усё ж вольнае палескае балота лепшае за лагерную магаданскую тайгу. А тым часам тут жыццё наладзілася, дзеці пайшлі. Старыя паміралі, а маладыя ўжо і не памяталі іншага жыцця. Так, нейкія паданні засталіся. І савецкі агітпрап у іх дрымучых паганскіх галовах так пераплавіўся, аж жах! Ты ж сам бачыў. І заўтра яшчэ пабачыш… Стары камісар, як адчуў, што хутка і яго час пайсці да Маркса і Энгельса, перадаў свой сакрэт сыну, бацьку нашага. Той яго добра збярог. І ягоны сынок беражэ.

Ды і на халеру ім тая перамога? Тут у іх першабытнае племя. Амаль што светлая камуністычная будучыня. Ну, выйдуць яны з лесу — і што? Што ім рабіць? У звярынец падацца? «А ў гэтым вальеры, дзеткі, савецкія партызаны. Не, яны не кусаюцца. Не, не трэба іх карміць!» Яны ж да нашага капіталізму гатовыя менш, чым ветэраны-партыйцы ў дзевяноста першым. Ды што капіталізм — яны ж і ў сапраўдны сарцір схадзіць не змогуць! А так усім лепш. І ім, і мне.

Мне гэта нашто? Жартуеш? Кім я быў там — і хто я тут! Там мяне дробныя засранцы пасылалі матам, а грошай хапала хіба на «ролтан» з гарбатай… Нават дзеўкі вясковыя за мяне ісці не хацелі — ім гарадскіх падавай! І гэта за пяць гадоў універсітэта і амаль чырвоны дыплом! Што б з мяне атрымалася? Спіўся б, як і ўсе. А тут я вялікі чалавек, правая рука камісара, нават камандзір атрада, калі вітаецца, шапку здымае. Ем небагата, але найлепшае, што ёсць ў атрадзе. Усе бабы мае, якую захачу. А галоўнае, я тут улада: захачу забіць — заб’ю, захачу ўзнагародзіць — узнагароджу. Ну, пасля камісара, канечне… Што зноў так глядзіш, вочкі вылупіў? З фашысцкімі дыверсантамі я не цырымонюся. Не надта хочацца раптам да іх далучыцца.

Ведаеш, як я ўсё гэта атрымаў? Думаеш, само з неба звалілася? Не, я гэта заслужыў, нават заваяваў. Як той казаў, крывёю і потам. Раскажу табе, мо прыдасца, як галава варыць.

А трапіў я сюды зусім як ты. Закарцела маёй Машцы ў журавіны… Не, Машка — гэта жонка мая. Тады год быў, як пажаніліся. Відаць, сапраўдная дурніца, раз пайшла за настаўніка. Казала, што кахае… Усё роўна дурніца. Дык вось, закарцела ёй у ягады. Яна ўжо цяжарная была, другі месяц, сам ведаеш, калі чаго ім захочацца… А журавіны ў нашых мясцінах меліяратары павыводзілі. Таму Коля, брат яе, нас сюды павёз. Кажа, шыкоўныя мясціны! Я не аматар па купінах скакаць, але ягад столькі было, што і я захапіўся. Раптам расхінаю нейкі хмызняк, а там — барадатая морда. І нажом у мяне тыркае: «хендэхох!» Пакуль я уцямліваў што ды як, другі мяне ззаду па купале дубінаю ляснуў.

Ачухаўся я ў нейкай мокрай нары, побач жонка і шурын, звязаныя, як і я. Машка адразу да мяне: божачкі, як ты, што з табой зрабілі… А пасля нас дапытвалі. Ты ўжо сам ведаеш, які маразм гэты допыт. І на халеру ён? Можа, традыцыя такая. А хутчэй камісару гэта проста падабаецца. Асабліва катаванні. Што ж ты хочаш — дзіця прыроды…

Дык вось, я ж разумным аказаўся. Нездарма універ канчаў. Я тады неяк хутка зарыентаваўся і першым жа допыце адразу заявіў, што ўсё прызнаю, раскайваюся і гатовы адкупіць сваю віну шчырым служэннем савецкай уладзе. І асабіста дарагому таварышу камісару. Той гэтага не чакаў. Помню, ажно рот раскрыў, а пасля так нясмела перапытаў: «Што, і адпірацца не будзеш? Зусім-зусім?» — «Зусім-зусім», — радасна пагадзіўся я. Я сапсаваў адну яго гульню, але ён прыдумаў новую. І мае паслугі спатрэбіліся савецкай уладзе.

А што Машка… Я ж кажу, дурніца. І Коля яе. Іх катавалі, яны адпіраліся, іх зноў катавалі. Ну, і ўрэшце ва ўсім прызналіся. Маўляў, заслалі іх сюды атручваць калодзежы, губіць быдла і партыйных работнікаў і ліхтарыкамі сігналізаваць «юнкерсам». Клім тады яшчэ толькі пачынаў кар’еру, але ўжо бачна было — талент!

