Малюнак Сяргея Харэўскага

Корэ Блютген — самы пасьпяховы дзіцячы пісьменьнік Даніі. Народы так званага «трэцяга сьвету» — ягоная слабасьць. Корэ прынцыпова жыве ў мультыкультурным раёне Капэнгагену Норэбро, а ягоныя дзеці ходзяць у мясцовую школу, дзе сядзяць за аднымі партамі зь дзецьмі эмігрантаў. Неяк Корэ прыйшла ў галаву ідэя выдаць кніжку, у якой дацкім дзецям распавядалася б пра гісторыю ісламу. А які малы будзе чытаць кніжку без карцінак? Пісьменьнік пачаў шукаць ілюстратара, аднак беспасьпяхова: ніводзін мастак не згаджаўся маляваць прарока Мухамада. Нікому не хацелася паўтарыць сумны лёс галяндзкага рэжысэра Тэа ван Гога, якога зарэзаў рэлігійны фанатык за крытыку ісламскага фундамэнталізму.

Дачуўшыся пра гэта, Флемінг Розэ, рэдактар аддзелу культуры вядучай дацкай штодзённай газэты «Юландс-Постэн», вырашыў праверыць, наколькі моцна ўкараніліся страх і самацэнзура ў дацкім грамадзтве. Ён папрасіў 40 вядучых карыкатурыстаў даслаць у газэту малюнкі з выявай прарока Мухамада. Адгукнуліся дванаццаць. 30 верасьня іх творы былі зьмешчаныя ў газэце пад загалоўкам «Твар Мухамада».

Тыдзень ніякай рэакцыі на публікацыю не было. І толькі калі дацкія журналісты самі зьвярнуліся па камэнтар да мясцовых імамаў, карыкатуры былі прызнаныя «абразьлівымі для мусульманаў усяго сьвету». Рэй перахапіў лідэр адной з найбуйнейшых мусульманскіх рэлігійных грамадаў Даніі імам Ахмэд Абу Лабан. Ён арганізаваў дэманстрацыю пратэсту ў Капэнгагене ды зрабіў турнэ па ісламскіх краінах, каб зьвярнуць іх увагу да дацкіх «антыісламістаў».

Папулісцкая крайне правая Дацкая народная партыя выкарыстала зручны момант, каб агулам запісаць дацкіх мусульманаў у «здраднікаў краіны». Канфлікт пачаў граць на руку тым, хто не жадае бачыць мусульманаў паўнавартаснымі датчанамі. Гэта адносіцца і да самога Абу Лабана, які сьцьвярджае, што мусульманін ніколі ня можа быць сапраўдным грамадзянінам сьвецкай заходнеэўрапейскай краіны. Далей скандал пакаціўся як воз з гары. Прадмет спрэчкі, самі карыкатуры, пачалі адыходзіць на другі плян.

Бязглуздая сатыра

«Карыкатуры — дрэнь», — піша «Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг». Тут можна пагадзіцца часткова. Карыкатуры розныя. Ёсьць сярод іх і банальныя карцінкі-памфлеты накшталт барадача з бомбай замест турбана, ёсьць і карыкатуры не бяз гумару накшталт прарока, які не пускае ў неба тэрарыстаў-сьмяротнікаў са словамі: «У нас цнатлівак на ўсіх вас ужо не хапае!» Але аб’ядноўвае малюнкі адно: сэнсавая памылка.

Чаму карыкатурысты скіравалі свае алоўкі супраць прарока Мухамада? Няўжо яны, прагрэсіўныя эўрапейцы, лічаць, што тэрарызм сыходзіць з самой прыроды ісламу? Хто дае бомбы сьмяротнікам — Мухамад ці тыя, хто выкарыстоўваюць яго імя і ідэі ў сваіх пачварных мэтах? Дык чаму тады бомбу замест чалмы апранулі прароку, а ня бэн Ладэну? Памяняй рэдактар загаловак з «твар Мухамада» на «твар ісламскага фундамэнталізму», не палалі б цяпер дацкія пасольствы.

Публікацыя малюнкаў мела на мэце паказаць свабоду эўрапейскага грамадзтва ад забабонаў, а насамрэч выявіла, наколькі гэтае грамадзтва павязанае стэрэатыпамі. Што ні карыкатура — то чалма, барада ды крывая шабля. Дык вось як інтэлектуалы ўяўляюць сабе твар сучаснага ісламу! Няшмат зьмянілася з часоў сярэднявечча... Не карыкатуры — а лубкі для вэтэранаў крыжовых паходаў. Праўда, карыкатуры на габрэяў у арабскіх газэтах мала чым розьняцца ад «штурмэраўскіх» улётак-агітак гітлераўскіх часоў — тыя ж крывыя насы ды золата, што сыплецца з кішэняў.