Дык вось, значыць, «расстрэл» гэты іхні. Ідала Сталіна ад імху абчысцілі, калоду свежую прыцягнулі. Усе збегліся, і клікаць не трэба. І, значыць, цягне Клім Машку маю. Ну, цягне, бо яна ледзь клыпала, ступні ж ёй таго, малатком… І пальцы. Твар ажно чорны, і вока адно, правае, выцекла. Яна ўжо мо і не разумела ні халеры. Дык пра што гэта я? А, Клім, значыць, згрузіў яе на калоду, валасы з шыі адкінуў, сякерай пакручвае… Шоумэн, блін, хто яго толькі вучыў… А гэтыя ўсе такія шчаслівыя, ажно радасці поўныя штаны. Клім навыдурняўся, ужо замахваецца, зараз секане, а тут камісар. «Стой!» — кажа і ў мяне пальцам тыкае: «Раскаяўся, значыць? Ідзі ты сячы!» Так што Кліму аблом, а мне…

«Што-што…», пытаеш яшчэ. Каб не паслухаўся, то тут бы не стаяў. Ведаеш, як у кіно ці як хто ўмелы сячэ, то так проста выглядае, а калі сам… А яна яшчэ глядзела. Яна ж нічога не разумела ўжо, нічога, але глядзела… Я біў, біў, біў, а яна глядзела. І як адсек, таксама глядзела.

Слухай, ты, разумнік, якое нахер каханне, якое нахер дзіця… Мяне б таксама з ёй… а мо і горш. А Колю я з трэцяга ўдару апрыходаваў. Ён гэта, крычаў страшна, сука, але я з ім хутка…

Так што як заўтра табе прапануюць канчаць тваю бабу з тым чуваком — згаджайся, мо і выжывеш. Што «не-не-не», ах, якія мы сумленненькія ды чысцюткія… Анёльчык! Бачыў я вас, анёльчыкаў… Як жыць ахвота, дык такое творыце! Так што башкою думай. Застанешся, дык хоць будзе мне з кім словам перакінуцца. Бабу табе новую знойдзем, мо крыху нямытую і без розных там манікюраў-педзікюраў, але ж не гэта ў іх галоўнае. Эх, зажывем мы з табою, братэла, як у Маркса за пазухай!

Слухай, зірні ў шчыліну, за сцяной нікога няма? Няма? Дакладна? Упэўнены? А мо і праўда, ну іх, гэных дзікуноў… Валіць трэба адсюль. Даўно падумваю. Сядзіш тут, чакаеш, пакуль вошы заядуць ці камісар не з той нагі ўстане і аддасць мяне Кліму на апеку. Валіць нафіг! Там канапа, тэлевізар, лазня, шмоткі нармальныя. Эх, тэлевізар! Як жа я сумую па ім, ні па чым столькі, як па ім… Ляжаш на канапу, пультам шчоўкнеш, ён табе падміргне і паказвае што хочаш. Захачу — навіны, захачу — футбол, захачу — на фільм які пераключу, а захочацца — дык і парнуху па відзіку ўрублю. Нават рэклама — як я сумую па рэкламе! Некалі так злавала, а цяпер хоць бы вочкам адным зірнуць…

А ну, зірні яшчэ раз, ці не швэндаецца там хто. Нікога? Што, хочаш дахаты? Слухай сюды, уважліва. Я магу цябе вывесці з лагеру. Ціха! А яшчэ я ведаю, як прайсці да ракі. Вакол дрыгва, але есць сцяжынка. Там у схованцы — човен. На ім мы з камісарам плаваем у цывілізацыю развеяцца, я табе расказваў. А ну сядзь! Я ўсё магу!

А вось гэта не. Тваіх сяброў мне не вывесці. Па-першае, ахоўнік там не з маіх хлопцаў. Па-другое, човен разлічаны толькі на дваіх. Усё, цыц, тут без варыянтаў. Толькі ты і я. Дык ты са мной?

Думай хутчэй! Зараз пачнуць прачынацца, тут рана ўстаюць! Мне што, цябе праз лагер сярод белага дня весці? Сумленне грызе? Ці ўсё ж жыць больш ахвота? Ды як жа гэта ты кінеш сваю каханую! Рамэа так бы не зрабіў, га? Ды яшчэ і сябра кідаеш! Так робяць толькі дрэнныя хлопчыкі. А сякерай па шыі хочаш? Ужо ўяўляў сабе, як галава аддзяляецца ад цела? Клім падыме, бывала, галаву за валасы, а яна вачыма лыпае ды рот раскрывае… Ну, ты мне яшчэ прытомнасць страць, як якая паненка далікатная. Не хочаш — як хочаш, я пайшоў…

Ух ты! Цс-с-с! Ану пусці нагу! Пусці, каму сказаў! І харэ скавытаць! Дык, значыць, валіш? І усіх кідаеш? І бабла мне за гэта адсыплеш, як выберамся? Колькі скажу? А кватэру ў горадзе купіш? «Угу, угу…» А вось хрэна табе! Хрэна! Што, анёльчык, абламаў я твае крыльцы? Што, сука, ты ў нас чысценькі? Жыць хочацца? Толькі хрэна табе! Ты здохнеш заўтра, а я палюбуюся на гэта. І буду жыць далей! І бачыць толькі ружовыя сны!

Ну-ну, усё, падурэлі і хопіць. Люблю я з вамі, жмурыкамі, пабалакаць. Смешныя вы. І ўсе аднолькавыя. А мне што? Мне ж толькі крыху пабавіцца. Сам разумееш, нячаста тут можна пазабаўляцца, няма ж у лесе тэлека. Ладненька, мне яшчэ да твайго сябрука схадзіць. І да дзеўкі. Цікава, што мне яна прапануе за вызваленне, як думаеш? Ды ладна табе, супакойся. Расслабляйся і атрымлівай задавальненне. Ну, да раніцы! Прыемна было пагутарыць. Можа, яшчэ пабачымся. Дзе? У пекле, дзе ж яшчэ…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?