А можа, малюнкі надрукавалі, проста каб давесьці сваю сьмеласьць, здатнасьць казаць, што заўгодна, у тым ліку пра іслам? Але такая свабода слова падобная да свабоды спраўляць малую патрэбу на вуліцы. Гэта эгаістычная, пустая свабода слова. Такая свабода не ўзвышае эўрапейскую ідэю — яна робіць яе пасьмешышчам. Гэта свабода без мазгоў і сэрца — таму яна мала чаго вартая. Высьмейваць таго, хто выкарыстоўвае імя Мухамада ў злачынных мэтах — адзнака сьмеласьці. Высьмейваць Мухамада — нізасьць.

Фундамэнталісты, але не мусульмане

Самае дзіўнае, што самі мусульмане (прынамсі тыя, хто бяруцца прамаўляць на ўвесь сьвет ад іх імя) гэтай хібы карыкатураў не заўважаюць. Яны не шукаюць схаваных сэнсаў, а б’юць у лоб: вы стварылі выяву прарока! «Чаму вы ўспрымаеце карыкатуры менавіта ў такім вузкім сэнсе? — спытаецца эўрапеец. — Ці не прымітыўны такі літаральны падыход? Чаму вы лічыце, што гэта канкрэтныя выявы самога прарока, а не абстрактныя сымбалі радыкалізму?» Але эўрапейская культура прадукуе найперш пытаньні, усходняя — найперш адказы. Простыя і адназначныя. Напісана «твар Мухамада» — значыцца гэта і ёсьць твар прарока. Намаляваў — расплачвайся.

17 міністраў унутраных справаў краінаў, дзе іслам ёсьць галоўнай рэлігіяй, склалі калектыўнае патрабаваньне да дацкага ўраду і каралеўскай сям’і перапрасіць і пакараць рэдактара газэты (хочацца верыць, што мелася на ўвазе звольніць, а не закідаць каменьнямі). Гэтым яны выявілі сваё глыбіннае неразуменьне дачыненьняў паміж дзяржавай і прэсай у Заходняй Эўропе. Яны зьмерылі Данію сваёй меркай. Гэта ў Ярданіі (якая, дарэчы, лічыцца прагрэсіўнай у пытаньнях свабоды прэсы) саджаюць журналістаў на некалькі месяцаў у турму толькі за тое, што яны крытыкуюць урад. Дый самі газэты там належаць асобам, блізкім да каралеўскай сям’і.

Гэта, дарэчы, не выключае надзвычайных здарэньняў: Джыгад Мамані, галоўны рэдактар штотыднёвай ярданскай газэты «Шыхан», асьмеліўся перадрукаваць сумнавядомыя дацкія карыкатуры. Ягоны камэнтар: «Хто ганьбіць іслам больш? Замежнік, які стварае выяву прарока, ці мусульманін, які апранае пояс шагіда ды ўзрывае сябе на вясельлі ў Ярданіі?» Рэдактара звольнілі. А варта было б задумацца над ягонымі словамі.

Зрэшты, звольнены рэдактар папрасіў дараваць. Але не ў людзей — у Алага. А яшчэ выказаў зьдзіўленьне, чаму мусульманскі сьвет дагэтуль ня можа пачуць таго, што дацкі ўрад ды газэтчыкі ўрэшце перапрасілі-такі.

Ня можа ці ня хоча? Ад наведніка мячэту ў бэрлінскім раёне Тэмпэльхоф неяк давялося чуць такую гісторыю. Малады турак, які эміграваў у Нямеччыну, задумаў ажаніцца з маладой немкай. Але запатрабаваў ад жонкі, каб тая прыняла іслам. Яна згадзілася, але ня проста прыняла веру, а пачала ўнікаць у яе сутнасьць. Праз год яна падала на развод. Чаму? Бо, паглядзеўшы на мужа, яна зразумела, што жыве ён зусім не па прынцыпах ісламу. Выйшла, што яна — мусульманка — грашыць, бо жыве ў шлюбе зь няверным. Такім чынам, тое, што ты паводзіш сябе як фундамэнталіст, яшчэ ня значыць, што ты добры мусульманін. А калі ты пагражаеш сьмерцю іншаму, хутчэй за ўсё, ты не мусульманін зусім.

Хрысьціянскі погляд

Дыспут з ісламам вядзецца найперш са сьвецкіх пазыцыяў. А як мусіць рэагаваць на карыкатуры хрысьціянін? Думаецца, што адмоўна. Па першае, «не судзіце». У тым ліку і іншаверцаў. Па другое, «ня ўводзь у спакусу», а менавіта гэта і зрабілі карыкатурысты, справакаваўшы выхад на паверхню найгоршага, што ёсьць у ісламскім сьвеце. Па-трэцяе, «па справах іх пазнаеце іх». Надта ўжо горкі плён прынесла праца дацкіх карыкатурыстаў. На пацьвярджэньне гэтаму, Ватыкан ужо асудзіў зьяўленьне карыкатураў як абразу пачуцьцяў вернікаў.

Эўрапейца ня зьдзівіш «жанатым Ісусам» ад Дэна Браўна, экранізаванай «Апошняй спакусай Хрыста» ды ўкрыжаванай лялькай Барбі. Абураюцца многія, вось толькі рэагуюць яны на гэта па-іншаму. Найчасьцей — словам на слова. Ці ігнараваньнем. Хрысьціянская (як, зрэшты, і эўрапейская) культура — культура свабоды выбару. Не падабаецца — не глядзі, не чытай, ня слухай. У пэўным сэнсе менавіта такія правакацыйна-спакусьлівыя зьявы і робяць магчымым выбар, які надае веры сапраўдную вартасьць. У ісламскіх краінах усё па-іншаму. Вось толькі што на гэта больш уплывае — іслам ці традыцыі ўсходняй дэспатыі?

Карыкатуры памерлі

Пратэсты ды падпалы амбасадаў у арабскіх краінах ня дужа падобныя да цалкам спантаннага народнага рушэньня. Кіраваць натоўпам немагчыма, але яго можна накіроўваць — што, з усяго відаць, умела робяць радыкальныя духоўныя лідэры. Антыдацкія дэманстрацыі ў Іране праходзяць пад дзяжурнымі лёзунгамі «сьмерць Амэрыцы» ды «сьмерць Ізраілю», распаўсюджваюцца дзікія чуткі пра тое, што дацкі ўрад патаемна рыхтуе выданьне «фальшывага Карану». Эўрапейцам нават немагчыма са спакойным сэрцам перапрасіць — надта ўжо падобна гэта да ўклячваньня перад тымі, для каго вера — найперш улада. Голасу памяркоўных мусульманаў проста ня чутна — яны зрабіліся закладнікамі гарлапанаў-радыкалаў.

Бясспрэчна, карыкатурысты зрабілі глупства. Але за яго ім пагражаюць сьмерцю. Каб ясьней адчуць гэтае пячорнае дзікунства, перанясём сытуацыю на беларускую глебу. Уявіце сабе, што «НН» вырашыла перадрукаваць дацкія карыкатуры. Што далей? Андрэй Дынько ў сьпісе сьмертнікаў? Думаеце, нерэальна? Глябалізацыя, не забываймася. Усе адной вяроўкай зьвязаныя. Тым больш дзівіць пазыцыя нямецкай асацыяцыі журналістаў, якая пасьпяшалася асудзіць газэтчыкаў у той момант, калі яны пачалі атрымліваць лісты з пагрозамі ды фота, на якіх выяўленыя абгарэлыя трупы.

Аднак друкаваць карыкатуры на знак салідарнасьці ўжо занадта позна. Калі малюнкі зьмясьціла на сваіх старонках дацкая газэта, гэта была спроба паказаць: мы не баімся. Нягеглая спроба, калі казаць шчыра. Калі ў студзені карыкатуры перадрукавалі іншыя эўрапейскія газэты, гэта была ўжо праява журналісцкай салідарнасьці — і зьмест карыкатураў тут адышоў на другі плян. Цяпер жа на другі плян адышла і сама салідарнасьць — уперад выступіла палітыка. А мэдыі не павінны рабіць палітыку. Яны павінны несьці слова. Таму карыкатуры нельга друкаваць, бо іх папросту больш не існуе — яны ператварыліся ў палітычны сымбаль. Але прынцыпова салідарызавацца з тымі, хто іх зьмясьціў, трэба, бо журналіст мае права на памылку, а яшчэ ён мае права не расплачвацца за гэтую памылку сваім жыцьцём.

Галоўная выснова: даўні канфлікт паміж дзьвюма культурамі выразіўся ў канфлікце паміж дзьвюма бескультур’ямі, увасобленымі ў недалёкіх карыкатурыстах і сьляпых рэлігійных фанатыках. Мы напісалі брыдкае слова на дзьвярах суседа, а ён пагнаўся за намі зь сякерай. Камунікацыя паміж Захадам ды Ўсходам дагэтуль знаходзіцца на ўзроўні камуналкі.

Дарэчы, кніжку сваю Корэ Блютген ўсё-такі выдаў. Выданьне шыкоўнае. Вось толькі імя мастака-ілюстратара ў ім вырашылі не пазначаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0